Беларусам нагадалі пра іх правы

У Міжнародны дзень правоў чалавека актывісты грамадзянскай кампаніі “Еўрапейская Беларусь” правялі акцыю, прысвечаную правам чалавека.

Маладыя людзі трымалі ў руках аркушы паперы, на кожным з якіх быў надрукаваны адзін з артыкулаў Усеагульнай дэкларацыі правоў чалавека. Іншыя раздавалі мінакам брашуры Усеагульнай дэкларацыі правоў чалавека, якая была прынята 61 год таму.

Адзін з удзельнікаў акцыі, Уладзімір Лемеш, які быў нядаўна выкрадзены спецслужбамі, адзначыў:

“Мы засяродзілі ўвагу на асобных артыкулах Дэкларацыі, бо іх парушэнне зараз з’яўляецца найбольш вострай праблемай для грамадзянскай супольнасці Беларусі. Да прыкладу, выкраданне дэмакратычных актывістаў, адмова ў рэгістрацыі палітычных партыяў і грамадскіх аб’яднанняў, адміністрацыйныя і крымінальныя спагнанні з дэмакратычных актывістаў, выключэнне з універсітэту за актыўную грамадскую пазіцыю. Гэтыя дзеянні беларускіх улад парушаюць правы, абвешчаныя ў Дэкларацыі, на аснове якой пісалася і Канстытуцыя Рэспублікі Беларусь. Неабходнасць падпісання гэтага дакумента была выкліканая катастрофамі Другой сусветнай вайны. Дэкларацыя правоў чалавека – гэта вялікая мара чалавецтва пра справядлівы свет. Хочацца, каб людзі разумелі, што правы чалавека не нешта абстрактнае, а тое, што ўплывае на нашае штодзённае жыццё,” – сказаў Уладзімір Лемеш.