Трымайце свой «Дах»!


13:19 2.09.2009


Bookmark and Share


Прыйшло свята і на вуліцу беларускага нефармату. 25 жніўня ў мінскім Палацы мастацтваў распачаўся самы вялікі ў гісторыі Беларусі міжнародны арт-фестываль нетрадыцыйнага мастацтва “Дах-9”, які працягнецца да 20 верасня.


У беларускіх прыхільнікаў «чаго-небудзь асаблівага» ёсць выдатная магчымасць правесці першы восеньскі месяц у шыкоўнай кампаніі мастакоў, перформераў, музыкаў, тэатралаў і вулічных майстроў. Усяго ў фестывалі возьмуць удзел каля 150 творцаў з адзінаццаці краінаў свету.


Арганізатарамі дзевятага праекту «Дах» з’яўляюцца мастак Алесь Родзін і перформер Зміцер Юркевіч разам з Беларускім саюзам мастакоў. Гэта абменны праект з легендарным берлінскім кунстхаўсам «Тахелес», які сёння справядліва лічыцца мастацкім сімвалам Берліну. Некалі гэта быў звычайны будынак на сем паверхаў, які пасля Другой сусветнай вайны апынуўся закінутым і пуставаў амаль да 1980-х гадоў, пакуль безнагляднае дабро не прыдбалі мастакі-альтэрнатыўшчыкі. Яны арганізавалі там сквот-камуну, дзе шчасліва жылі ды займаліся творчасцю. Як ні дзіўна, іх ініцыятыва знайшла водгук ва ўладаў. Сквот легалізавалі, і ў хуткім часе «Тахелес» стаў увасабленнем свабоднага еўрапейскага мастацтва.


Рэпутацыя разняволенасці, правакацыі, незалежнасці, несумнеўна, не магла пакінуць беларускіх творцаў абыякавымі. Таму не дзіва, што першы «Дах» прайшоў менавіта ў «Тахелесе». У 2001 годзе беларускія мастакі Алесь Тарановіч ды Ігар Ермакоў зладзілі там выставу жывапісу, інсталяцый, прэзентацыю перфомансаў і паэтычныя чытанні, якія сабралі каля 50 айчынных удзельнікаў. Адным з іх быў Алесь Родзін, які пераняў мадэрацыю праектам. У хуткім часе мастак пачаў працаваць у «Тахелесе», дзе пазнаёміўся з творцамі з Японіі, Мексікі, Італіі, Новай Зеландыі, Аўстраліі і г.д., тым самым заклаўшы сувязі для наступных «Дахаў», якія адбываліся то ў Берліне, то ў Мінску (Дом кіно, Музей сучаснага мастацтва).


Сёлетні арт-фестываль — самы вялікі з усіх «Дахаў». Акрамя экспазіцыі пластычных мастацтваў (жывапіс, фатаграфія і скульптура), якая будзе мяняцца кожны тыдзень, гасцей чакаюць штодзённыя канцэрты, выступленні перформераў і тэатральных труп. Зайграюць такія вядомыя калектывы, як «Князь Мышкін», «Джамбібум», «Гаротніца», «Рацыянальная Дыета», «СонцаКветкі», «Гурзуф» ды іншыя. Акцыі і перформансы зладзяць супольнасць IN Touch, «ДСП ды Х» («Дзяржаўная суполка перформансу ды хэпэнiнгу»), «Механеры культуры», «Тэатр псіхічнай неўраўнаважанасці», «Спецбрыгада», Мерэдыс Надлер, Дзмітрый Барысевіч, Дзмітрый Тарасаў ды іншыя. Тэатральных правакацый варта чакаць ад «ІнЖэсту», «Кабарэ Матыльды Штор», «ЦУДу» і «Свабоднага тэатру» з Брэсту. Літаратурную частку прэзентуе выдавецтва «Галіяфы». Зрэшты, арганізатары папярэджваюць, што праграма можа мяняцца.


Цікава, што трапіць на «Дах» можна як за грошы, так і бясплатна. Білет на фестываль нетрадыцыйнага мастацтва каштуе столькі ж, колькі на трывіяльную выставу ў дзяржаўным музеі — 4 000 рублёў. Дадаўшы да гэтага падтрымку Беларускага саюзу мастакоў, цалкам афіцыйнае месца правядзення, а таксама маштабы фестывалю, я задалася пытаннем: дык можа нам варта чакаць, што ў хуткім часе нетрадыцыйнае мастацтва зойме месца кананічнага, і прагляд, скажам, перформансу Канстанціна Мужава зойме пачэснае месца ў пазашкольнай праграме? На гэтае ды іншыя пытанні адказалі арганізатары і ўдзельнікі выставы.


Алесь Родзін, мастак, адзін з арганізатараў «Дах-9»: «Класічнаму мастацтву нічога не пагражае»


— Цяпер даволі шмат праектаў, якія ўсяляк адмяжоўваюцца ад традыцыйнасці. А ці можа стацца так, што ўрэшце нетрадыцыйнае мастацтва «зацісне» класічнае?


— Такога не будзе. Вось я працую ў традыцыйным мастацтве — паглядзіце на некаторыя карціны. І людзі ідуць на мае выставы, гадзінамі глядзяць на творы, цікавяцца, іх хвалюе такое мастацтва. Людзі найперш успрымаюць эмацыйную хвалю і энергетыку, якая ідзе ад твораў, а не тое, наколькі яны ўпісваюцца або не ўпісваюцца ў класічныя каноны.


— Існуе меркаванне, што беларусы — даволі кансерватыўная нацыя. Што скажаце?


— Наадварот. Беларусы ўвесь час ствараюць нешта цікавае. Шагал, Малевіч, Лісіцкі… Гэта найвыбітнейшыя імёны, якія добра ведаюць і ў нас, і на Захадзе. Беларуская мастацкая школа заўсёды была на даволі моцным узроўні. І цяпер я з задавальненнем гляджу на працы нашых мастакоў.


— На выставе прэзентаваны ваш агульны са Змітром Юркевічам праект «Ахвяры мастацтва». Вясной-летам 2008 года ён паспяхова дэбютаваў у Цэнтры сучаснага мастацтва «Тахелес» у Берліне. Распавядзіце пра яго канцэпцыю, калі ласка.


— Тыя асобы, якія выходзяць на шлях мастацтва, каб вызначыцца, што яны будуць рабіць творчага, мусяць ахвяраваць усім. І гэта закон. Ты мусіш забываць пра ўсё — ці то светла, ці то цемна, ці ёсць дах, ці не, ці ёсць грошы, ці няма. Бо спачатку трэба здзейсніць сваю ідэю. Такія творцы часам вельмі нязручныя ў зносінах: закрытыя, непрадказальныя, выбуховыя. Напрыклад, Ван Гог падчас эмацыйнага запалу неяк адрэзаў сабе вуха. Шуман звязваў пальцы, каб яны былі больш пластычнымі… Але толькі забыўшыся на сябе можна стаць вялікім у сваёй справе.


Сяргей Цімохаў, мастак, намеснік старшыні Беларускага саюзу мастакоў па выставачнай дзейнасці: «Саюз мастакоў прыхільна ставіцца да нетрадыцыйнага мастацтва»


— Сяргей, распавядзіце, калі ласка, як Беларускі саюз мастакоў наважыўся ўзяць удзел у такім нетрадыцыйным фестывалі?


— Спадар Алесь Родзін папрасіў даць яму залу для правядзення персанальнай выставы ў суправаджэнні перформансаў, акцый і г.д., распавёў, што хоча запрасіць творцаў з кунстхаўсу «Тахелес». Ітады ў мяне з’явілася ідэя, апроч нямецкіх гасцей, паклікаць і беларускіх перформераў, нетрадыцыйных музыкаў, паэтаў, літаратараў, тэатралаў… Такім чынам, мы дамовіліся правесці фестываль. Нетрадыцыйнае мастацтва — можа быць, гэта не зусім дакладны выраз. У нейкай ступені гэта найперш сінтэз мастацтваў.


— Такім чынам, можна сказаць, што Саюз мастакоў прыхільна ставіцца да мастацтва, якое прадстаўлена на фестывалі «Дах-9»?


— Калі мы праводзім акцыю, то гэта самы галоўны адказ. Саюз мастакоў выклаў вялікія сродкі і ўключыў у планы гэтую выставу дзеля таго, каб мы, апрача вядомых нашых кірункаў і вядомых нашых творцаў, паспрабавалі выявіць нешта новае, калі яно існуе ў прыродзе. Для таго, каб кожны мог знайсці нешта блізкае сэрцу.


— Як адбіралі мастакоў для ўдзелу ў арт-фестывалі?


— Мы разаслалі запрашэнні тым сябрам саюзу, якія, на наш погляд, упісваліся ў экспазіцыю, канцэпцыю гэтай выставы. Удзел пажадалі ўзяць таксама шмат мастакоў па-за саюзам. Зразумела, што давялося зрабіць пэўны адбор, бо месца ўсё ж малавата, таму няхай не крыўдуюць на нас. Тым не менш, падыход да арганізацыі мерапрыемства быў цалкам адкрыты. «Тахелес», у сваю чаргу, прыцягнуў шэраг творцаў з усёй Еўропы. Такім чынам, мы адразу далучылі да сябе кагорту еўрапейскіх мастакоў. Мы прапануем 1 500 м2 для супольнай выставы ў Мінску. У іх няма столькі, яны нам паабяцалі 108 м2. І мы будзем думаць, як годна працытаваць нашае мастацтва там, каб не разліцца ў іхняй мастацкай прасторы, а заявіць пра сябе нейкім чынам своеасабліва. Калі гэта будзе цікава для іх (а для нас ужо цікава), то мы спадзяемся, што будзе працяг гэтай нашай акцыі.


— Ці ёсць сярод працаў выставы вашыя творы?


— Тут можна пабачыць мой твор «Кантата». Ідэя працы заключаецца ў біпалярным успрыняцці свету. Гэта аснова дахрысціянскай філасофіі жыцця, паводле якой ёсць дзень-ноч, мужчына-жанчына, жыццё-смерць, чорнае-белае… Назва «Кантата» —гэта, па сутнасці, гімн жыццю.


Ларыса Фінкельштэйн, сябра Беларускага саюзу мастакоў, арт-дырэктар канцэптуальнай мастацкай галерэі «Брама», куратар выставы «Дах-9»: «Інтэграцыя — агульная тэндэнцыя»


— Якія творы вашай галерэі прэзентаваныя на гэтай выставе і чаму менавіта яны?


— На гэтай выставе прадстаўленыя тры праграмныя працы галерэі «Брама». Гэта своеасаблівы дайджэст таго, што мы маем на сённяшні дзень, бо, каб паказаць усё, не хопіць і двух Палацаў мастацтва (усміхаецца). За 18 гадоў існавання праз «Браму» прайшлі больш як 300 аўтараў і каля 4 000 твораў, у тым ліку такіх вялікіх майстроў ХХ стагоддзя, як Марк Шагал, Роберт Фальк, Ізраіль Басаў і г.д. Нашыя творы на фестывалі «Дах-9» адлюстроўваюць імкненне зняць мяжу між небам і зямлёю. Гэта вельмі добра бачна ў працы маладога мастака Віктара Чулакова — з зямлі падымаецца «Вавілонская вежа». Гэта нейкія ўспаміны — «Лабірынты памяці» — праца са скуры Марыны Бацюковай. Праца Ганны Кліменкі пад назвай «Лесвіцы Якава» — біблейскі сюжэт, лесвіца ў неба, нябесная брама. У Шагала таксама ўсе ляцелі ў неба. Чалавек увесь час прагне ўзняцца над сабою.


— Што вы як мастак і куратар праекту «Дах-9» можаце сказаць пра канцэпцыю фестывалю?


— Калі брама становіцца на пэўнай мяжы, каб яе зняць, то дах — аб’ядноўвае. Інтэграцыя — вось агульная тэндэнцыя сённяшняга часу. Таму «Дах-9» — гэта вельмі важны фестываль, які дазваляе бачыць, што адбываецца ў іншых цэхах, дае магчымасць паглядзець на сябе ў кантэксце еўрапейскага і сусветнага мастацтва.


Зміцер Вішнёў, дырэктар выдавецтва «Галіяфы»: «Рыхтуем літаратурную


бомбу»


— Зміцер, кнігі выдавецтва «Галіяфы» нельга назваць трывіяльнымі. Чаго нам чакаць на фестывалі «Дах-9»?


— У еўрапейскім і сусветным кантэксце нашыя кнігі — гэта якраз традыцыйнае мастацтва. Выдавецтва «Галіяфы» плануе прэзентаваць у межах фестывалю дзевяць выданняў. Імпрэзы распачнуцца 9 верасня скандальнай кнігай Сяргея Календы «Помнік атручаным людзям». Яе прэзентацыя станецца сапраўднай літаратурнай бомбай.






Фота: Дар’я Гарошка.


 

Падпіска:

Enter your email address:

КАЛЯНДАР_:

Каляндар