27-28 жніўня 2011 года ў Вільні адбылася пазачарговая канферэнцыя беларусаў краінаў Балтыі і Беларусі (ФОТА)

Цягам двух дзён у Вільні адбывалася пазачарговая канферэнцыя беларусаў краінаў Балтыі і Беларусі, якую арганізавала і правяло Таварыства беларускай культуры ў Літве.

Сярод гасцей і дэлегатаў былі прадстаўнікі з Беларусі, Латвіі, Польшчы. Гэтым разам па фінансавых праблемах не атрымалася сабраць вялікую колькасць дэлегатаў. Цягам двух дзён у канферэнцыі прыняло ўзел каля 40 чалавек.

У Вільню завіталі: з Польшчы Яўген Вапа, з Латвіі Вячка Целеш, з Беларусі былі Алена Макоўская, Алег Трусаў, Анатоль Астапенка, Генадзь Бураўкін, Уладзімір Хільмановіч, Вячаслаў Сіўчык, Галіна Сіўчык, Вольга Мікалайчык, Леанід Лыч і інш. Мясцовых беларусаў прадстаўлялі: старшыня ТБК і арганізатар канферэнцыі Хведар Нюнька, Артур Яўмен, Алесь Трусаў, Вацлаў Гульбіновіч, Фаіна і Валера Радзюкевічы, Крыстына Балаховіч і Алег Аблажэй, Галіна Лаўрыновіч, Андрусь Старавойтаў і інш.

З літоўскага боку ў канферэнцыі прыняў удзел вядомы праваабаронца Стасіс Каўшыніс. На паседжанні прысутнічала знакамітая журналіст сайта «Хартыя 97» Наталля Радзіна. Ад грамадзянскай кампаніі “Еўрапейская Беларусь” быў Андрэй Бабіцкі.

Працу канферэнцыі распачаў Хведар Нюнька прывітаўшы гасцей і кораценька абвесціўшы аб парадку працы. У выступах, якія прагучалі, у асноўным гучала тэма катастрафічнага стану беларускай мовы ў Рэспубліцы Беларусь і праблемаў па выжыванні і захаванні беларускай нацыі. Як адзначыла Алена Макоўская, за апошнія 10 гадоў у Расеі беларусаў стала менш на поўмільёна. Такая сітуацыя назіраецца і ў іншых краінах. Гэтае змяншэнне адбываецца не па натуральных прычынах (смерць, пераезд у іншую краіну), а за асіміляцыйных працэсаў. І калі такіх працэсаў не спыніць, то хутка беларусаў не застанецца. Думкі, якія выказваліся, умоўна можна падзяліць на дзве часткі: адны лічаць што небяспекі для беларускай мовы няма і яшчэ рана біць аб гэтым трывогу, другія – беларуская мова знікае і яе трэба ратаваць. Таксама падзяліліся думкі і наконт рускамоўных беларусаў. Адны лічаць, што гэта цалкам нармалёвая з’ява і праблемы ў гэтым няма. Іншыя – што гэта надзвычай трывожны працэс, калі знікае мова, знікае і нацыя. Немагчыма пабудаваць дэмакратычную і незалежную Беларусь без беларускай мовы, іначай рана ці позна яна стане часткай Расеі.

Прадстаўнік “Еўрапейскай Беларусі” Андрэй Бабіцкі адзначыў, што такі катастрафічны стан беларускай мовы можна змяніць толькі праз змену ўлады. Сенняшняя ўлада не зацікаулена ў развіцці беларускай культуры. Знішчэнне нацыянальнага сцяга і герба – гэтаму пацвярджэнне. Трэба аб’яднацца і разам перамагчы дыктатуру, каб адрадзіць беларускую культуру. Беларусам Балтыі і ўвогуле беларусам у сенняшнім становішчы ніхто не дапаможа, акрамя іх саміх.

У часе канфэрэнцыі былі выпрацаваныя звароты да сусветнай грамадскасці, Еўрапарламента, да кіруючых інстытуцый Літоўскай Рэспублікі а таксама і да адміністрацыі прэзідэнта Рэспублікі Беларусь. У іх занепакоенасць: катастрафічным станам правоў чалавека ў Беларусі, знішчэннем беларускасці рэжымам Лукашэнкі ў Беларусі. Галоўная задача – звярнуць увагу сусветнай грамадскасці на стан рэчаў, якія адбываюцца ў Беларусі з тым, каб яна дапамагла беларускім дэмакратычным сілам вярнуць Беларусь у сям’ю Еўрапейскіх дзяржаваў.