У Беларусі працягваюцца палітычныя прызывы
Беларускія ўлады працягваюць выкарыстоўваць вайсковую службу ў якасці сродка ціску на дэмакратычных актывістаў.
9 верасня актывіст “Маладога фронту” Яўген Скрабец быў выкліканы ў аб’яднаны ваенакамат, Брэста, каб прайсці медычную камісію.
Раней Цэнтральная гарадская лякарня Брэста паставіла хлопцу дыягназ — захворванне пазваночніка. Аднак нягледзячы на гэта сёлета Скрабца прымусілі прайсці медычнае абследаванне. Тады ж актывіста 2 дні трымалі ў Брэсцкай абласной лякарні міліцыянты і людзі ў цывільным, якія ўвесь час нешта абмяркоўвалі з лекарамі.
Скрабец абскардзіў тое медычнае абследаванне ў Генеральнай, абласной, раённай і міжгарнізоннай пракуратуры. Ён лічыць абследаванне неаб’ектыўным, бо яно праводзілася пад наглядам невядомых. Адказаў з пракуратураў актывіст чакае дагэтуль.
Сёння гаворку са Скрабцом правёў ваенком Ненартовіч. Падчас гаворкаі ваенком сказаў, што “ад яго ў любым выпадку не адчэпяцца”.
Сённяшнюю медычную камісію Скрабец называе дзіўнай, бо яе фактычна не было. Дактары проста паглядзелі выпіску з абследавання, якое адбывалася ў траўні, і накіравалі актывіста да доктара, у якога ён цяпер лечыцца.
Сёння ж Скрабец даведаўся, што па невядомых яму прычынах, яму забаронены выезд за межы Беларусі.