Аляксандра Атрошчанкава перавялі ў працоўны атрад

Аляксандра Атрошчанкава пасля хваробы на грып перавялі ў працоўны атрад, а ў калоніі прэс-сакратара Андрэя Саннікава наведалі бацькі.

Сустрэча праходзіла на выходных з дазволу Мінскага гарадскога суда, што нядаўна пераглядаў справу ў касацыйным парадку, паведамляе Радыё Рацыя.

Сашу з карантыну перавялі ў атрад і ён будзе па-мойму рамантаваць абутак. Саша сказаў, што ў калоніі была нейкая эпідэмія грыпы, ён таксама хварэў, цяпер ужо добра сябе адчувае і не скардзіцца, кажа, што стасункі з усімі ў яго добрыя.

Распавяла жонка Атрошчанкава Дар’я Корсак. Па інфармацыі, якую палітычны вязень перадаў у адным са сваіх апошніх лістоў, 7 траўня ў віцебскай калоніі, дзе ён адбывае пакаранне, адбудзецца “Дзень адчыненых дзвярэй” – сваякі зняволеных змогуць пазнаёміцца з умовамі ўтрымання, паназіраць за працай спецыяльных службаў. Нагадаем, 3 сакавіка бягучага году Аляксандр Атрошчанкаў быў асуджаны на 4 гады пазбаўлення волі за нібыта арганізацыю і ўдзел у масавых беспарадках 19 снежня. Міжнародная праваабарончая арганізацыя Amnesty International адразу прызнала актывіста вязнем сумлення.