Андрэй Саннікаў: Рэферэндум 1996 прывёў да ўзурпацыі ўлады ў Беларусі
Беларускі дыпламат, палітычны і грамадскі дзеяч згадаў падзеі восені 1996 года.
24 лістапада 1996 году адбыўся другі ў гісторыі незалежнай Беларусі рэферэндум, які змяніў Канстытуцыю, зацвердзіў перанос Дня Незалежнасці з 27 сакавіка на 3 ліпеня, захаванне смяротнага пакарання і забарону неабмежаванага продажу зямлі. З перспектывы сённяшняга дня, той рэферэндум трэба назваць дзяржаўным пераваротам, перакананы беларускі дыпламат, палітычны і грамадскі дзеяч, былы палітвязень і былы кандыдат у прэзідэнты Андрэй Саннікаў. Ён згадаў падзеі восені 1996 года ў размове з Польскім радыё.
— Для мяне, бясспрэчна, што гэта быў водападзел для нас. Гэта быў ніякі не рэферэндум, а дзяржаўны пераварот, захоп улады на той час ужо відавочным будучым дыктатарам. Тады было ясна, што будзе далей.
– Напярэдадні рэферэндуму Вы падалі ў адстаўку. Што паўплывала на Ваша рашэнне?
— Ведаеце, я з нікім не раіўся, я падаў у адстаўку за два тыдні да рэферэндуму, каб хоць неяк паўплываць на сітуацыю. Я ведаў, што раней ці пазней сыду з гэтай пасады, але ж хацеў як мага больш зрабіць, каб умацаваць сувязі Беларусі з дэмакратычным светам. У нас былі даволі сурʼёзныя дамоўленасці з заходнімі краінамі, з тымі ядзернымі дзяржавам, якія ўдзельнічалі ў перамовах па раззбраенні. Толькі пасля таго, як я падаў у адстаўку, я даведаўся, што ў адстаўку таксама падаў і прэмʼер-міністр Чыгір, з якім мы былі добра знаёмыя, добра папрацавалі ў папярэднім годзе ў Давосе. Я бачыў, як Міхіал Мікалаевіч карыстаўся павагай, і ўспрымалі яго як адмыслоўца. Даволі нечакана для тых палітыкаў, якія былі ў Давосе, было ўбачыць перад сабой чалавека на высокім прафесійным узроўні, дасведчанага, дзяржаўнага, не горшага за іх. У нас тады склалася цікавая сітуацыя: калі ў іншых краінах прэмʼер сыходзіць, за ім ідзе ўвесь урад, у нас пайшоў толькі Міхаіл Мікалаевіч.
– У момант рэферэндуму ішло супрацьстаянне паміж Вярхоўным Саветам ды Лукашэнкам. Апошняму пагражаў імпічмент за парушэнні Канстытуцыі. Лагодзіць сітуацыю ў Мінск прыехала дэлегацыя з Масквы на чале з тагачасным Старшынём Савету Федэрацыі Ягорам Строевым. Якая была роля Расіі, ці яны былі сапраўды пасярэднікаў, ці гралі на карысць аднаго з бакоў?
— Яны рабілі выгляд, што яны пасярэднікі. Яны бачылі, як перад імі паводзіў сябе Сямён Шарэцкі, які тады быў старшынём Вярхоўнага Савету. Вядома яго фраза — гэта ж сам Строеў прыехаў да мяне. Для яго, як для аграрніка, Строеў быў амаль што Богам. У іх былі свае падыходы, да таго, што чым ёсць у жыцці. Шарэцкі гатовы быў выконваць тое, што раіў Строеў, а той не раіў ісці на канфлікт з Лукашэнкам. Таму што тады паўстала пытанне аб імпічменце Лукашэнку. Яны прыехалі, каб гэтага пазбегнуць. На маю думку, менавіта з іх дапамогай Лукашэнка пазбегнуў імпічменту. Потым усё вельмі хутка пайшло: нелегітымны рэферэндум і здрада Лукашэнкі народу і дзяржаве. Ён жа публічна, казаў, што гэта не будзе мець ніякай прававой моцы, мы проста раімся з народам. Але ж адразу разагнаў Вярхоўны Савет і зрабіў свой кішэнны парламент з паслухмяных людзей і пачаў ужо адлік сваёй дыктатуры.
– Ці можна было зрабіць нешта інакш тады, каб прадухіліць той сцэнар?
— Трэба было бараніць краіну, таму што гэта быў не рэферэндум, гэта была не карэкціроўка палітыкі, а ўзурпацыя ўлады, і не на карысць Беларусі, а, перш за ўсё, на карысць Лукашэнкі і Расіі. То бок, трэба было свядома выходзіць на вуліцы, таму што гэта адзінае, што застаецца ў аўтарытарных і недэмакратычных краінах: стаяць і адстойваць сваю незалежнасць, сваю свабоду.
– Сёння далёка не ўсе памятаюць, што тады адбылося, ці трэба нагадваць пра рэферэндум з далёкага 1996-га года?
— Абавязкова трэба нагадваць, таму што гэта быў адзін з тых момантаў, калі мы маглі змяніць сітуацыю ў краіне. Наступныя моманты былі падчас так званых прэзідэнцкіх выбараў, але абавязкова трэба нагадваць, абавязкова трэба разумець, што ад кожнага з нас залежыць, што будзе адбывацца. Тады была здрада за здрадай, людзі здраджвалі краіне, людзі здраджвалі сваім караням, гісторыі, культуры, і дзеля чаго? Каб падтрымаць дробнага дыктатара Лукашэнку, які потым іх жа і знішчаў і кідаў за краты.
Абавязкова трэба нагадваць, бо заўсёды параза — гэта гісторыя здраднікаў. Калі здраджваюць сабе і дзяржаве, як адбылося з тым жа старшынём Канстытуцыйнага Суда Валерам Ціхінем, які нечакана з’явіўся на сустрэчы з расійскімі палітыкамі. Менавіта тады стала зразумела, што ён перайшоў на бок Лукашэнкі. Тыя ж дэпутаты ведалі, што Лукашэнка не трымае слова. Тым разам ён таксама не выканаў умоваў, якія былі дасягнутыя пры пасярэдніцтве расіян. Гэта тыя крытычныя моманты, калі трэба мабілізоўвацца, дбаць і думаць пра краіну, у якой мы хочам жыць. Абараняць краіну — значыць таксама і бараніць сваіх родных.
Размаўляў Юры Ліхтаровіч
