Данік Саннікаў паехаў адпачываць у Лондан (ФОТА)


15:51 1.08.2011


Bookmark and Share


Паколькі яго тата ў турме, а мама Ірына Халіп невыязная, 4-хгадовага Даніка возяць на адпачынак бабулі і дзядуля.


За час, пакуль бацькі Данькі Саннікава знаходзіліся ў турме і пад следствам, гэты хлапчук стаў сапраўднай зоркай, героем навінаў. За яго лёсам сачылі ўсе — ці не забяруць Даньку ў дзіцячы дом, ці аформяць апякунства на бабулю Люцыну Бяльзацкую, якой ужо за семдзесят? Апякунства аформілі. А потым да Данькі вярнулася мама — Ірына Халіп. Спачатку пад хатні арышт, цяпер яе статус — падпіска аб нявыездзе. Таму ў адпачынак Даньку возяць бабулі і дзядуля. Месяц таму Данік Саннікаў пабываў у Алушце з бацькамі Ірыны, Люцынай Бяльзацкай і Уладзімірам Халіп.



Люцына Бяльзацкая: “Калі мы адпачывалі ў Алушце, нам патэлефанавалі з тэлекампаніі НТВ, што яны хацелі б зрабіць…”.


Данік Саннікаў: “А-а-а-а-а-а-а-а-аааааа!”


Люцына Бяльзацкая: “…што яны хацелі б зрабіць здымкі Даніка, як ён пляскае ў далоні — “далучаецца да акцыі”. Аператар прыехаў, Данік зладзіў сапраўдны канцэрт!.. А потым, калі мы паглядзелі гэтую праграму, ён доўга пытаўся: “Калі будзе працяг?! Я ж там столькі танчыў і пляскаў — чаму так мала паказалі?!”


Дзядуля Данькі, Уладзімір Халіп, кажа, што ўнук цяпер рэгулярна цягне яго ў Парк Горкага катацца на дзіцячых электрамабільчыках, якія ён адкрыў для сябе якраз на адпачынку.



Уладзімір Халіп: “Найперш, мне здаецца, гэта электрамабілі. Ён увогуле розныя машыны любіць — як ніхто! А там электрамабілі былі — дык ён нас увесь час прымушаў у нумар падымацца праз гараж, таму што там яны стаяць…”.


Хоць бабуля і дзядуля ўжо ва ўзросце, няўрымслівы Данька прыносіць ім суцэльную радасць.



Уладзімір Халіп: “Ён проста цудоўны!.. Увогуле, мне здаецца, што гэта мой найлепшы сябра! Гэта дзіця, але ў яго вельмі шырокі кругагляд! Яму ўсё хочацца ведаць: як наш Сусвет уладкаваны, што такое Зямля, якія краіны навокал… З ім вельмі-вельмі цікава, гэта проста дзіўны хлапчук!..”



Ірына Халіп кажа, што цяпер — чарга другой бабулі везці Даніка адпачываць.


Ірына Халіп: “На жаль, я сама не магу з’ездзіць з уласным сынам у адпачынак, таму што я невыязная. Таму цяпер ён са сваёй другой бабуляй, Алай Уладзіміраўнай Саннікавай, едзе ў госці да Ірыны Багданавай, сястры майго мужа Андрэя. Ірына ўжо 20 гадоў жыве непадалёк ад Лондана, яна запрасіла іх у госці. Данік вельмі любіць “даблдэкеры” — гэтыя двухпавярховыя аўтобусы. Ён бачыў іх на карцінках, але ніколі не катаўся. І гэта яго мара — пакатацца на “даблдэкеры”!.. Акрамя таго, ён вельмі любіць прыгоды маленькага цягнічка Томаса. А ў Лондане якраз адбываюцца адмысловыя экскурсіі з Томасам!.. Я думаю, Даніку там будзе цудоўна, Але Уладзіміраўне таксама. Тым больш, што яны якраз сустрэнуць дзень народзінаў Ірыны Багданавай разам. Шкада толькі, што Андрэя не будзе…”.



Тата Данькі, кандыдат у прэзідэнты Андрэй Саннікаў, адбывае 5-гадовае зняволенне ў наваполацкай калоніі. Адтуль ён у лістах піша сыну казкі.


Ірына Халіп: “Вы ведаеце, ён даслаў мне ўжо 26 казак! Гэта не асобныя сюжэты, а прыгоды адных і тых жа персанажаў, маленькіх мышанятаў Пікі і Ціпа, а таксама іх сяброў. У кожнай казцы яны трапляюць у нейкія новыя сітуацыі, з імі адбываюцца розныя прыгоды. Напрыклад, яны вызваляюць свайго сябра з пасткі, у якую ён трапляе. Ці яны змагаюцца з вялікім гнюсным пацуком, якога яны ўсё-ткі выганяюць!..”.



Данік Саннікаў: “Мама, мама, хопіць!.. Я хачу табе адное слова сказаць!..”


Ірына Халіп: “Ну скажы”.


Данік Саннікаў: “Я хачу, каб гэты дзядзька зайшоў да нас у госці!..”.


Данька рады, што мама побач — і чакае, пакуль вернецца “з камандзіроўкі” тата. І толькі сваёй бабулі ён часам прызнаецца ў сваіх страхах.



Люцына Бяльзацкая: “Учора мы ішлі з ім у парк, і ён кажа: “Бабуля, а ты памятаеш, як у адзін дзень мама і тата з’ехалі ў камандзіроўку, і мы засталіся з табой зусім адныя?” Я кажу: “А ты гэта памятаеш?” . Ён адказаў: “Часам памятаю, часам забываюся…”.


 

euroradio.fm

Падпіска:

Enter your email address: