Праваабаронцы: Падтрымаем блогера Алеся Круткіна!

Улады спужаліся актыўнасці блогера.

Полацкі блогер Алесь Круткін быў затрыманы 28 лістапада і на наступны дзень пакараны судом Полацкага раёна 15 суткамі арышту. Яго пакаралі толькі за тое, што ён перапосьціў у сацсетках інфармацыю з заклікам прыйсьці на мітынг падчас выбараў. Віцебскі праваабаронца Леанід Сьвецік заклікае падтрымаць рэпрэсаванага па палітычных матывах актывіста.

«Салідарнасьць – вялікая каштоўнасьць, асабліва ў краінах, дзе ўлады душаць сваіх палітычных апанэнтаў і грамадзянскіх актывістаў. Нашыя спагада і ўзаемадапамога ў значнай ступені дэвальвуюць эфэкт рэпрэсій, нівэлююць страх, рэабілітуюць у вачах грамадзтва апазыцыйна настроеных грамадзян», – піша праваабаронца.

«Таму заклікаю ўсіх неабыякавых людзей неадкладна падтрымаць грамадзкага актывіста і блогера Алеся Круткіна. Ён рэпрэсаваны па палітычных матывах і адбывае пакараньне ў выглядзе арышту тэрмінам на 15 сутак ў ІЧУ пры Полацкім раённым аддзеле міліцыі.

Пішыце яму лісты, дасылайце паштоўкі і тэлеграмы!» – заклікае Леанід Сьвецік.

«Неабходна маральна падтрымаць маладога чалавека, які не баіцца публічна выказваць сваю грамадзянскую пазыцыю, актыўна абараняе права на свабоду атрымліваць і распаўсюджваць важную для грамадзтва інфармацыю», – дадае.

Пішыце на адрас: Круткіну Аляксандру Сяргеевічу, вул. Кастрычніцкая, 60, г. Полацак, 211400, ізалятар часовага ўтрыманьня РАУС Полацкага раёну.
«Віцебская Вясна»