Не дадзім нас знішчыць

Што ж у сённешняй сітуацыі можам зрабіць мы, кожны з нас?

Сёння я хацеў не проста выказацца на тэму пандэміі. Мне хацелася б звярнуцца да людзей з пэўнымі прапановамі, якія могуць дапамагчы нам усім.

Пачнем з таго, што зараз абсалютна кожнаму адэкватнаму чалавеку зразумела, што ўлада ніякім чынам не дапаможа людзям у момант крызісу. Больш за тое, мы бачым, як злачынны рэжым Лукашэнкі спрабуе схаваць рэальныя маштабы пагрозы ад насельніцтва, разменьваючы асабісты хвілінны эканамічны профіт на тысячы магчымых ахвяраў.

Але мой пост зусім не пра тое, якая кепская ўлада. Гэта відавочна. Што ж у такой сітуацыі можам зрабіць мы, кожны з нас?

Давайце будзем слухаць дактароў. Яны кажуць нам мыць рукі часцей, карыстацца антысэптыкам, насіць марлевую павязку і трымаць дыстанцыю пры сваіх сацыяльных кантактах.

Самаізаляцыя – выдатны сродак абароны сябе і сваіх блізкіх. Толькі сыходзячы з вышэй напісанага мы ўжо зразумелі, што вар’ят не жадае прымаць ніякіх мер, а працадаўцы не гатовыя спыняць працу ці змяняць яе фармат і губляць грошы. Аднак цяпер ужо коштам вашага слова, абароны вашай пазіцыі, будзе не штраф ці адсутнасьць прэміі, адміністрацыйныя содні ці нават згубленая праца. Зараз стаўкі высокія як ніколі – вашае жыццё, жыццё вашых блізкіх!

За што яшчэ варта змагацца ў гэтым сьвеце?

Таму патрабуйце працы з дому ці аплочваемых вакацый. Не рабіце гэта паасобку. Вашы калегі і каляжанкі баяцца таксама як і вы, але таксама як і вы не жадаюць сьмерці сваім сваякам.

Вы бухгалтарка на прадпрыемстве? Паразмаўляйце з усім аддзелам. Стаўце перад загадчыкам пытанне рэбрам: магчымасць хаця б часткова працаваць з дома, аплочваемыя вакацыі, захоўванне працоўных месцаў. Інакш вы ўсе разам сыйдзеце на вакацыі бестэрміновыя. Паверце, калі перад бізнэсоўцам стане пытанне згубіць бізнэс ці панесці часовыя страты – страты перамогуць.

Грузчыкі, сваршчыкі, прадаўцы, размаўляйце ў сваіх калектывах, здабівайцеся саступак. Зараз гэтыя саступкі – вашае жыццё!

Злачыннае бяздзеянне і хаванне фактаў ад грамадства хутчэй за ўсё прывядзе да калапсу сістэмы аховы здароўя.

Вашыя суседзі, сябры і сваякі могуць застацца без магчымасці выйсці за ежай, не рызыкуючы здароўем і жыццём, а таксама сам насам са сваімі іньшымі хваробамі, мажліва цяжкімі. Дапамагчы ім не будзе каму, акрамя нас з вамі!

Кожны малады і здаровы можа так ці інакш паўдзельнічаць у тым, каб забяспечыць самыя неабароненыя групы насельніцтва.

Валантэрская дастаўка ежы, лекаў, прадуктаў першай неабходнасці. Гэта можна рэалізоўваць у межах вашага пад’езду, двара ці дома.

Калі адчуваеце здольнасць дапамагчы – можна расклеіць у межах вашага дому аб’явы з адрасам і тэлефонам, па якім можна звяртацца па дапамогу. Бо далёка не ўсе людзі сталага ўзросту карыстаюцца дэвайсамі і сядзяць у сацыяльных сетках. Аднаму будзе складана, таму аб’ядноўвайцесь па месцу жыхарства. Як суседзі, вы хутчэй за ўсё ведаеце адзін аднаго і маеце давер да чалавека, які жывець побач. Таксама гэта справа па сілах, калі не трэба будзе ехаць у іньшы бок гораду, каб дапамагчы чалавеку.

Цэнтралізаванай сістэмы няма, а тая, што ёсьць, магчыма, “ляжа” высілкамі дыктатара. Таму цяпер ваш дом, раён – аўтаномны фарпост супрацьстаяння крызісу.

Не варта зачыняцца ад усяго свету, бо там, дзе мы кінем людзей – заўтра не дапамогуць нам. Таксама гэта толькі дапаможа хваробе і крызісу.

Цяпер салідарнасць і ўзаемадапамога, самаарганізацыя – не нейкія палітычныя патрабаванні ці лозунгі. Гэта неабходнасьць каб выжыць.

У сеціве ўжо ёсьць шэраг ініцыятыў і асобаў, якія спрабуюць самаарганізавацца для дапамогі усім мажлівым ахвярам крызісу, а таксама медыкам. Далучайцеся да іх, наладжвайце сувязь з іньшымі ініцыятывамі, фарміруйце свае. Чым больш нас уключыцца ў гэту працу – тым меньшыя наступствы нас чакаюць.

Палітыка існуючай улады – генацыд насельніцтва Беларусі. Не дадзім нас знішчыць!

Вячаслаў Касінераў