Уладзімір Някляеў: Калі выйдзем усім народам змагацца за Беларусь, мы прачнемся ў новай краіне

Беларускі паэт распавёў, як творчасць абуджае ў беларусах голас грамадзяніна.

Ці напраўду вяршыня свабоды ў Беларусі – стаць кандыдатам у прэзідэнты? Пра тое, як творчасць абуджае ў беларусах голас грамадзяніна насуперак рэпрэсіям, распавядае сённяшні паэт Уладзімір Някляеў, перадае «Радыё Рацыя».

9 ліпеня паэт і кандыдат у прэзідэнты Беларусі 2010 года Уладзімір Някляеў адсвяткаваў свой дзень народзінаў. Як жа прайшоў гэты дзень ва ўмовах каронавірусу ў Беларусі?

Нічога асаблівага. Цяжкавата дыстанцыю вытрымліваць, але ёсць сябры, якія дапамагаюць не толькі працаваць і жыць, але і святкаваць, нягледзячы на вялікія страты сяброўскія пасля 2010 года. Там, дзе ёсць сябры, там і свята.

Я прыехаў са Швецыі, сам добраахвотна самаізаляваўся. У самаізаляцыі пражыў даволі доўгі час. У мяне жыццё вымагае не баяцца смерці. З тымі людзі, пра якіх я ведаю, што гэта людзі адказныя, што яны пры нейкіх сумневах ні з кім не пойдуць на кантакт, я “закантачыў”, яны сталі прыходзіць да мяне, я стаў прыходзіць да іх. Усё адно мы стараліся ўлічваць тыя абставіны, бо сітуацыя па-ранейшаму кепская. Нават па афіцыйных дадзеных штодня памірае каля дзясятка людзей. А кіраўнік краіны заяўляе, што мы каронавірус, гэтую страхотную штуковіну, перамаглі. Ну ён атаясамляе сябе з перамогай у Другой сусветнай вайне, з Савецкім Саюзам, які перамог. Але трэба ўспомніць якім коштам гэтая перамога нам далася. 20 мільёнаў жыццяў. У той час, той бок, які прайграў, страціў на парадак меней. Таму перамагаць можна па-рознаму. Шмат якія краіны зноў вяртаюцца да вельмі істотных абмежаванняў. А мы тут святкуем адну перамогу за другой. Гэта, канешне, абыходзіцца нам дадатковымі ахвярамі, безумоўна.

Калі мы кажам пра сённяшнюю сітуацыю, то днямі ўскалыхнула інтэрнэт песня “Вам” на вашы словы. Якія вашы ўражанні ад музычнага твору?

Хлопцы, якія далучыліся – “Дзецюкі”, “Разбітае сэрца пацана”, яшчэ нехта, яны зрабілі з гэтага верша тое, што трэба было зрабіць. Таму што музыка скіравана на нас і на ўздым мас, на ўздым энергетыкі, таму адпавядае па сутнасці музычнай задачы, якую яны ставілі перад сабой. І сутнасці гэтага верша – гэта чыста публіцыстычны верш, я там нават скарыстаў лексіку, якой звычайна не карыстаюся ў побыце і вершах, але гэтага вымагала тое, пра што я хацеў напісаць. І яны малайцы, а яшчэ малайцы праз тое, што не пабаяліся гэта зрабіць. Увогуле зараз, не праз дзень народзінаў, а праз наша жыццё радуе, што людзі творчыя, якія чвэрць стагоддзя, можна сказаць, маўчалі, зараз займелі голас, і не толькі голас творчы – спевака, музыкі – але і голас грамадзяніна. Украінцы на Майдане паставілі наперадзе сваю творчую сілу – спевакоў, мастакоў, пісьменнікаў. Я паспрабаваў арганізаваць рух за дзяржаўнасць і незалежнасць Беларусі, у якім не было б палітыкаў, а былі б толькі творчыя людзі. Але мне гэта не ўдалося зрабіць. Мы тады яшчэ былі не гатовыя да таго, каб узняць голас супраць дыктатуры, супраць знікнення Беларусі, што адбываецца праз дыктатуру. Але вось прайшло пяць гадоў і гэты голас узнялі. Малайцы! Я ведаю дакладна, што гэта вельмі істотная штука і гэта дасць свае вынікі.

Так, сапраўды, бо гэта голас гучыць, калі ідуць шматлікія затрыманні. У тым ліку затрымалі вашых паплечнікаў па Беларускім Нацыянальным Кангрэсе. Знаходзіцца ў зняволенні Мікола Статкевіч. Што трэба рабіць, каб вызваліць яго і ўсіх астатніх, як вы лічыце?

Што рабіць? Большага, відаць, за тое, што зараз робіцца, што мы ўсе разам робім – звяртаемся і да міжнароднай супольнасці, і да народа беларускага, – зрабіць нельга, бо пры ўсёй эйфарыі, якая ўзнікла месяц таму, на самым пачатку гэтай выбарчай кампаніі, трэба разумець, што народ яшчэ не ўскалыхнуўся. Лукашэнка затыкае гэтыя сацыяльныя дзіркі, дзе пачынае свістаць пара ў катле, дурыць народ гэтымі падачкамі, – інфляцыя 40 даляраў, пенсію паднялі на 10 даляраў, але народ шчаслівы, ён жа бачыць толькі суму, вось у яго было 200 рублёў, а цяпер 210, значыць, ён бачыць, што праяўляецца клопат. Так што ўскалыхнуць народ, так як спрабаваў ускалыхнуць Казулін, павёўшы некалі пратэстантаў да турмы на Акрэсціна палітзняволеных вызваляць, не выпадае. Неабходнай колькасці народа на сённяшні дзень за табой, калі ты яго павядзеш, не пойдзе, гэта значыць – павесці людзей пад дубінкі. Так што больш актыўна проста праводзіць гэтую кампанію. Зараз пачынаецца кампанія “Выпускай!”, дэвіз “Сам сядай, ці выпускай!”. Дэвіз дэвізам, а дзеянні дзеяннямі. Яны павіны стаць дэвізам, а не дэвіз над імі. А пакуль што больш вербальнай, моўнай, спеўнай, музычнай энергіі, чым энергіі дзеянняў. Але надыдзе час для гэтай энергіі. Справы дрэнь. Не толькі палітычныя, але і эканамічныя. І калі народ дастане эканоміка, сацыяльная дамова перастане дзейнічаць, вось тады ўвальецца гэта народная сіла ў наш супраціў.