Рада БНК: Свабоду Статкевічу, Бабарыку, Ціханоўскаму! Свабоду палітвязням!

Новая хваля рэпрэсій скіраваная не толькі да палітычных канкурэнтаў Лукашэнкі, але і на ўвесь народ.

Аб гэтым гаворыцца ў Заяве Рады Беларускага Нацыянальнага Кангрэса. Прыводзім яе тэкст:

– Незаконный кіраўнік краіны Аляксандр Лукашэнка распачаў новую хвалю гвалту у краіне, якая пагражае жыццю і здароў’ю грамадзян Беларусі.

З выкарыстаннем сілавых структур ажыццяўляюцца рэпрэсіі не толькі да палітычных канкурэнтаў Лукашэнкі, але і да іх прыхільнікаў, да ўсяго беларускага дэмакратычнага грамадства, да беларускага народа. Рэпрэсіі скіраваныя на падаўленне свабоднага волявыяўлення грамадзян падчас палітычнай кампаніі, звязанай з гэтак званымі выбарамі 2020 года.

Сярод сотняў людзей, якія безпадстаўна аштрафаваныя, арыштаваныя і кінутыя за краты, лідар Беларускага нацыянальнага кангрэсу Мікалай Статкевіч. Ужо месяц, двойчы асуджаны па сфабрыкаваных адміністрацыйных справах, ён знаходзіцца ў турме, дзе на яго заведзеная яшчэ і сфабрыкаваная крымінальная справа, па якой яму пагражае зняволенне тэрмінам да трох гадоў.

Беларускі нацыянальны кангрэс патрабуе неадкладнага вызвалення Мікалая Статкевіча! Мы патрабуем вызвалення Паўла Севярынца, Сяргея Ціханоўскага, Віктара Бабарыкі, усіх незаконна, з выкарыстаннем цынічных правакацый, зняволеных грамадзян! Мы патрабуем спынення рэпрэсій!

Уладу – народу!

Жыве Беларусь!