Дэпутаты Эўрапарламэнта заклікалі Эўразьвяз аказаць ціск на рэжым Лукашэнкі

Група сацыялістаў у Эўрапарлямэнце зьвярнулася да кіраўніцтва Эўразьвяза з патрабаваньнем «аказаць ціск на рэжым Лукашэнкі з тым, каб гарантаваць дэмакратычныя выбары».

«Вельмі цяжка прадбачыць любыя істотныя зьмены ў перадвыбарнай сытуацыі ў Беларусі», — заявіў віцэ-прэзыдэнт групы сацыялістаў у Эўрапарлямэнце Ян Марынус Вірсма.

«Я баюся, што яны чарговым разам ня будуць ні свабоднымі, ні справядлівымі» , — адзначыў дэпутат Эўрапарламэнта.

Група сацыялістаў у Эўрапарлямэнце з’яўляецца другой паводле колькасьці ды ўплыву на фармаваньне грамадзкай думкі ў краінах кантынэнту. Яна – арганізатар дыскусіі, прысьвечанай перадвыбарнай сытуацыі ў Беларусі, умовам правядзеньня выбараў ды пэрспэктывам беларускіх левых партый, якая павінна прайсьці сёньня ў Брусэлі.

Ад беларускага боку ў ёй возьмуць удзел лідэры дзьвюх сацыял-дэмакратычных партый зь Беларусі: Станіслаў Шушкевіч (Беларуская сацыял-дэмакратычная Грамада) і Мікалай Статкевіч (Беларуская сацыял-дэмакратычная партыя (Народная грамада)), а таксама Вольга Казуліна, дачка палітвязьня і старшыні Беларускай сацыял-дэмакратычнай партыі (Грамада).

Круглы стол ў Эўрапарлямэнце пачнецца а 17-й гадзіне паводле мясцовага часу.