Пад Барысавам затрыманыя больш за 60 актывістаў апазіцыі

Больш за 60 моладзевых актывістаў былі затрыманыя пад Барысавым (Менская вобласць). Затрыманне адбывалася сіламі АМАПа.

Маладыя людзі адпачывалі і ўдзельнічалі ў ролевай гульне «Моладзевая рэспубліка» — вывучалі прынцыпы ладу дэмакратычнай дзяржавы, вучыліся праводзіць палітычныя рэформы і ўдзельнічаць у выбарчых кампаніях. Арганізаванае мерапрыемства было пры падтрымцы грамадзянскай кампаніі «Еўрапейская Беларусь».

26 ліпеня раніцай на месца, дзе быў пастаўлены намётавы горад, прыбытлі супрацоўнікі АМАПа і міліцыі. Як паведамілі прэс-цэнтру Хартыі’97 барысаўскія праваабаронцы, міліцыянты сцвярджалі, што ім паступіла тэлефанаванне, што пад Барысавам сабраліся прадстаўнікі «радыкальнай моладзі».

Усіх затрыманых даставілі ў Барысаўскі РАУС. Як паведаміў актывіст грамадзянскай кампаніі «Еўрапейская Беларусь» Зміцер Бародка, у аддзяленні міліцыі высвятлялі асобы актывістаў, бралі ў іх тлумачэнні і адбіткі пальцаў, а таксама складалі адміністрацыйныя пратаколы аб парушэнні правілаў пажарнай бяспекі (за распальванне вогнішчаў у лесе). За гэтае правапарушэнне прадугледжаныя штрафы. Увечары усе затрыманыя актывісты былі вызваленыя з РАУС.

Грамадзянская кампанія «Еўрапейская Беларусь» (www.europeanbelarus.org) аб’ядноўвае грамадзян, якія падтрымліваюць еўрапейскі шлях развіцця Беларусі. Галоўнай мэтай кампаніі з’яўляецца забеспячэнне незалежнасці і паспяховага развіцця краіны, што магчыма толькі шляхам далучэння Беларусі да Еўрапейскага Звяза. Грамадзянская кампанія «Еўрапейская Беларусь» была ініцыяваная 24 студзеня 2008 года намеснікам міністра замежных спраў Беларусі ў адстаўцы, міжнародным каардынатарам Хартыі’97 Андрэем Саннікавым, палітвязням, былым міністрам замежнаэканамічных сувязяў Беларусі Міхаілам Марынічам, старшынём Беларускай сацыял-дэмакратычнай партыі (Народная Грамада) Міколам Статкевічам і намеснікам старшыні Партыі БНФ Віктарам Івашкевічам. Актыўнымі ўдзельнікамі «Еўрапейскай Беларусі» таксама сталі грамадзянская кампанія «Джынс за Свабоду», «Малады Фронт» і грамадзянская кампанія «За Свабоду» (не блытаць з рухам «За свабоду»).