Андрэй Саннікаў: «Еўрапейскія палітыкі спяшаюцца заахвоціць Лукашэнку за ягоныя пустыя абяцанні»

Каардынатар грамадзянскай кампаніі «Еўрапейская Беларусь» Андрэй Саннікаў пракаментаваў прыняцце Еўрапарламентам рэзалюцыі аб сітуацыі ў Беларусі. Нагадаем, што ў дакуменце прапаноўваецца прыпыніць візавыя санкцыі супраць некаторых беларускіх чыноўнікаў на паўгады, хаця «парламенцкія выбары», якія адбыліся, прызнаныя несвабоднымі і недэмакратычнымі.

«Падобна, што ў Еўропы існуе не проста жаданне, але і план заахвочвання дыктатарскага рэжыма ў Беларусі. Еўрапейцы так жадаюць убачыць станоўчыя сігналы, якія сведчаць аб дэмакратызацыі, што не хочуць заўважаць вельмі негатыўных з’яваў, якія сёння адбываюцца ў Беларусі. Нягледзячы на досыць дакладную адзнаку беларускіх «выбараў» місіяй назіральнікаў АБСЕ, еўрапейскія палітыкі свядома закрываюць вочы і спяшаюцца заахвоціць Лукашэнку за ягоныя пустыя абяцанні», — заявіў Андрэй Саннікаў у інтэрв’ю прэс-цэнтру Хартыі’97.

Па меркаванні палітыка, у рэзалюцыі Еўрапарламента змяшчаюцца шматлікія правільныя думкі і дакладныя адзнакі, але сама яе скіраванасць выклікае вялікія сумневы ў яе эфектыўнасці.

«Падобна, што рэзалюцыя пераследуе мэту даць карт-бланш Радзе Еўразвяза для паскоранага развіцця адносінаў з рэжымам Лукашэнкі. Змяшчаюцца ў ёй і вельмі небяспечныя моманты. Замест таго, каб патрабаваць свабоды слова ў Беларусі, парламентарыі кажуць аб рэвізіі ўжо прынятага і падпісанага закона аб СМІ, як быццам закон, які дзейнічае зараз, нашмат лепшы. У Беларусі сапраўды адбыліся падзеі, якія можна ацаніць станоўча. Гэта вызваленне некалькіх палітвязняў, якія вышлі на свабоду зусім не па добрай волі Лукашэнкі, а з-за амерыканскіх эканамічных санкцый. Паспешнае перабольшанне гэтага факту прывядзе да з’яўлення новых вязняў сумлення і створыць у Лукашэнкі ўражанне, што менавіта такім чынам можна гандлявацца з Еўропай.

Рэжым свядома правёў «выбары» па сваім цвёрдым сцэнары для таго, каб у ЕЗ не было ілюзій, чаго можна чакаць ад цяперашніх беларускіх уладаў. Тым не менш, еўрапейскія палітыкі аддаюць перавагу не заўважанню гэтага выкліку з боку Лукашэнкі, а робяць выгляд, што яны сапраўды спадзяюцца на дэмакратычныя змены пад кіраўніцтвам дыктатара. Зараз зразумела, чаму шматлікія заходнія палітыкі і кансультанты так настойліва раілі партыям удзельнічаць у выбарчым фарсе. Сам ўдзел апазіцыйных партый стварў бачнасць спаборніцкага выбарчага працэсу», — упэўнены лідэр «Еўрапейскай Беларусі».

Пры гэтым палітык адзначае: «Нажаль, вялікую ролю ў рашэннях, якія будуць мець згубныя наступствы для Беларусі, сыграў былы адзіны кандыдат у прэзідэнты ад дэмакратаў Мілінкевіч. Менавіта ён настойліва лабіруе поўнае прызнанне дзеянняў рэжыма і сваёй галоўнай задачай бачыць не пачатак унутрыбеларускага дыялогу, а перамовы рэжыма з Захадам. У гэтай сітуацыі дэмакраты павінныя яшчэ больш рашуча адстойваць прынцыпы свабоды і правоў чалавека і дамагацца рэальных змен у Беларусі».