Афіцыйны Менск і Эўразьвяз гавораць на розных мовах

У Менску працягвае працу нямецка-беларускі форум “Суседзтва і бясьпека: пэрспэктывы Беларусі ў Эўропе”. Учора на ім выступіў кіраўнік адміністрацыі прэзыдэнта Ўладзімер Макей.

Перад пачаткам форуму каля 12-ці маладых людзей з партрэтамі зьняволенага Аляксандра Баразенкі ўтварылі ланцуг на вуліцы перад уваходам у Менскі міжнародны адукацыйны цэнтар імя Ёханэса Раў. Яны сустракалі ўдзельнікаў форуму скандаваньнем: “Свабоду Баразенку!” Удзельнікі акцыі патлумачылі свае дзеяньні:

Тут праходзіць менскі форум, тут сабраліся дэлегаты з Эўразьвязу, зь Беларусі. І мы хацелі данесьці менавіта да іх, што ў Беларусі яшчэ ёсьць палітзьняволеныя
“Мы проста сябры Аляксандра Баразенкі, які знаходзіцца зараз на Валадарскага. Ён зьняволены за свае погляды. І вось мы прыйшлі сюды выказаць сваю грамадзянскую пазыцыю”.

“Тут праходзіць менскі форум, тут сабраліся дэлегаты з Эўразьвязу, зь Беларусі. І мы хацелі данесьці менавіта да іх, што ў Беларусі яшчэ ёсьць палітзьняволеныя. І менавіта зараз пра Баразенку сказалі, які знаходзіцца ў СІЗА”.

Да маладзёнаў падышоў старшыня форуму доктар Райнэр Лінднэр і сфатаграфаваўся разам зь імі. Ён прапанаваў аднаму з удзельнікаў акцыі ўзяць удзел у форуме. На гэтым акцыя скончылася. Спадар Лінднэр сказаў:

“Калі ў краіне нешта ня так, людзі думаюць, што пра гэта трэба гаварыць і моцна гаварыць, тады і выступаюць. Я думаю, што гэта нармальна. І ў нас часта праводзяцца ў Бэрліне нейкія дэманстрацыі. Я з сымпатызую, калі маладыя людзі моцна выказалі сваю думку”.

Тэма палітвязьняў атрымала працяг ужо падчас адкрыцьця форуму. Пасол Нямеччыны Гэбхардт Вайс зачытаў вітальнае слова фэдэральнага міністра замежных спраў Франка-Вальтэра Штайнмайера.

“Сёньня ў Беларусі няма больш палітзьняволеных. Аляксандар Казулін, Сяргей Парсюкевіч і Андрэй Кім у жніўні гэтага года былі, нарэшце, вызвалены. Нямеччына і яе эўрапейскія партнэры заўсёды ўсімі сіламі выступалі за гэта. Таму Эўразьвяз прыняў рашэньне аб аднаўленьні палітычных кантактаў. Я настойліва падтрымаў яго нягледзячы на тое, што гэты крок быў часткова спрэчным. Толькі шляхам дыялёгу мы можам дабіцца далейшага паляпшэньня сытуацыі і больш цеснага аб’яднаньня ў Эўропе”.

Уладзімер Макей
Пасьля гэтага на адкрыцьці форуму выступіў кіраўнік адміністрацыі прэзыдэнта Ўладзімер Макей. Ён выказаўся за дыялёг і супрацоўніцтва з Эўразьвязам.

“Мы, безумоўна, з інтарэсам і ўвагай прыслухоўваемся да пазытыўнай крытыкі з боку заходніх палітыкаў. Мы ведаем свае недахопы і стараемся пастаянна ўдасканальваць палітычную і сацыяльную сыстэму. Не прымаем мы агульнай і вульгарна-высакамэрнай крытыкі і паблажлівых павучаньняў”.

Лідэр Партыі БНФ Лявон Баршчэўскі які праслухаў прамову Ўладзімера Макея адзначыў:

“Як заўсёды, любыя чыноўнікі рангам ніжэй за прэзыдэнта гавораць абцякальна, каб нічога не сказаць. Бо агульных фразаў мы наслухаліся многа. Яны гучалі і тут даўно, яшчэ калі міністрам быў спадар Антановіч. Гаварыліся добрыя фразы пра інтэграцыю ў Эўропу. Шчыра кажучы толькі канкрэтныя крокі дазваляюць даваць веры, а не заявы”.

Пасьля прамовы спадара Макея выступіла адна з удзельніц акцыі салідарнасьці з Аляксандрам Баразенкам. Яна заявіла, што ў Беларусі ёсьць асобы, якія перасьледуюцца па палітычных матывах. На гэта спадар Макей заявіў:

“Палітзьняволеных у нашай краіне не было і няма. Ёсьць жаданьне прыпісаць палітычныя матывы асобам, якія былі пакараныя па тых ці іншых крымінальных справах”.