Кошт на газ задавальняльны, але невядомы

Новую цану на газ хваляць, ды не называюць, піша Радыё Свабода.

Прэзыдэнты Расеі й Беларусі дамовіліся пра прынцыпы паставак і аплаты расейскага газу Беларусі ў 2009 годзе, паведаміла прэсавая сакратарка кіраўніка РФ, піша Novayagazeta.ru.

БЕЛТА дадае, што паводле крыніцы ў беларускай дэлегацыі, цана на расейскі прыродны газ на 2009 год узгодненая на даволі прымальных для Беларусі ўмовах. Пры гэтым новая цана на газ для Беларусі пакуль не паведамляецца.

У першым квартале 2008 году для Менску цана газу складала 119,53 даляра за тысячу кубамэтраў, у другім — 127,9 даляра за тысячу кубоў.

Аўтарытэтнае расейскае выданьне «Коммерсант» учора адзначала, што цана на газ для Беларусі можа залежаць ад двух палітычных чыньнікаў: прызнаньня Паўднёвай Асэтыі й Абхазіі, а таксама павелічэньня долі «Газпрому» ў «Белтрансгазе».

Дамоўленасьці зь Беларусьсю дасягнутыя на тле зноў паўсталай праблемы з запазычанасьцю Ўкраіны за газ, якую расейскі бок ацэньвае амаль у два з паловай мільярды даляраў.

Аднак Радыё Рацыя лічыць, што пра цану на газ не дамовіліся. Пры гэтым Аляксандр Лукашэнка афіцыйна заявіў, што нічога не зьбіраецца выпрашваць у Крамля. Беларускі кіраўнік казаў, што “няма ніякіх праблемаў, каб вырашыць усе пытаньні Расіі, якія тычацца Беларусі, так, як патрэбна”. Дзьмірый Мядзьведзеў абмежаваўся наступнай ацэнкай двухбаковых дачыненьняў зь Беларусьсю: “Бягучы год быў няпросты, але па яго выніках мы здолелі выйсьці на заплянаваныя паказьнікі”.

На думку эканаміста Яраслава Раманчука, вынікі перамоваў сьведчаць пра тое, што бакі толькі дамовіліся не псаваць публічна імідж адзін аднога:
– Ніякай дамоўленасьці няма. Бакі не паразумеліся па самых важных аспэктах газавага супрацоўніцтва. Таму і такая дыпляматычная фармулёўка. Яны пагадзіліся толькі не ламаць адзін аднаму рэпутацыю. І тое, што мы ня ведаем цаны на газ дагэтуль, сьведчыць пра тое, што ў руках Расеі зьявіўся не толькі газавы, але і крэдытны бізун. Спроба атрымаць чарговы крэдыт сведчыць пра тое, што беларуская эканоміка вельмі залежная ад Крамля.