Эскадроны “лібералізацыі”

Лідэр руху “Маладая Беларусь” Артур Фінькевіч лічыць, што міліцыянты ня знойдуць людзей, вінаватых у ягоным захопе. 19 сьнежня ля пад’езду дома на вуліцы Макаёнка, дзе Артур здымаў кватэру, невядомыя зьбілі яго з ног, укінулі ў машыну і завезьлі пад Валожын. Артур Фінькевіч, як толькі дабраўся да Менску, зьвярнуўся ў міліцыю.

Артур Фінькевіч паведаміў Радыё Свабода, што вымушаны зьвярнуцца ў пракуратуру са скаргай на дзеяньні міліцыянтаў Першамайскага раёну Менску. Ён даведаўся, што 20 сьнежня ў кватэры, якую ён арандаваў, зрабілі ператрус у той час, калі яго не было дома.

Артур распавёў, што міліцыянты забралі ўсе носьбіты інфармацыі, а таксама сьцягі і сымболіку “Маладой Беларусі”.

“У справе я зьяўляюся пацярпелым, але ў кватэры, у якой я пражываў, робяць ператрус. Я запатрабаваў нейкія дакумэнты даць мне ці сьпіс рэчаў. Але яны мне адказалі, што такога сьпісу няма і яны не павінны яго даваць, у прынцыпе”.

Артур Фінькевіч лічыць, што дзеяньні сьледчых даюць падставы меркаваць, што ў справе ён не пацярпелы, а падазраваны.

19 сьнежня Артур Фінькевіч увечары паведаміў “Свабодзе”, што невядомыя зьбілі яго з ног, як толькі ён выйшаў з пад’езду. Яго кінулі ў машыну і там зьбівалі. Артур апавёў, што яму на галаву нацягнулі шапку, каб ён ня бачыў твараў, і завязалі рукі. Недзе праз тры гадзіны яго выкінулі з машыны. Ён змог дабрацца да трасы. Кіроўца фуры, грамадзянін Літвы, давёз Артура да Валожына. Адтуль хлопец дабраўся да Менску.

Артур Фінькевіч паведаміў, што сёньня невядомыя цікавіліся ў ягонай маці, ці пражывае Артур па месцы прапіскі.

“Сёньня пазванілі ў дамафон у тую кватэру, дзе я прапісаны, дзе жыве мая мама. Запыталі, ці ёсьць я і ці часта я там бываю. Думаю, што яны і там хацелі правесьці ператрус. Але ім ніхто не адчыніў дзьверы.

Выглядае гэта насамрэч вельмі дзіўна, бо ў справе я пакуль што зьяўляюся пацярпелым. У мяне такое ўражаньне, што сьледчыя не зьбіраюцца займацца раскрыцьцём гэтай справы“.

Артур Фінькевіч зафіксаваў зьбіцьцё, выяжджаў са сьледчымі на тое месца, дзе яго выкінулі з машыны, і цяпер чакае вынікаў расьсьледаваньня.

Франак Вячорка
Праз два дні пасьля здарэньня з Артурам Фінькевічам, таксама каля свайго пад’езду, затрымалі лідэра моладзі БНФ Франка Вячорку. Супрацоўнікі службы аховы прэзыдэнта пасадзілі Франка ў машыну і павезьлі ў ваенкамат.

Франак Вячорка расказаў, што там яны запатрабавалі, каб кіраўнік прызыву даў хлопцу позву — на наступны дзень, 23 сьнежня, зьявіцца ў ваенкамат для абсьледаваньня ў рэспубліканскім шпіталі.

“Учора, калі мяне затрымлівалі, вазілі па ваенкаматах на гэтай машыне, я застудзіўся і сёньня на бальнічным.

Нават ня ведаю, чым я заслужыў такую ўвагу з боку супрацоўнікаў службы бясьпекі прэзыдэнта. Я не прыгадаю ніводнага выпадку, каб афіцэры службы бясьпекі прэзыдэнта суправаджалі якога-небудзь прызыўніка на мэдычнае абсьледаваньне ў ваенкамат. Я ўчора ў іх запытаў, ці часта ім даводзіцца выяжджаць па прызыўнікоў. На што яны хітра паўсьміхаліся”.

Франак Вячорка паведаміў, што ў яго адтэрміноўка ад службы ў войску да сакавіка, але ён гатовы наведаць ваенкамат, як толькі паправіцца.

Лідэры некаторых моладзевых арганізацый кажуць, што іх сваякі і паплечнікі ўчора і сёньня бачылі падазроных людзей у цывільным каля пад’ездаў сваіх дамоў. Яны лічаць, што ўлады вырашылі такім чынам запалохаць моладзевых актывістаў, каб тыя на нейкі час прыпынілі ўдзел у вулічных акцыях.