Супраць удзельніка «Працэсу 14-ці» Арцёма Дубскага завялі трэцюю крымінальную

Актывіст «Маладога Фронту» Арцём Дубскі, пакараны абмежаваньнем волі ў «справе 14-ці», заяўляе, што ўлады ціснуць на ягоных сваякоў.

Яго судзілі летась разам з трынаццацьцю іншымі актывістамі за ўдзел у студзеньскіх акцыях прадпрымальнікаў. У кастрычніку Арцём Дубскі зьехаў у суседнюю Ўкраіну. За гэты час яго завочна аштрафавалі на тры з паловай мільёны рублёў на карысьць апэратара сотавай сувязі кампаніі Velcom. Судовыя выканаўцы прапанавалі Арцёмавай маці, якая жыве ў Асіповічах, заплаціць за сына, перадае «Радыё Свабода».

Моладзевы актывіст паведаміў, што крымінальная справа, якой яму пагражалі адразу пасьля таго, як ён пачаў адбываць пакараньне ў «справе 14-ці», трапіла ў суд, калі ён ужо знаходзіўся ва Ўкраіне.

Нагадаем: Арцёма Дубскага выклікалі ў асіповіцкую міліцыю і паведамілі, што яго падазраюць у выхадзе ў інтэрнэт з чужой sim-карткі сотавага апэратара Velcom. Знайшлася жанчына, якая казала, што згубіла картку на вакзале. Праз чатыры месяцы тэлефонная кампанія даслала ёй ліст, патрабуючы пагасіць запазычанасьці на пяць з паловай мільёнаў рублёў.

Паводле судовага рашэньня хлопец мусіць заплаціць тры з паловай мільёна рублёў, а ягоны сябра — два.

Маці Арцёма Алена Дубская апавяла, што да яе прыходзілі судовыя выканаўцы і прапаноўвалі добраахвотна заплаціць за сына грошы. Гэта пры тым, што сын паўналетні і ўжо некалькі гадоў жыве ў іншым месцы, дзе і прапісаны.

«Спыталі: «Вы не жадаеце заплаціць?» Я адказала: «Не. Няхай плаціць па месцы жыхарства», – кажа Алена Дубская.

Мясцовая газэта неаднаразова друкавала абразьлівыя артыкулы, зьмяніўшы ў прозьвішчы актывіста «Маладога Фронта» адну ці дзьве літары. Маці Арцёма кажа, што цяпер ёй даводзіцца на працы адказваць на непрыемныя пытаньні.

«На працы пытаюцца: «Як гэта вы дапусьцілі, што ў вас Арцём п’яніца і наркаман?» Я ім кажу, што магу Арцёма характарызаваць толькі з станоўчага боку. Ён ніколі нічога ня скраў, ня п’яніца і не якісьці наркаман», – распавядае маці актывіста.

Бабуля Арцёма Дубскага два гады таму прыняла дваіх дзяцей зь дзіцячага дома. Іх даглядалі і сам Арцём, і ягоная маці. Цяпер, калі скончыўся тэрмін двухгадовага кантракту, дзяцей забралі, матывуючы гэта тым, што бабулі больш за 60 гадоў.

«А як вы лічыце? Да кацяняці прызвычаісься за паўгода, а гэта ж дзеці… Мне нельга, бо я адна гадую дзяцей, гэта няпоўная сям’я, не дазваляецца. Мяркую, што й Арцём тут паўплываў… Усё, што можна было, вешалі на яго. Тут яны яму жыць не далі. На дзьве гадзіны ў суткі выпускалі з хаты», – абураецца жанчына.

Супраць Арцёма Дубскага распачалі крымінальную справу нібыта за ўхіленьне ад адбыцьця пакараньня. Ён лічыць, што калі б застаўся ў Асіповічах, то трапіў бы ў турму.

«Штраф вынесены мне, а спрабуюць яго спагнаць з маёй маці. Згодна з усялякімі кодэксамі, чалавек ад 18 гадоў сам за сябе адказвае. Адбываючы пакараньне ў Асіповічах, я добра разумеў, што калі ня сёньня, то заўтра знойдуць нейкую закавыку, і…

Тут эканамічная і палітычная сытуацыя больш-менш спакойная, але на радзіме засталіся ўсе мае сябры, сваякі. Я, як толькі выпадае магчымасьць, спрабую тэлефанаваць ім час ад часу, неяк быць у кантакце, што, вядома ж, ня можа не выклікаць незадаволенасьць нашых “сяброў” з камітэту. Даходзіць да таго, што літаральна пасьля званкоў да маці прыходзяць і папярэджваюць: «Мы ведаем, дзе ваш сын, чым займаецца», – падкрэсьлівае моладзевы актывіст..

Арцём Дубскі — не адзіны пакараны ў «справе 14-ці», хто знаходзіцца за мяжой: Тацяна Цішкевіч зьехала вучыцца ў Польшчу па праграме Кастуся Каліноўскага.

«Справа 14-ці» – крымінальная справа па арт. 342 КК Рэспублікі Беларусь у дачыненьні да ўдзельнікаў мірнай акцыі пратэсту прадпрымальнікаў, якая адбылася ў Менску 10 студзеня 2008 году.

На сёньняшні дзень усе ўдзельнікі «Працэсу 14-ці» адбываюць пакараньне. Зараз яны фактычна знаходзяцца пад хатнім арыштам, пад вельмі пільным назіраньнем, і пры сама дробным парушэньні ў кожны момант могуць быць пазбаўленыя свабоды.