Віктар Івашкевіч: “У адносінах з еўрачыноўнікамі Лукашэнка становіцца ўсё больш нахабным”

Апошнім часам еўракамісар па знешніх сувязях і еўрапейскай палітыцы суседства Беніта Ферэра-Вальднер стала частым госцем у Мінску. Яе чарговы візіт у Беларусь ужо прызначаны на пачатак сакавіка. За месяц да таго, акрэсленага Еўрасаюзам тэрміна, калі павінна канчаткова быць вырашана пытанне: ці будзе падоўжаны дазвол прэзідэнту Лукашэнку і беларускім чыноўнікам наведваць Еўрасаюз.

Карэспандэнт www.Euramost.org пацікавіўся ў намесніка старшыні Партыі БНФ Віктара Івашкевіча, што, на яго думку, стаіць за такімі частымі візітамі чыноўніцы Еўрасаюза ў афіцыйны Мінск, і як дэмакратычныя сілы ставяцца да магчымага поўнага скасавання забароны беларускім чыноўнікам на чале з прэзідэнтам наведваць Еўрасаюз.

— Ці не падаецца вам, што гэтыя візіты і частыя сустрэчы еўрачыноўнікаў высокага статусу з прадстаўнікамі беларускіх уладаў сведчаць пра тое, што санкцыі супраць Лукашэнкі і яго паплечнікаў будуць канчаткова адмененыя ў красавіку?
— Па вялікім рахунку, нават не ў гэтых візавых санкцыях справа. Хаця, мы і лічым, што калі ўмовы, якія ў свой час Еўрасаюз паставіў перад беларускімі ўладамі не выкананыя, санкцыі неабходна аднаўляць. Але я падазраю, што еўрапейскія бюракраты, замест прынцыповай ацэнкі выканання патрабаванняў дэмакратызацыі, задаволяцца імітацыяй рухаў у накірунку гэтых дэмакратычных пераўтварэнняў. Стварэнне гэтых саветаў пры Адміністрацыі прэзідэнта, пры Міністэрстве замежных спраў, пры Міністэрстве інфармацыі (а насамрэч, пры рэдактары газеты прэзідэнцкай адміністрацыі “Советская Белоруссия”), і ўваход туды такіх знакавых фігур, як спадар Мілінкевіч, будзе спрыяць таму, што еўрапейцы скажуць: “У вас не ўсё добра, але і ўсё так дрэнна”. Мяркую, яны не адменяць канчаткова санкцыі, а яшчэ на паўгода працягнуць іх часовае прыпыненне. Калі Лукашэнка, раптам, не ўтворыць нечага дзікага.

— Па словах прэс-сакратаркі еўракамісара па знешніх сувязях і еўрапейскай палітыцы суседства Крысціяны Хоман, Еўракамісія мае намер развіваць прамы палітычны дыялог з беларускімі ўладамі. Аб якім прамым дыялогу гавораць увесь час еўракамісары?
— І я не разумею, што маецца на ўвазе пад гэтымі словамі. Яны ж і так ужо маюць прамы дыялог з беларускімі ўладамі, без усялякага ўдзелу ў ім беларускіх дэмакратычных сіл. Чаму “маюць намер”, калі яны і так гэта ўжо робяць і такі дыялог вядуць!

— Наколькі я разумею, вы не вельмі задаволеныя тым, што гэты дыялог адбываецца без удзелу прадстаўнікоў дэмакратычных сіл?
— Безумоўна. Я лічу, што еўрапейскія палітыкі, калі б яны паважна ставіліся да сваіх жа слоў пра дэмакратыю, правы чалавека, павінны былі б патрабаваць ад Лукашэнкі вядзення дыялогу з беларускім грамадствам. І вынікам гэтага дыялогу павінна стаць правядзенне свабодных выбараў. Некалькі дзён таму была гадавіна круглага стала, які вяла “Салідарнасць” з крывавым рэжымам Ярузельскага. На тым круглым стале не было размовы ні пра што, акрамя патрабавання правядзення свабодных выбараў. Не вялося размоў ні пра якія эканамічныя рэформы ці нешта іншае, а толькі пра выбары. Гэта была ўмова Захаду прадстаўлення крэдытаў, без якіх Польшча не здольная была б выйсці з эканамічнага крызісу. Дапамогі ж ад Савецкага саюза ўжо чакаць не даводзілася. Крэдыты Захад абяцаў даць, калі ўлады правядуць перамовы з дэмакратычным грамадствам краіны, вынікам якіх стане правядзенне свабодных дэмакратычных выбараў. У нас павінна быць тое ж самае. Размовы пра заходнія крэдыты і гарантыі пад крэдыты павінны наўпрост звязвацца з дыялогам беларускага рэжыма з айчынным грамадствам і пагадненнем паміж імі наконт правядзення свабодных выбараў. А ўсе астатнія размовы – гэта адыход ад гэтага ключавога пытання.

— Шмат размоў вядзецца наконт таго, паедзе ці не Лукашэнка ў Прагу…
— Лукашэнка сказаў у інтэрв’ю каналу Еўраньюс, што, маўляў, не вельмі ён і хоча туды ехаць, нават калі запросяць. А калі што, то можа каго замест сябе дашле. Такім адказам ён даў ацэнку ўсім еўрапейскім бюракратам. Ён бачыць, што яны гатовыя перад ім на задніх цырлах хадзіць і становіцца ўсё больш нахабным. Маўляў, усё адно будзе са мной размаўляць і будзеце мне дапамагаць! Што сёння галоўнае для Лукашэнкі? Крэдыты і гарантыі пад крэдыты. Яму трэба грошы. А проста тусавацца сярод еўрапейскіх бюракратаў ён не бачыць патрэбы.

Васіль СЛУШНЫ