Лявон Баршчэўскі: “Любы чалавек па Канстытуцыі мае тыя ж правы, што і тая рада пры Адмінстрацыі”

На прэс-канферэнцыі, прысвечанай святкаванню 25 сакавіка Дня Волі, лідэры Партыі БНФ агучылі патрабаванні, якія будуць выказаныя ўладам падчас шэсця. Адначасова, старшыня Партыі Лявон Баршчэўскі вельмі катэгарычна выказашўся наконт грамадска-кансультатыўнай ды іншых рад, створаных у апошні час пры розных дзяржструктурах, назваўшы іх “бутафорскімі”.

— На думку іншых палітыкаў і аналітыкаў стварэнне гэтых грамадскіх рад дае магчымасць наладзіць дыялог паміж апазіцыяй і ўладай. Чаму вы так адмоўна ставіцеся да гэтай магчымасці?
— Дыялог апазіцыі і ўлады, калі гэта сур’ёзны дыялог, вядзецца па адным пытанні: пытанне новых выбараў і пытанне дэмакратычнай сістэмы змены ўлады. У Палажэнні ад гэтай радзе такое пытанне не прадугледжана. Увогуле, у 6 пункце палажэння запісана, што рада займаецца выпрацоўкай прапаноў, якія могуць быць прадстаўлены ў органы ўлады. Дык гэта па Канстытуцыі можа рабіць любы грамадзянін Беларусі, люьая грамадская арганізацыя ці партыя. Там не напісана, якія гэта прапановы, на якую тэматыку і галоўнае – ці будуць яны разглядацца і як будуць разглядацца ўладамі. Улады могуць гэтыя прапановы нават не разглядаць. Ні парламент, ні прэзідэнт. Які, дарэчы, ужо выказаў сваё скептычнае стаўленне да гэтай рады. А для палітычнай арганізацыі няма іншых пытанняў, чым пытанне змены ўлады. Там жа нават намёку няма на разгляд такога пытання. Таму, у палітычным сэнсе – гэта бутафорская рада. Гэта – паказаць Захаду, прычым, сказаць па-ёрніцку, што апазіцыя не прайшла ў парламент, а мы ёй зрабілі такую ласку ў выглядзе рады і хай там свае прапановы агучвае. Мы за тое, каб апазіцыя мела шанец прайсці ў парламент на свабодных выбарах. Не пройдзе – значыць не заслужыла гэтага. Але свободных выбараў з сумленным падлікам галасоў у Беларусі не было даўно.

— Выказываецца такі аргумент на карысць гэтых рад, што, маўляў, вышэйшая ўлада не ведае таго, што творыцца на месцах, і гэта магчымасць наўпрост перадаць паперку з пералікам фактаў парушэнняў і сваімі патрабаваннямі таму ж Макею, кіраўніку прэзідэнцкай адміністрацыі…
— Я думаю, што ваш сайт, незалежныя радыё і газеты – усё гэта даступнае Адміністрацыі прэзідэнта. Вы лепш і падрабязней пішыце пра парушэнні правоў чалавека. Дастаткова ўзяць вашыя артыкулы, падняць тэлефонную трубку і праверыць. Гэтыя размовы пра тое, што наверсе не ведаюць пра тое, што робіцца на месцах, ідуць ад першабытнага часу. Правадыр не ведае, што робіцца за сёмым кустом! Гэта проста смешна! Усё яны цудоўна ведаюць. Ведаюць на самым версе, калі арыштоўваюць Аўтыховіча, калі забіраюць у войска хлопцаў, непрыдатных для службы паводле стану здароўя. Я перакананы, што Лукашэнка ведае пра гэта ўсё асабіста і дае санкцыі на гэтыя дзеянні, а не толькі ягоныя чыноўнікі.

— Калі вернуцца да вашых слоў пра свабодныя выбары: зараз у Мінску працуюць эксперты БДІПЧ АБСЕ над варыянтамі магчымых зменаў у Выбарчы кодэкс Беларусі. Вы не верыце ў тое, што іх праца прынясе плён і яны даб’.цца зменаў, на якіх настойвае АДС, куды, дарэчы, і Партыя БНФ уваходзіць?
— Змена заканадаўства, гэта, хутчэй пытанне, якой павінна вырашацца на ўзроўні юрыстаў і праваабаронцаў. Павінны быць створаныя ўмовы свабоднага фунцыянавання незалежнай прэсы, доступ да інфармацыі, знікненне ўсіх палітычных рэпрэсій, бо на іх фоне праводзіць выбары будзе неэтычна і нераўнапраўна, і гэта ўжо палітычнае пытанне. Таму гэтыя нашыя прапановы — тэхнічнага характару. Праблема далёка не ў самім заканадаўстве, а ў яго выкананні, у тым, хто кантралюе працэс выбараў і як яны праводзяцца. І гэта праблема палітычная. Больш-менш розныя ўмовы для апазіцыі ў змаганні за выбарчыя мандаты – усе іншыя фармальныя параграфы і змены важныя, але іх могуць абмяркоўваць эксперты-спецыялісты і для гэта не прабмет абмеркавання для палітычнай партыі.