Вінцук Вячорка: Не эўрапеізацыя Лукашэнкі, а лукашызацыя Эўропы

БТ гэтым разам ня вельмі маніпулявала, паказваючы захопленыя тлумы, якія віталі Лукашэнку ў Вільні. Былі такія. Граючы незаслужана пакрыўджанага Эўропай, самаўпэўнены, лёгкі на слова, не абцяжараны этыкетам (адгукаецца пра прэзыдэнта Літвы на “ты”) і глыбока правінцыйны духам і паводзінамі, Лукашэнка знайшоў там удзячную аўдыторыю.

Пагатоў ён літаральна ня злазіў з тэлеэкранаў і ўсіх магчымых палосаў газэтаў – ад палітычных рубрыкаў да сьвецкай кронікі. Для Літвы гэта была падзея, пра што сьведчаць літаральна тысячы водгукаў на яе ў літоўскім інтэрнэце.

Не хаваю скепсысу да форумнай думкі, якая ня можа аб’ектыўна адлюстроўваць думкі грамадзкай. Але трэба задумацца – ня нам, а літоўцам і Брусэлю – чаму сярод рэакцыяў абсалютна пануюць вось такія.

“У Беларусі няма і гэтулькіх адмоўных зрухаў, як у Літве. Я часта бываю ў Беларусі. Прыемна глядзець, як будуюцца новыя жылыя раёны, упарадкаваныя калгасныя палі… людзі гавораць пра адпачынак, пра нейкія людзкія рэчы, а не пра ЦЭНЫ, КРЫЗЫС, УЛАДУ, як у Літве…”

“Лукашэнка не дыктатар, а законна выбраны Прэзыдэнт Беларусі”.

“Вельмі добра, што Лукашэнка едзе ў Літву, але шкодніцкія для Літвы сілы, злодзеі, паны й кулацкія дзеці ня хочуць, каб Лукашэнка прыехаў”.

“Мо прапанаваць Лукашэнку папрацаваць у нас колькі гадоў, глядзіш, і парадак сякі-такі навядзе”.

“Пагроза літоўцам – іхная ўлада. А беларусам пагроза – фінансаваная захадам апазыцыя!”

Я тут павыбіраў яшчэ самыя мяккія выказваньні, бяз лаянкі і пагрозаў у адрас літоўскай улады. Асабліва камэнтатараў уражвае адсутнасьць крызысу і трохпрацэнтнае беспрацоўе ў Беларусі. Аргумэнты нешматлікіх спрэчнікаў, якія кажуць, што літоўцы ад сваіх (несумненна, рэальных) праблемаў едуць у Ірляндыю, а не ў беларускі эканамічны рай, тых не пераконваюць.

Зразумела, савок у Літве за апошнія гады нікуды не падзеўся. Як і ў Польшчы, і ў іншых посткамуністычных краінах. Ёсьць ён, савок лайдацкі й гатовы хапаць папулістычную нажыўку, і ў краінах “старой дэмакратыі”.

І вось цяпер ён, літоўскі савок, пабачыў і пачуў свайго прыроднага, плоць ад плоці, лідэра. Палітычнае ўвасабленьне сваё. Цікава, што ў Беларусі такога піетэту перад Лукашэнкам даўно няма нават сярод ягонага цьвёрдага электарату, бо людзі жывуць у сытуацыі рэальнага лукашызму ды ведаюць праўду і пра крызыс, і пра беспрацоўе.

Я далёкі ад дэманізацыі Лукашэнкі і пагатоў ад перабольшаньня ягоных уплываў на каго б ні было. Але відавочна, што “рэабілітаваны” Брусэлем Лукашэнка палітычна легітымізуе антыэўрапейскія каштоўнасьці ва ўжо эўрапейскіх грамадзтвах.

Як толькі Эўропа адмаўляецца ад каштоўнаснага падыходу, яна рызыкуе перастаць быць Эўропай, куды варта імкнуцца. Гэта ня толькі дый ня гэтулькі пра Лукашэнку. Гэта і пра маўчаньне Эўропы наконт беспрэцэдэнтнага ўводу расейскіх узброеных сілаў у Беларусь на “Захад-2009”. Пра куплю “Опэля” расейскім “Сбербанк”-ам, і пра нямецкую “Паўночную плынь” і пра далучэньне Італіі да “Паўднёвай”, пра заходнеэўрапейскую радасьць з прычыны Абамавага рашэньня не сварыцца з Пуцінам за антыракетны шчыт etc.etc.

Вось жа пакуль што адбываецца не абяцаная нам эўрапеізацыя Лукашэнкі, а лукашызацыя Эўропы.

Вінцук ВЯЧОРКА, pbnf.org