Алесь Марачкін: У ВКЛ не было “старэйшага брата”

Вядомы мастак і грамадскі дзеяч Алесь Марачкін лічыць Вялікае Княства Літоўскае правобразам Еўрасаюза.

Многія называюць выставу унікальнай і сенсацыйнай…

Так, выстава сапраўды ўнікальная. Найперш за ўсё таму, што яна была зарганізаваная выключна высілкамі і энтузіазмам саміх мастакоў. Дзяржава нічым не дапамагала. Нават Міністэрства культуры, пад шыльдай якой праходзіць выстава, вырашыла застацца ўбаку.

За сенсацыйнасцю мы не гналіся, але адно з другога выціякае. Тысячагодзе Літвы – гэта гістарычная дата, якая яднае народы, якія былі часткай Вялікага Княства Літоўскага. Выстава атрымалася вельмі змястоўнай, вельмі цікавай і вельмі пазітыўнай. І гэта велізарная заслуга Беларускага саюза мастакоў, творчай суполкі “Пагоня”, што такая выстава стала магчымай. Цікавасць да гэтай падзеі засведчыла, што нашыя людзі, наш народ неабыякавыя да сваёй гісторыі. Адзінае, у чым не было нічога новага — гэта ў стаўленні дзяржавы.

Сучасныя літоўцы рэўніва ставяцца да таго, што Беларусь прэтэндуе на гісторыю Літвы. Чым было ВКЛ для сучаснай Беларусі і сучаснай Літвы?

Як вельмі трапна заўважыў амбасадар Украіны, у Вялікім Княстве Літоўскім не было “старэйшага брата”. Гэта было паяднанне роўных народаў, якое яднала землі Беларусі, Літвы, Польшчы, Украіны. Можна сказаць, што гэта быў тагачасны Еўрапейскі Саюз. Канешне, у адну плынь нельга ўвайсці двойчы, але ВКЛ было тэрыторыяй свабоды і цывілізацыі, таму ў гэтым мы маем вялікую спадчыну. Менавіта таму, нават зараз даволі папулярная ідэя Чорнаморска-Балтыйскага калектара.

У тым, што беларусы іншымі вачамі паглядзелі на сваю гісторыю, вялікую ролю адыграў Мікола Ермаловіч. Сёння моладзь мала ведае аб ім…

Так, Мікалай Іванавіч Ермаловіч быў першым, хто пачаў ламаць лёд маўчання і невуцтва вакол нашай гісторыі, глядзець на яе праз прызму Вялікага Княства Літоўскага. Зараз шмат хто гэтага нават і не памятае, але ў савецкіх падручніках па гісторыі было напісана, што літоўцы прыйшлі і захапілі Беларусь. Мікола Ермаловіч паказаў, што ўсё было інакш. Ён акрэсліў межы ВКЛ, дзякуючы яму ўсплылі вялікія імёны Вітаўта і Міндоўга.

Мікола Ермаловіч быў вельмі слабы на зрок, але ён здолеў адкрыць вочы на гісторыю нам, невідзячым, распавёў, што у нас была супольная гісторыя. Канешне, гэтую дату трэба было святкаваць на дзяржаўным узроўні, запрашаць высокіх гасцей і рабіць сапраўднае свята, як гэта зрабілі ў Літве. І не трэба баяцца кагосці пакрыўдзіць. Гэта была нашая супольная гісторыя, і трэба глядзець на яе адкрытымі вачымя.

фото: Хартыя’97, радыё “Свабода”