Актывісты “Еўрапейскай Беларусі” сталі лаурэатамі прэміі за абарону правоў чалавека

Актывісты грамадзянскай кампаніі "Еўрапейская Беларусь" Зміцер Бародка і Максім Вінярскі сталі лаурэатамі штогадовай прэміі "Хартыі'97" за абарону правоў чалавека.

За асабістую мужнасць пры абароне правоў чалавека прэміяй узнагароджваюцца Франак Вячорка, Зміцер Бародка, Максім Вінярскі, Арцём Дубскі, Мікалай Аўтуховіч, Юрый Лявонаў, Уладзімір Асіпенка і Яна Палякова (пасмяротна).

Максім Вінярскі

Адным з арганізатараў кампаніі «Свабоду палітвязням!» і Дзён беларускай салідарнасці быў актывіст «Еўрапейскай Беларусі» Максім Вінярскі. Увесну цягам месяца маладыя людзі выходзілі штодзень на вуліцы Менска з партрэтамі палітвязняў, патрабуючы іх найхутчэйшага вызвалення. Іх не здолелі зламіць ні збіцці, ні запалохванні, ні арышты, ні штрафы. Максім Вінярскі добра ведае, як важна салідарнасць, бо сам правёў у турмах больш за 110 дзён. «Ніводны з нас не можа адчуваць сябе свабодным, пакуль хоць адзін палітвязень знаходзіцца за кратамі», – жыццёвы прынцып моладзевага лідэра.

Зміцер Бародка

Яго завуць сапраўдным волатам, асілкам беларускага Супраціву, тым больш, што першая створаная Змітром Бародкам моладзевая арганізацыя ў яго родным Барысаве такую назву і мела – «Волат». Затым Зміцер стаў адным з заснавальнікаў Руху «Зубр», зараз ён – адзін з лідэраў грамадзянскай кампаніі «Еўрапейская Беларусь». Цягам многіх гадоў Зміцер Бародка ўдзельнічае ва ўсіх акцыях пратэсту апазіцыі, натхняючы беларусаў сваёй мужнасцю і цвёрдасцю. Зміцер дзесяткі разоў арыштоўваўся і збіваўся, але, паводле яго словаў, ні на секунду не сумняваўся ў правільнасці абранага шляху. Сёлета барысаўчанін быў актыўным удзельнікам кампаніі «Свабоду палітвязням!», адным з арганізатараў і ўдзельнікам эстафетнай галадоўкі салідарнасці з ваўкавыскімі прадпрымальнікамі. У Змітра Бародкі – трое дзяцей і, паводле яго, ён змагаецца за тое, каб яны жылі ў свабоднай еўрапейскай Беларусі, — піша сайт Хартыі’97.