Мастацтва ў абарону касцёла (фота)

22 траўня 2010 адбыўся мастацкі пленэр у абарону касцела святога Язэпа.

У акцыі ўзялі удзел маладыя мастакі, навучэнцы, студэнты, дзеці. Яны малявалі манастырскі комплекс бернардынцаў, кляштар і касцел, што з’яўляюцца аднымі з самых старых менскіх будынкаў.

«Мы ведаем, што хутка касцел і манастырскі комплекс чакае т. зв. „рэканструкцыя“, а фактычна — разбурэнне і пабудова на яго падмурках гатэльна-забаўляльнага комплексу»— кажа адзін з удзельнікаў. Менавіта гэта пабудзіла маладых мастакоў сабрацца на такі перфоманс — каб захаваць прыгажосць святых будынкаў прынамсі на палатне.

Вынікам пленэра, мэтай якога заяўлялася нанова адкрыць прыгажосць комплексу, сталася каля 20 прац, ад дзіцячых карцін да твораў прафесійных мастакоў.

У нядзелю 23 траўня адбылося адкрыцце выставаў пасляпленэрных твораў у Чырвоным Касцеле. На працягу гэтага тыдня карціны можна убачыць у выставачнай залі касцела св. Сымона і Алены.