“Салідарнасць бурыць муры” (фота, відэа)

Актывісты "Еўрапейскай Беларусі" прынялі удзел у акцыі салідарнасці з беларускімі палітвязнямі і іх сем'ямі, якая прайшла 16 лютага ў Варшаве на Замкавым пляцы.

Беларусы, якія жывуць у Варшаве, сабраліся разам каб адзначыць Дзень Салідарнасці.Акцыя складалася з некалькіх частак. У першай часцы з дапамогай відэапраэктара жыхарам Варшавы дэманстраваўся відэафільм,які распавядаў аб падзеях 19 снежня ў Беларусі.Адначасова беларусы пабудавалі жывы ланцуг і трымалі ў руках партрэты палітвязняў і вялікі банэр”STOP TERROR IN BELARUS”.Некалькі чалавек распаўсюджвалі ўлеткі з інфармацыяй аб цяперашняй сітуацыі з палітзняволенымі.

У другой часцы акцыі быў пабудаваны адмысловы мур, які сымбалізаваў усе беларускія муры, за якімі знаходзяцца палітычныя апанэнты беларускага рэжыму. Да гэтага мура падыходзілі варшавякі, якія пісалі словы салідарнасці і падтрымкі.Таксама жыхары польскай сталіцы мелі магчымасць падпісаць паштоўкі да сем’яў сучасных беларускіх герояў.На прыканцы акцыі сымбалічны мур быў разбураны актывістамі.

Як адзначыў каардынатар грамадзянскай кампаніі “Еўрапейская Беларусь” Зміцер Бародка: “Беларусы мусяць выходзіць на гэтыя акцыі як найменей раз на месяц, каб адзначыць гэты дзень нашай салідарнасці з сем’ямі зніклых лідараў беларускай апазіцыі, а таксама палітвязнямі, якія зараз церпяць за свабоду Беларусі. Мы павінны таксама нагадваць Еўропе і ўсяму Свету аб тым,што дагэтуль тыран утрымлівае дзясяткі людей у вязнях за свае палітычныя погляды, за сваю прагу да свабоды.Тэма Беларусі не мусіць знікаць з эфіру асабліва на тле апошніх падзей у Тунісе, Егіпце і Іране.”

відэа “Салідарнасць бурыць муры”