Санкцыі працуюць

Снежань 2010 г. мусіў яшчэ раз навучыць усіх, што рэжым Лукашэнкі рэагуе толькі на жорсткі эканамічны дыктат, калі яго ўмоўная патыліца судакранаецца з умоўным дулам умоўнага фінансава-эканамічнага пісталета і магчымасць манеўравання раўняецца нулю. «Утром стулья – вечером деньги».

Вось мы і бачым, як дрыгнуў рэжым: арыштаваным па «справе 19 снежня» пачалі змякчаць абвінавачанні ды, адпаведна, пакаранні. Рэжым дзейнічае цалкам рацыянальна на фоне «перадынфарктнага» стану фінансавай сістэмы, амаль непазбежнай дэвальвацыі беларускага рубля і дакладна непазбежнага ўдару па матэрыяльным становішчы насельніцтва краіны. А значыць і па лаяльнасці насельніцтва да ўлады.

Тыя адзінкавыя замежныя інвестары, каму паняшчасціла ўкласціся ў Беларусь, пачалі выводзіць свае грошы.
Надзеі на прыток новых замежных інвестараў, сумнеўныя і раней, пасля цяперашніх фінансавых праблемаў робяцца канчаткова ілюзорнымі. Без істотнага станоўчага іміджавага сігналу ніхто ў Беларусь ужо не пойдзе. А найлепшым іміджавым сігналам інвестыцыйнай супольнасці можа быць толькі дэмакратызацыя і паляпшэнне адносін з іншымі краінамі.

Уладам неабходная валюта, неабходныя грошы. Расійскія грошы. Еўрапейскія грошы. Хоць якія грошы, каб падтрымаць стары лад свайго існавання ды ілюзію дабрабыту яшчэ на год, яшчэ на паўгода. Усё гэта дае адназначны адказ што да мэтазгоднасці ўвядзення эканамічных санкцый з боку заходніх краін.

Снежань 2010 г. мусіў яшчэ раз навучыць усіх, што рэжым Лукашэнкі рэагуе толькі на жорсткі эканамічны дыктат, калі яго ўмоўная патыліца судакранаецца з умоўным дулам умоўнага фінансава-эканамічнага пісталета і магчымасць манеўравання раўняецца нулю. «Утром стулья – вечером деньги».

Тое, што Лукашэнка зменшыў магчымыя прысуды палітычным вязням, павінна не аслабляць волю Захаду з нагоды «прагрэсу ў справе дэмакратызацыі беларускага рэжыму».
Гэта мае быць сігналам, што канкрэтныя эканамічныя санкцыі трэба ўводзіць неадкладна і ў найбольш жорсткай версіі: рэжым іх баіцца, а іх сур’ёзная пагроза сапраўды здольная натхніць яго на дзеянні. Гэтую сур’ёзную пагрозу самы час прадэманстраваць. Весці перамовы з Лукашэнкам Захад мусіць не наконт увядзення эканамічных санкцый, а наконт іх зняцця.

Таксама відавочна, што сёння Беларусь чарговы раз апынаецца ў максімальнай залежнасці ад Расіі, ажно да таго, што Крэмль нібы той МВФ патрабуе ад беларускага ўраду пераканаўчую праграму рэформаў для таго, каб пачаць перамовы па крэдыце. Прадставіць-та план прыўладныя эканамісты могуць, але ці павераць у яго выкананне расійцы – ужо іншае пытанне. Асобнае пытанне – чаго яны запатрабуюць ад беларускага рэжыму і што будуць рабіць з гэтым рэжымам пасля таго, як атрымаюць тое, чаго запатрабуюць?

Так ці іначай, ключ да трансфармацыі беларускага рэжыму ляжыць у Крамлі. Расія мела, мае і будзе мець нашмат больш выгадную перамоўную пазіцыю з Лукашэнкам, чым Захад. Гэта азначае, што трансфармацыя рэжыму ў Менску адбудзецца ці па волі Крамля, ці прынамсі з яго санкцыі, але хутчэй за ўсё ніяк не раней, чым расійскае кіраўніцтва дасць на гэта канчатковую згоду.

Адсюль выснова, што калі Еўропа і ЗША хочуць сапраўды дапамагчы Беларусі, яны абавязаныя наладжваць дыялог па беларускім пытанні з Масквою.
І хай апантаныя нацыяналісты не спяшаюцца з абвінавачаннямі. Дыялог Захаду з Масквой патрэбны Беларусі не ў апошнюю чаргу для таго, каб, як бы гэта ні гучала, абараніць незалежнасць Беларусі. Калі пакінуць Маскву сам-насам з Лукашэнкам і Беларуссю, будзе лагічна чакаць, што Беларусь згубіць не толькі буйную дзяржаўную маёмасць, але і ўласную валюту, войска і шмат што іншае, ажно да ўвядзення кантынгенту расійскіх войскаў для падтрымання парадку ў выпадку, калі адстаўка Лукашэнкі будзе суправаджацца сур’ёзнымі хваляваннямі.

Толькі ўключэнне Крамля ў распрацоўку «дарожнай мапы» трансфармацыі беларускай улады дапаможа ўзгадніць з ім «адступныя». Якім бы ні быў тамтэйшы рэжым і якім бы ні было традыцыйнае стаўленне да Расіі з боку часткі апазіцыі.