Суд над Дароніным, Казаковым, Лобанам, Мацукевічам, Сакрэтам, Федаркевічам. Другі дзень
6 траўня ў судзе Маскоўскага раёну Менску працягваецца працэс у крымінальнай справе удзельнікаў Плошчы Дзьмітрыя Дароніна, Сяргея Казакова, Уладзімера Лобана, Віталя Мацукевіча, Яўгена Сакрэта, Алега Федаркевіча. Яны абвінавачваюцца па частцы.2 арт.293 «Масавыя беспарадкі». Судзьдзя Алена Шылько
17:05 Разгляд матэрыялаў закончаны — перапынак у судзе да 10.00 гадзінаў 10 траўня.
16:50 Судзьдзя працягвае разгляд матэрыялаў справы – памер матэрыяльнай шкоды Дому ўраду, заключэньні экспэртызаў, пратаколы азнаямленьня пацярпелых і г.д. – усё скарагаворкай.
16:25 Судзьдзя працягвае зачытваць пратакол агляду плошчы пасьля падзеі і называе знойдзеныя прадметы: сякера, сьцяг “За Някляева”, каністры, шапкі, мабільныя тэлефоны, пакеты з пляшкамі.
Экспэртыза зьместу каністраў, нібыта, засьведчыла, што яны былі напоўненыя бэнзінам, дызэльным палівам і вадой.
16:05 Адвакатка Мацукевіча пратэстуе супраць пытаньняў пракурора. Судзьдзя адхіліла пратэст. На пытаньне пракурора Мацукевіч сьведчыць, што ён і астатнія мелі магчымасьць пакінуць плошчу. Прадметаў зьбіцьця ў людзей ня бачыў, заклікаў разысьціся ня чуў. Судзьдзя мяняе парадак правядзеньня паседжаньня і са згоды пацярпелых распачынае разгляд матэрыялаў справы.
15:55 Чытаньне паказаньняў пацярпелых скончана.
Пракурор задае пытаньне Сакрэту: ці правамерныя былі дзеяньні міліцыі? Сакрэт кажа – ня можа ацаніць іх правамернасьць.
Судзьдзя Мельнік запытвае Лобана, чаму спэцназаўцы заяўляюць, што іх білі, а абвінавачаныя кажуць, што нікога ня білі.
Лобан адказвае ў адпаведнасьці з паказаньнямі — ня бачыў, каб білі.
Казакевіч таксама – настойвае на сваіх паказаньнях, што ня бачыў, каб людзі білі спэцназ, а таксама, каб папярэджвалі пра неабходнасьць разыходзіцца.
У адказ на пытаньне пракурора Федаркевіч заявіў, што бачыў чалавека з разьбітай галавой на прыступках Дому ураду і больш пацярпелых ня бачыў. Пацьвердзіў, што ніякіх папярэджаньняў разыходзіцца ня чуў. На пытаньне, ці бачыў зьбіцьцё спэцназаўцаў, пацьвердзіў, што ня бачыў.
15:40 Зачытваньне паказаньняў пацярпелых працягваецца. Спэцназаўцы таксама пасьлядоўна сьведчаць, што людзі выгуквалі на іх адрас абразы ў выглядзе фраз “лукашысты” і “фашысты”, а таксама “міліцыя з народам”. Прысутныя ў судовай залі спэцназаўцы пазяхаюць, абвінавачаныя пытаньняў не задаюць, яны выглядаюць стомленымі. Міліцэйская ахова пры іх увесь час мяняецца.
15:20 У адным з зачытаных паказаньняў спэцназавец засьведчыў, што ў яго быў выяўлены “ўшыб нагі цемянной вобласьці зьлева”, што выклікала сьмех і ажыўленьне ў зале. Судзьдзя працягвае зачытваць аднатыпныя і стандартныя паказаньні адсутных у судовай залі пацярпелых спэцназаўцаў: мітынгоўцы нібыта мацюкаліся і біліся, а яны былі вымушаныя абараняцца. Хто менавіта іх зьбіваў, ня памятаюць і не пазнаюць – усё адбывалася хутка.
Судзьдзя працягвае зачытваць аднатыпныя і стандартныя паказаньні адсутных у судовай залі пацярпелых спэцназаўцаў: мітынгоўцы нібыта мацюкаліся і біліся, а яны былі вымушаныя абараняцца. Хто менавіта іх зьбіваў, ня памятаюць і не пазнаюць — усё адбывалася хутка.
14:50 Судзьдзя зачытвае паказаньні ў якіх гаворыцца, што спэцназаўцы стваралі адмысловыя калідоры, каб людзі маглі пакінуць плошчу. Затрымлівалі асабліва актыўных і буйных. Сьведка кажа, што сутыкненьняў зь людзьмі ня бачыў, але бачыў, як людзі білі спэцназаўцаў. Спэцназаўцы сьведчаць, што мелі задачу праводзіць асьветную работу з актыўнымі грамадзянамі і праводзілі гэтую працу.
14:30 Судзьдзя зачытала прозьвішчы спэцназаўцаў, якія не зьявіліся ў суд з прычыны адпачынку і прапанавала зачытаць іх паказаньні, дадзеныя падчас сьледзтва. Пракурор пагадзіўся, адна з адвакатак выказалася за абавязковую прысутнасьць. Падсудныя пагадзіліся з адсутнасьцю пацярпелых, судзьдзя зачытвае паказаньні.
14:25 Наступны пацярпелы — міліцыянт Дзяніс Булавацкі. Сьведчыць аналягічна: распавядае, што “расьсякалі натоўп”, пасьля яго абкружалі і “зачышчалі плошчу”. Кажа, што яму пашкодзілі вуха, калі “натоўп” спрабаваў вырваць іх з шэрагаў і зацягнуць да сябе. Атрымаў мэддапамогу, лісток непрацаздольнасьці не атрымоўваў. Кажа, што калі спэцназаўцы пад’ехалі да Дому ўраду, то каля гадзіны заставаліся ў транспарце.
Булавацкі сьцьвярджае, што каля Дому ўраду людзей з кола выпускалі, тых, хто хацеў выйсьці. Затрымлівалі “асабліва буйных”.
14:22 Адвакат прыйшоў. Працэс аднавіўся.
14:15 Працэс аднаўляецца, у залю зайшла судзьдзя Алена Шылько. Судзьдзя абвясьціла перапынак на некалькі хвілін з-за адсутнасьці аднаго з адвакатаў. Усе застаюцца ў залі чакаць
12.00 У судзе абвешчаны перапынак да 14.15.
11:40 Наступны сьведка – спэцназавец Дзяніс Гушча.
Дае паказаньні аналягічныя папярэднім спэцназаўцам — упэўнена пра зьбіцьцё і блытана пра тое, што выгуквалі мітынгоўцы, колькі было пры Доме ўраду. Але пасьля выгнаньня людзей з плошчы, бачыў там пакінутыя палкі і мэталёвыя пруты. Атрымаў ушыб калена, нікога з абвінавачаных не пазнаў.
11:10 Пачаўся допыт пацярпелага байца спэцназу Аляксея Сакача. Кажа: сарвалі зь яго шлем, адцягнулі ад тулава шчыт і ўдарылі па тулаву. З абвінавачаных таксама нікога не прызнаў. Вельмі блытана ўзгадвае як абражалі мітынгоўцы і што выгуквалі.
11:00 Распачынаецца допыт спэцназаўца Ігара Зінкевіча.
Чарговы пацярпелы, які ціха і ня выразна называе сваё месца нараджэньня і жыхарства, адукацыю. Адзін з чатырох пацярпелых сказаў, што мае вышэйшую адукацыю, астатнія сярэдне-спэцыяльную. Ігар Зінкевіч у дадатак да сказанага сваімі калегамі ўзгадвае пра вогнетушыцель, якім ці то білі, ці то пырскалі на яго — з прамоўленага ім не зразумела. Таксама добра памятае і падае падрабязнасьці зьбіцьця і нічога не ўзгадае колькі часу білі шкло, як шмат людзей гэта рабілі, колькі людзей было на плошчы.Кажа, што разы два патрапіў па людзях дубінкай, калі адбіваўся. Тлумачыць, што нічога ня памятае, бо канцэнтраваў увагу толькі на трох чалавеках, якія яго зьбівалі. Але на пытаньне адвакатаў, ці пазнаў бы — сказаў, што не. Таксама на пытаньне судзьдзі, ці маглі людзі сысьці з плошчы, калі хацелі, ці была магчымасьць — сказаў што так: “мяне акацілі вогнетушыцелем — я і пайшоў”, што выклікала сьмех у прысутных.
10:25 Распачынаецца допыт спэцназаўца Дзяніса Гушчы.
Ён кажа, што падымаў спэцназаўцаў, якія падалі на прыступках Дому ўраду, бо іх зьбівалі. Яго асабіста таксама хтосьці ўдарыў драўлянай палкай па галаве, а затым цяжкім прадметам ззаду. Тым ня менш, ён устаў і працягваў дапамагаць папярэджваць супрацьпраўныя дзеяньні натоўпу. Кажа, што па іх білі палкамі, вудамі, у іх ляцелі пляшкі.
10:45 Распачынаецца допыт сьведкі спэцназаўца Аляксандра Волкава.
Волкаў дае паказаньні паводле прыкладу папярэдніх выступоўцаў: дэтальна апісвае працэс зьбіваньня спэцназаўцаў палкамі, вудамі і мэталічнымі прутамі, пра абразы з боку мітынгоўцаў. Але ня можа ўзгадаць, якія каманды і калі атрымоўваў, колькі знаходзіўся ў ачапленьні, адкуль папярэджвалі зь мэгафонаў, колькі людзей было на плошчы, нават ступень цяжкасьці сваіх траўмаў. Ня можа адказаць што было на плошчы пасьля “зачысткі”, нікога з абвінавачаных не прызнаў. Ня бачыў як супрацоўнікам міліцыі наносіліся ўдары, толькі памятае, як білі яго самога.
10:25 Распачынаецца допыт спэцназаўца Дзяніса Гушчы.
Ён кажа, што падымаў спэцназаўцаў, якія падалі на прыступках Дому ўраду, бо іх зьбівалі. Яго асабіста таксама хтосьці ўдарыў драўлянай палкай па галаве, а затым цяжкім прадметам ззаду. Тым ня менш, ён устаў і працягваў дапамагаць папярэджваць супрацьпраўныя дзеяньні натоўпу. Кажа, што па іх білі палкамі, вудамі, у іх ляцелі пляшкі.
Пасьля папрасіўся ў шпіталь, дзе яму канстатавалі ўшыб левай ягадзіцы. З абвінавачаных нікога не пазнаў.
10:06 Пачаўся допыт пацярпелых — першы супрацоўнік міліцыі Дзьмітры Скараход.
Скараход (супрацоўнік міліцыі, які ўжо сьведчыў на трох працэсах над удзельнікамі Плошчы) кажа, што мітынгоўцы спрабавалі прарваць ланцуг перад Домам ураду з дапамогай палак і мэталічных прутоў. Сарвалі зь яго каску і білі ўжо рукамі па галаве. Але ён ўстаў і вярнуўся ў шыхт. Пасьля яго накіравалі ў шпіталь з чэрапна-мазгавой траўмай.
Скараход кажа, што праз узмацняльную апаратуру ўвесь час міліцыянты абвяшчалі, каб людзі разыходзіліся. Мітынгоўцы яго абражалі, кідалі сьнег і лёд. З абвінавачаных Скараход не пазнаў нікога. Хто яго біў – ня ведае, дзе стаяла ўзмацняльная апаратура, таксама ня ведае.
10:05 Судовае паседжаньне распачалося. Судзьдзя патлумачыла новым сьведкам — пяці спэцназаўцам — іх правы і абавязкі ў якасьці пацярпелых.
9:55 Запускаюць у залю адвакатаў і прадстаўнікоў абвінавачваньня. Прыйшлі 9 чалавек пацярпелых міліцыянтаў, якія занялі першую лаву ў залі суду. Некалькі хвілінаў далі магчымасьць для прэсы зрабіць здымкі. На працэсе прысутнічаюць праваабаронцы – Уладзімер Лабковіч і прадстаўнік АБСЭ Сяргей Остаў.