Пракурор просіць Лобану і Федаркевічу па 3,5 году строгага рэжыму, Сакрэту, Казакову, Дароніну, Мацукевічу — па 4 гады.Суд, чацьвёрты дзень
11 траўня ў судзе Маскоўскага раёну Менску працягваўся працэс над удзельнікамі Плошчы. На лаве падсудных: Дзьмітры Даронін, Сяргей Казакоў, Уладзімер Лобан, Віталь Мацукевіч, Яўген Сакрэт, Алег Федаркевіч. Яны абвінавачваюцца па частцы 2 арт. 293 «Масавыя беспарадкі».
17.07 Прысуд будзе агучаны 12 траўня, а 16-й гадзіне.
16.54 Абвінавачаныя пачынаюць выступаць з апошнім словам.
Даронін сказаў, што свае дзеяньні кваліфікуе як хуліганства, але ён ня ўдзельнічаў у масавых беспарадках.
Лобан папрасіў літасьці. Ён сказаў, што супраць гвалту, які спараджае гвалт.
Сакрэт падкрэсьліў, што сваімі сьведчаньнямі спрыяў сьледзтву. Сакрэт просіць не пазбаўляць яго волі на доўгі тэрмін. Ён ня лічыць, што ўдзельнічаў у масавых беспарадках. Падкрэсьлівае, што гэта была мірная акцыя, і ніхто ня меў намеру захопліваць урад. Кажа, што дзейнічаў у межах самаабароны.
Федаркевіч пытаецца: як ягоная прамова паўплывае на прысуд? Усе сьмяюцца.
Федаркевіч кажа: для раба не галоўнае свабода — для раба галоўнае помста. Калі адзін чалавек лічыць для сябе магчымым быць вышэй над Канстытуцыяй і караць іншых за нейкія дзеяньні, то гэта і ёсьць самая вялікая несправядлівасьць.
Казакоў кажа: маё жыцьцё будзе на вашым сумленьні. Просіць літасьці і зьменшыць тэрмін зьняволеньня. Кажа, што ў судзе няма яго маці, але яна яго зразумее.
Казакоў: «Рана ці позна прыйдзе час, калі за гэта прыйдзецца адказваць. Я буду змагацца і ведаю, што я не адзін — мы будзем змагацца».
Мацукевіч: Я прызнаю, што выгукваў фразу «Беларусы, сюды!». Але, знаходзячыся ў СІЗА, думаў — што тут крымінальнага? Там было яшчэ два чалавекі, якія далі пакаяльныя сьведчаньн, іх адпусьцілі, а ён застаўся. Кажа, што раскайваецца за сваю фразу. Просіць прабачэньня ў бацькоў, што прынёс ім гора і расстройства. У залі плачуць сваякі. Просіць не пазбаўляць яго волі.
16.35 Абвінаваўца не пагаджаецца з абаронай. Ён настойвае, што дзеяньні абвінавачаных падпадаюць пад артыкул 293 Крымінальнага кодэксу. Пракурор заяўляе пра сукупную адказнасьць — незалежна ад таго, учынялі яны названыя дзеяньні альбо не. Пракурор настойвае на тым, што дзеяньні абвінавачаных былі неадэкватнымі.
16.25 Слова бярэ адвакатка Сакрэта.Яна падкрэсьліла, што падчас працэсу пракурор часта ўзгадваў слова натоўп, які называў «бясчынствуючым», «разбуральнай сілай» і г.д. А судзяць толькі некалькі чалавек — чаму не натоўп?
Цьвікадзёр у яго з сабой быў таму, што ягоны майстар на працы прасіў выканаць тэрміновую працу. Характарызуе падабароннага як добрасумленнага працаўніка. Адвакатка падкрэсьлівае, што Яўген Сакрэт мае вышэйшую адукацыю, піша вершы і прозу, захапляецца садаводзтвам. Што ён — не разбуральнік і пагромшчык, а стваральнік і творчая асоба. На плошчы ўдарыў 1-2 разы па агароджы пад уплывам дзеяньняў спэцназаўцаў, якія зьбівалі людзей. Кажа, што ягоныя дзеяньні не ўяўляюць небясьпекі для грамадзтва. Просіць пакараць без пазбаўленьня волі.
16.11 Адвакатка Лобана таксама сьведчыць пра тое, што дзеяньні ўдзельнікаў акцыі пратэсту ня могуць кваліфікавацца як масавыя беспарадкі, якія суправаджаюцца гвалтам і забойствамі. Таксама не было ўзброенага супрацьдзеяньня прадстаўнікам улады, паколькі зброі там не было. А тыя ледасекі, сякеры, рыдлёўкі і цьвікадзёры, пра якія сьведчылі пацярпелыя — зьяўляюцца сельгасінтэнтаром.
Адвакатка падкрэсьлівае, што адабраўшы ў спэцназаўца шчыт, Лобан вярнуў яго цэлым і непашкоджаным назад.
Яна таксама падкрэсьлівае, што яе падабаронны Лобан не ўчыняў падпалаў, пагромаў.
Адвакатка таксама падкрэсьлівае, што Лобан вырас у шматдзетнай сям’і, старэйшы сярод дзяцей, мае вышэйшую адукацыю і зьяўляецца кармільцам сям’і. Што ён добрасумленны працаўнік і годны чалавек. Просіць яго апраўдаць.
15.58 Выступае адвакатка Мацукевіча. Яна пасьлядоўна абвяргае ўсе вылучаныя яе падабароннаму абвінавачаньні. Кажа, што няма артыкулу, паводле якога можна караць за заклік «Беларусы, сюды!» — тое, што крычаў падабаронны Мацукевіч. Паводле адвакаткі, у дзеяньнях яе падабароннага ня ўтрымліваецца складу злачынства, якое можа быць пакаранае зьняволеньнем, тэрмінам да 8 гадоў. Просіць судзьдзю не дапусьціць, каб адносна маладога чалавека была ўчыненая несправядлівасьць. Просіць, каб яму быў вынесены апраўдальны прыгавор.
15.32 Пачынае выступаць адвакат Дзьмітрыя Дароніна. Яна заяўляе, што яе падабаронны ніякая шкоды не ўчыніў. Адвакатка таксама абвяргае сьцьвярджэньне абвінавачваньня, што Даронін удзельнічаў у масавых беспарадках, паколькі такіх беспарадкаў не было. Адвакатка таксама заяўле, што відэаматэрыялы не пацьвярджаюць абвінавачваньне, што Даронін зьбіваў супрацоўнікаў міліцыі. Адвакатка не разумее, чаму супрацоўнікі праваахоўных органаў праводзілі здымкі, як ламаюць дзьверы, але не спрабавалі спыніць супрацьпраўныя дзеяньні.
Тое, што мітынгоўцы выгуквалі «Міліцыя з народам!», — сьведчылі і самі спэцназаўцы. Але ніхто не казаў і не было чутна на відэа «Бі міліцыянтаў!». Адвакатка кажа, што заявы спэцназаўцаў пра зьбіцьцё, не адпавядаюць рэчаіснасьці. Адвакатка таксама параўноўвае масавыя беспарадкі, якія адбываюцца ў іншых краінах, з тымі падзеямі, якія адбываліся ў Менску. Адвакатка заяўляе, што ў дзеяньнях Дароніна ня ўтрымліваецца складу злачынства, якое характарызуецца артыкулам 293 Крымінальнага кодэксу.
15.15 Выступае адвакат Федаркевіча. Ён пагаджаецца з выказваньнем калегі і пацьвярджае заяву, што падзеі на плошчы Незалежнасьці не зьяўляюцца масавымі беспарадкамі. Адвакат спасылаецца на заявы сьведак, што дзьверы білі толькі некалькі чалавек.
Адвакат спасылаецца на несупадзеньні фактаў у матэрыялах папярэдняга сьледзтва.
Адвакат падтрымлівае калегу, адвакатку Сяргея Казакова, што існуюць некалькі пратаколаў агляду плошчы пасьля падзеяў, якія істотна розьняцца адзін ад другога. Пратаколы агляду супярэчлівыя, заяўляе адвакат.
Адвакат просіць апраўдаць свайго падабароннага.
15.03 Судовае паседжаньне аднавілася. Выступаюць адвакаты
Адкаватка Сяргея Казакова заяўляе, што кваліфікаваць дзеяньні падсудных як наўмыснае аб’яднаньне ў «адзіную разбуральную сілу», як гэта кваліфікаваў пракурор Мельнік, — нельга. Бо ў гэтым выпадку матэрыяльная шкода, учыненая будынку Дому ўраду, была б значна большай, чым названыя 14 мільёнаў 480 тысяч рублёў.
Адвакатка таксама заяўляе, што ў паводзінах Сяргея Казакова адсутнічаюць дзеяньні, якія можна кваліфікаваць паводле артыкулу 293. Просіць апраўдаць.
13.48 Абвешчаны перапынак да 14.30
13.45 Пракурор працягвае зачытваць абвінавачаньне, што падсудныя арганізавана ўдзельнічалі ў масавых беспарадках і іх дзеяньні былі скіраваныя на шкоду матэрыяльную і фізычную.
Заявы абвінавачаных, што яны ня чулі папярэджаньняў разыходзіцца, — да гэтых заяваў неабходна ставіцца крытычна, бо спэцназаўцы сьведчылі, што такія абвесткі былі.
Пракурор просіць суд кваліфікаваць дзеяньні як цяжкія злачынствы.
Даронін і Мацукевіч былі нападпітку — гэта абцяжарвае іхную віну.
Пракурор просіць Лобану і Федаркевічу па 3,5 года строгага рэжыму, астатнім — па 4 гады.
13.22 Пракурор кажа, што абвінавачаны Мацукевіч не прызнае сваёй віны. Абвінаваўца просіць крытычна ставіцца да сьведчаньня Мацукевіча, які хоча зьменшыць сваю віну. Кажа, што ягоная віна даказаная відэаматэрыяламі і сьведчаньнямі.
Таксама Мельнік просіць даць належную ацэнку фразе «Беларусы, сюды!».
Ён заяўляе, што менавіта гэтая фраза натхніла людзей ламаць дзьверы.
Пракурор заяўляе, што віна падсудных таксама пацьверджаная пратаколам агляду месцам здарэньня, матэрыяламі, сканфіскаванымі падчас ператрусаў.
Паводле абвінаваўцы, пасьля падзеяў на Плошчы заставаліся пляшкі з вадкасьцю, на адной было напісана «Раствор перакісу вадароду», была арматура, мэталёвыя пруты, драўляныя палкі.
Гэткім чынам, мітынгоўцы загадзя былі падрыхтаваныя да пагромаў і падпалаў, якія суправаджаліся гвалтам над асобай.
Пракурор кажа, што да сьведчаньняў абвінавачаных неабходна ставіцца крытычна. Бо адваротныя сьведчаньні дадзеныя супрацоўнікамі спэцназу і відэаматэрыяламі.
Пракурор кажа, што толькі Даронін не прызнаў сваёй віны, а таму да ягоных сьведчаньняў неабходна ставіцца асабліва крытычна. З такой прапановай Мельнік зьвярнуўся да судзьдзі Шылько.
13.20 Абвінавачаньне Дароніну аналягічнае. Пракурор заяўляе, што віна даказаная сьведкамі і яна кваліфікуецца, як і адносна папярэдніх абвінавачаных, паводле артыкула 293 Крымінальнага кодэксу. Таксама віна даказаная відэаздымкамі.
13.16 Чытаюць абвінавачаньне Федаркевічу.
Яно аналягічнае папярэднім: не зважаючы на частковае прызнаньне, ягоная віна пацьвярджаецца відэаздымкамі.
13.11 Пракурор зачытвае абвінавачаньне Казакову.
Ён заклікае суд крытычна глядзець на паказаньні абвінавачанага, які заявіў, што яго білі спэцназаўцы і што ён сам ня меў на мэце ламаць дзьверы, каб патрапіць у будынак Дома ўраду.
Ягоная віна даказаная. Доказы падмацоўваюцца паказаньнямі спэцназаўцаў і відэазапісамі.
Абвінаваўца просіць браць за аснову паказаньні супрацоўнікаў спэцназу.
13.04 Пракурор Мельнік пачаў зачытваць абвінавачаньне Яўгену Сакрэту.
Заяўляе, што не зважаючы на тое, што Сакрэт часткова прызнаў сваю віну, ягоная віна даказаная.
Віна даказаная цалкам празь сьведчаньні супрацоўнікаў спэцназу і відэаматэрыялы.
Ягоныя дзеяньні, паводле пракурора, — наўмысныя, скіраваныя на шкоду і збройны супраціў прадстаўнікам улады.
12.46 Судзьдзя абвяшчае, што распачынаюцца судовыя спрэчкі.
Абвінаваўца зачытвае імёны абвінавачаных, заяўляе, што яны ўдзельнічалі ў масавых беспарадках і пагромах. Што яны выкарыстоўвалі надуманыя падставы пра недэмакратычнасьць выбараў і фальшаваньні.
Што далучыліся да «бесчинствующей толпы» і з прымяненьнем рыдлёвак, сякераў, пляшак з запальнай сумесьсю нанесьлі шкоду больш як на 14 мільёнаў рублёў Дому ўраду.
Пералічвае спэцназаўцаў, якім была нанесеная фізычная шкода.
Пракурор дакладна паўтарае абвінавачаньне, якое ён зачытаў напачатку судовага слуханьня.
Лобан — вырваў шчыт у супрацоўніка міліцыі і падтрымліваў людзей, які білі.
Сакрэт — учыніў збройны супраціў, стукаў цьвікадзёрам.
Казакоў — ударыў рукамі і нагамі па агароджы і спрабаваў прарваць ланцуг міліцыянтаў.
Федаркевіч — разьбіваў шкло і 75 разоў ударыў па агароджы, прарываў ачапленьне.
Даронін — брыдкасловіў і спэцыяльнымі прыладамі біў па дзьвярах і па шчытах міліцыянтаў.
Мацукевіч — тры разы ўдарыў па шкле і на ўласным прыкладзе заклікаў натоўп да гвалту.
Кажа, што віна ўсіх шасьці даказаная.
Пракурор зачытвае сьведчаньні саміх абвінавачаных.
Пракурор кажа, што вінаватасьць Лобана пацьверджаная сьведчаньнямі, відэаматэрыяламі, хоць ён прызнаў віну часткова.
Пракурор заяўляе, што дзеяньні Лобана былі наўмыснымі, скіраванымі на супрацьдзеяньне і шкоду прадстаўнікам улады.
12.44 Адвакатка Дароніна хадайнічала, каб да справы далучылі станоўчыя характарыстыкі. Судзьдзя задаволіла хадайніцтва.
Адвакатка Казакова таксама хадайнічала, каб далучылі станоўчыя характарыстыкі зь месца працы і вучобы. Хадайніцтва задаволенае.
Таксама судзьдзя задаволіла хадайніцтва, каб да справы далучылі характарыстыкі на Сакрэта.
Адвакат Федаркевіча хадайнічаў аб далучэньні да справы дакумэнтаў пра тое, што ён інвалід другой групы. Хадайніцтва задаволенае.
12.40 Адвакатка Мацукевіча хадайнічае пра допыт міліцыянтаў-сьведак, якія вялі відэаздымку.
Пракурор пратэстуе.
Судзьдзя хадайніцтва адхіліла.
Допыт сьведкі скончаны.
Адвакатка Казакова просіць прагледзець відэазапісы з камэраў зьнешняга назіраньня на плошчы Незалежнасьці. Абвінаваўца пратэстуе.
Судзьдзя хадайніцтва адхіліла на той падставе, што няма працэсуальных нормаў выманьня такіх запісаў.
12.18 Наступны сьведка — Саўчук.
Сьведка кажа, што нікога з абвінавачаных ня бачыў і ня ведае. Кажа, што быў каля прыступак Дома ўраду. Кажа, што чуў і бачыў, як білі шкло.
Сьведка заяўляе, што шкло білі 5–10 чалавек. Супрацоўнікі міліцыі іх не спынялі. Заклікаў разысьціся ён ня чуў ніводнага.
Паводле сьведкі, прысутныя спрабавалі адцягнуць ад дзьвярэй тых, хто біў шкло.
У мітынгоўцаў ён бачыў (максымум) вуды, на якіх былі сьцягі. Больш нічога ў людзей ня бачыў. Кажа, што тых, хто біў шкло, супрацоўнікі міліцыі не затрымлівалі, калі выйшлі з двара Дома ўраду.
Сьведка заяўляе, што калі міліцыянты «расьсеклі» групу людзей, то многія спрабавалі адысьці ад Дома ўраду, але такога шанцу ўжо не было.
На пытаньне пракурора сьведка пацьвярджае сваё паказаньне, што ў дзьверы білі ня больш за 5–10 чалавек. Сьведка называе іх правакатарамі.
Судзьдзя заяўляе, што, паводле відэа, у дзьверы біла шмат людзей.
Сьведка па-ранейшаму сьцьвярджае, што дзьверы білі і адчынялі ня болей за 5–10 чалавек.
Судзьдзя нэрвуецца і заяўляе, што сама разам з пракурорам на відэа бачыла шмат людзей, якія білі дзьверы, і патрабуе сьведку паўтарыць паказаньні.
Паводле яго, астатнія — журналісты і разявакі.
Судзьдзя нагадвае сьведку, што ён сам адбываў 10-суткавае зьняволеньне за ўдзел у падзеях на Плошчы.
12.10 Саранчук кажа, што нікога ня ведае з абвінавачаных.
Сьведка кажа, што быў на плошчы Незалежнасьці разам з усімі і чуў звон шкла.
Ён кажа, што людзі побач зь ім на гэта крычалі, што гэта правакацыя, і заклікалі адзін аднаго стаяць на месцы і не паддавацца на правакацыі.
Кажа, што ня бачыў у руках людзей ніякіх сякераў, арматуры. Ніякага супраціву міліцыі ніхто не чыніў.
Ніякіх заклікаў біць і граміць ня чуў. Нібыта чуў, што міліцыя папярэджвала разысьціся, але вельмі слаба.
У руках людзей былі сьцягі і вуды са сьцягамі, тэрмасы.
Людзі ў цывільным таксама парадку не наводзілі.
Кажа, што побач зь ім людзі нічога не ўчынялі.
Допыт сьведкі скончаны.
12.08 Адвакат Дароніна хадайнічала пра допыт двух сьведкаў. Пракурор быў супраць, але судзьдзя задаволіла хадайніцтва.
У залю запрошаны сьведка Саранчук.
12.03 Судзьдзя зачытвае паказаньні пацярпелага міліцыянта, які з паважных прычын ня здолеў прысутнічаць на паседжаньні.
11.55 Пракурор просіць Мацукевіча патлумачыць ягоную пазыцыю што да частковага прызнаньня віны. Мацукевіч кажа, што прызнае віну часткова, што ўзяў удзел у несанкцыянаваным мітынгу, бо ня ведаў пра забарону акцыі. «Беларусы, сюды!» выгукнуў, паддаўшыся эмоцыям, але сышоў з плошчы раней за іншых і ня біў шкло.
Пра гэта сьведчыць і той факт, што яго затрымалі праз тры месяцы пасьля падзеяў, кажа Мацукевіч.
Даронін сьведчыць разам з Мацукевічам, што яго таксама выклікалі на гаворку ў міліцыю праз тры месяцы пасьля падзеяў, а ў выніку іх затрымалі і зьвінавацілі паводле крымінальнай справы.
Судзьдзя дамагаецца ад Мацукевіча, Дароніна і Федаркевіча адказу на пытаньне: чаму яны, а ня іншыя ўдзельнікі, апынуліся ў залі суду.
Мацукевіч кажа: «За фразу «Беларусы, сюды!».
Даронін і Федаркевіч нічога не адказалі.
11.44 Судзьдзя перапытвае Федаркевіча: ці падтрымлівае той сваю пазыцыю, што адмаўляе ўдзел у масавых беспарадках і прызнае, што вымаў шкло зь дзьвярэй і біў па загародках?
Пракурор настойвае, што Федаркевіч быў адным з актыўных удзельнікаў падзеяў.
Федаркевіч кажа, што ягоныя дзеяньні — хуліганства. Што не спрабаваў патрапіць у Дом ураду, вымаў шкло, каб не парэзаліся іншыя людзі. Удары па загародках наносіў з прычыны агульных эмоцыяў.
Кажа, што ў ягоных дзеяньнях была неправамернасьць, але ніхто яго да гэтага не заклікаў.
Ніякіх заклікаў патрапіць у будынак таксама ня чуў.
Федаркевіч пацьвярджае свае ранейшыя паказаньні, што дапамагаў людзям, якія былі зьбітыя. У бойцы са спэцназам ня ўдзельнічаў.
Па-ранейшаму сьцьвярджае, што ніякіх намётаў, арматуры, пляшак і балёнаў у людзей ня бачыў.
Судзьдзя на гэта кажа, што бачыла яго на відэа, як ён сярод іншых падыходзіць і адыходзіць ад Дома ўраду.
Даронін кажа, што быў сярод людзей, але гэта не правапарушэньне. Кажа, што ўдарыў па агароджы з хуліганскіх меркаваньняў.
11.40 Абвінаваўца запытвае Казакова: як ён расцэньвае свае дзеяньні?
Казакоў іх прызнаў і назваў хуліганскімі. Гэткім чынам, ён часткова прызнае віну. Кажа, што ў масавых беспарадках ня ўдзельнічаў.
На пытаньне адваката Казакоў кажа, што спэцслужбы на плошчы не прадухілялі дзеяньняў мітынгоўцаў.
11.30 Пракурор зьвяртаецца да Сакрэта: вы прызналі свае дзеяньні супрацьпраўнымі ці падтрымлівае сваю пазыцыю?
Сакрэт кажа, што «так». Але не прызнае, што біў шыбы і спрабаваў трапіць у Дом ураду.
Ён кажа, што быў усхваляваны лёсам кандыдатаў на прэзыдэнта, якія спрабавалі ісьці на перамовы ў Дом ураду, якія туды накіраваліся і не вярнуліся.
Судзьдзя таксама просіць ацаніць свае дзеяньні.
Абвінаваўца пытаецца: чаму зь цьвікадзёрам?
Сакрэт кажа, што нічога не задумваў — гэта ягоны працоўны інструмэнт.
Сакрэт кажа: на плошчы меркаваў, што прысутныя там людзі — большасьць зь іх — маюць рацыю.
Судзьдзя дамагаецца ад Сакрэта, як ён ацэньвае свае дзеяньні. Сакрэт называе іх хуліганскімі.
Сакрэт кажа, што ніякіх плянаў ня меў — гатовы быў застацца на плошчы.
11.20 Відэапрагляд завершаны. Пачынае выступаць абвінаваўца Мельнік.
Мельнік задае пытаньне Лобану: ці падтрымлівае ён сваю пазыцыю, што вінаваты часткова — не прызнае сябе вінаватым ва ўдзеле ў масавых беспарадках?
Лобан прызнае, што вырваў шчыт у супрацоўніка міліцыі, што спрыяў людзям, якія білі нагамі і рукамі па шчытах. Прызнаў, што быў нападпітку.
Судзьдзя прапаноўвае ахарактарызаваць свае дзеяньні. Лобан характарызуе іх як хуліганства.
Судзьдзя згадвае, што ён, акрамя таго, чуў папярэджаньні міліцыянтаў, але заставаўся — ці гэта толькі хуліганства?
Лобан кажа, што на ўсё гэта былі прычыны: быў разьюшаны за тое, што ягонае выбарчае права было парушанае.
Пракурор зьвяртаецца да Лобана і кажа, што людзі на відэа паводзяцца як зьвяры. Перапытвае: ці ён, Лобан, прымаў якія сродкі, каб быць сярод іх такім жа? Лобан адмовіў.
11.18 На кадрах дэманстранты скандуюць: «Міліцыя з народам!».
На відэакадрах: агульная група людзей . На тле скандаваньняў «Жыве Беларусь!» ізноў чуваць гучныя воклічы: «Свае! Свае! Свае!».
11.12 Судзьдзя адрываецца ад экрана і ківае на Яўгена Сакрэта, што бачыць яго на кадрах зь цьвікадзёрам у руках.
Яўген Сакрэт падчас свайго выступу на першым паседжаньні не адмаўляў, што меў цьвікадзёр, бо працуе будаўніком і гэта ягоная прылада штодзённай працы.
11.08 Відэаздымкі ўважліва глядзяць абвінавачаныя, іх сваякі, адвакаты і судзьдзя.
Пракурор Мельнік за экранам ня сочыць.
Прысутныя ў залі апэратыўнікі — дрэмлюць.
11.00 На відэа — кадры скрываўленага Аляксандра Класкоўскага.
Дзяўчына б’е па аб’ектыве відэакамэры апэратыўніка.
Адразу пасьля гэтых кадраў — чыстая плошча. Кадраў, як людзей грузілі ў аўтазакі, няма.
10.55 Відэа цёмнае, відаць толькі агульная гурма людзей, твары крыху асьвятляюцца ад успышак фотаапаратаў.
На тле цёмнага экрану гучаць словы «свае, свае, свае». Прысутныя ўключна з сакратаркай суду на гэта ўсьміхаюцца.
10.50 На відэакадрах: працягваюць біць шкло. Акрамя Федаркевіча судзьдзя больш не паказвае нікога на відэа.
Федаркевіч на відэа, буйным плянам, вымае шыбы зь дзьвярэй Дома ўраду. Судзьдзя ўсьміхаецца, перапытвае ў яго ці пазнае сябе? Федаркевіч не адмаўляецца, але кажа, што дзьверы не разьбіваў.
10.45 Відэа, якое праглядаецца, «парэзанае» на фрагмэнты. У кожным зь іх фігуруюць пэўныя асобы альбо групы людзей.
На відэа бачны трое абвінавачаных.
Працягваецца прагляд відэа: прамовы кандыдатаў на прэзыдэнта, кадры, як ламалі дзьверы.
10.15 Судзьдзя перапыняе прагляд. Супрацоўнікі дапамагаюць памяняць дыскі зь відэазапісамі. Кадраў з трыма іншымі абвінавачанымі пакуль ня выяўлена.
На відэа прагучаў заклік: «Беларусы, сюды!». Заклік прагучаў тройчы.
Судзьдзя ўсьміхаецца і перапытвае Віталя Мацукевіча, ці пазнае ён сябе?
10.01 Судзьдзя Алена Шылько працягвае прагляд відэаматэрыялаў справы.
10.00 Працэс аднавіўся.