Андрэй Саньнікаў. Партрэт на фоне кратаў

Калі б мяне папрасілі назваць людзей, якія ўяўляюць сабой узор патрыятызму, я прыгадаў бы Андрэя Саньнікава. Калі б мяне папрасілі назваць людзей, якія шчыра вераць у Эўропу і ў дэмакратыю, Андрэй напэўна быў бы сярод іх.

Калі мяне папрасілі назваць сьмелых людзей, якія здольныя вытрымліваць фізычная і псыхалягічныя пакуты дзеля праўды і годнасьці, я б пэўна назваў Андрэя Саньнікава.

Андрэй для мяне – верны сябар і крыніца натхненьня, барацьбіт за свабоду і чалавек, які заклікае да дзеяньня ня толькі яго любімую бацькаўшчыну Беларусі, але і супольнасьць дэмакратычных дзяржаваў.

Калі я сустрэўся з Андрэем першы раз каля дзесяці гадоў таму, мне не прыходзіла ў галаву, што ён стане сапраўдным лідэрам, здольным мабілізаваць грамаду і кінуць выклік магутнаму самадзяржаўнаму рэжыму прэзыдэнта Аляксандра Лукашэнкі, што сям’я Андрэя сутыкнецца з пагрозай жорсткага перасьледу, што будзе пагроза ягонаму здароўю і жыцьцю.


З выбарнікамі ў Берасьці

Як былы намесьнік міністра замежных спраў, які пакінуў пасаду на знак пратэсту супраць карумпаванага кіраўніцтва Беларусі, ён ўразіў мяне як сур’ёзны дыплямат, а не амбіцыйны лідэр. Пасьля зыходу з ўраду ён ня меў палітычных амбіцый, ён хацеў прысьвяціць сябе абароне правоў чалавека і разьвіцьцю сувязяў з дэмакратычнай Эўропай. Ён быў у ліку заснавальнікаў «Хартыі -97» – групы змагароў за грамадзянскія правы, якая добра вядомая дзякуючы свайму выдатнаму трохмоўнаму сайту. Пазьней ён ініцыяваў стварэньне руху «Эўрапейская Беларусь».

За яго розум, аналітычныя і моўныя здольнасьці Андрэя часта запрашаюць выступаць на буйных міжнародных канфэрэнцыях, яму замаўляюць шматлікія артыкулы наконт праблемаў яго радзімы. І хаця ён ветлівы чалавек з моцным самакантролем, ён заўсёды быў гатовы ўступіць у спрэчку, асабліва з палітыкамі і аналітыкамі, якія лічылі, што дыялёг з Лукашэнкам можа прывесьці да лібэралізацыі яго аўтарытарнага рэжыму.

Пасьля сур’ёзнага абмеркаваньня зь блізкімі сябрамі з руху «Эўрапейская Беларусь», падтрыманы жонкай – таленавітай журналісткай Ірынай Халіп, Андрэй вырашыў у мінулым годзе уступіць у сур’ёзную палітычную гульню – гонку за прэзыдэнцкае крэсла. Ён вельмі добра ведаў, што гэта вельмі рызыкоўная гульня, але ён дасягнуў кропкі, калі быў гатовы ўзяць на сябе адказнасьць за асабісты выклік дыктатару.

Нягледзячы на ​​ўсе айчынныя і замежныя прагнозы, на недахоп рэсурсаў і рэпрэсіўнае асяродзьдзе Андрэй змог падчас прэзыдэнцкай кампаніі адкрыць у сябе новыя якасьці і дасягнуць вынікаў, якія ўражваюць. Ён прыцягнуў на свой бок многіх уплывовых людзей з розных сфэраў грамадзкага жыцьця, стварыў каманду і стратэгію, якія спарадзілі ва ўсёй краіны надзеі на перамены.


Перадвыбарчы мітынг 6 сьнежня 2010

Калі 19 сьнежня мінулага году дзесяткі тысяч людзей на заклік Саньнікава і іншых кандыдатаў у прэзыдэнты выйшлі на вуліцу на знак пратэсту супраць фальсыфікацыі выбараў і аўтарытарнага кіраваньня, Андрэй быў наперадзе. Як міжнародны назіральнік, я мог бачыць, як людзі рэагавалі на яго, як ён зьвяртаўся да іх. Гэта быў іншы Андрэй, чым той, якога я сустрэў дзесяць гадоў таму, гэта быў сьмелы, рашучы чалавек на беларускай барыкадзе, які трымаў сьцяг сваёй барацьбы за годнасьць і свабоду. Тады ён быў зьбіты жорсткай дзяржаўнай машынай Лукашэнкі, які пачаў баяцца росту народнай моцы. Кандыдат у прэзыдэнты Саньнікаў, яго паплечнікі, жонка, і яшчэ чатыры кандыдаты ў прэзыдэнты апынуўся ў турме КДБ. Сьвет быў шакаваны сцэнамі з Менску.

Нягледзячы на ​​міжнародныя пратэсты і патрабаваньні, палітычныя зьняволеныя, ў тым ліку і Саньнікаў, якія зазналі жорсткае абыходжаньне, не былі вызваленыя. Апошнія пару месяцаў зьняволеныя робяцца ахвярамі абсурду і маніпуляваных юрыдычных працэдур і судовых працэсаў.

Было абвешчана, што суд над Андрэем адбудзецца 27 красавіка 2011 году, пасьля велікодных сьвятаў. Можна меркаваць, што самага вядомага на сёньня суперніка Лукашэнкі чакае самы самы цяжкі, шматгадовы прысуд сярод усіх 40 абвінавачаных. Я ўпэўнены, што Андрэй будзе трымацца на судзе з годнасьцю. Як і многія свабодалюбныя мужчыны і жанчыны ў Беларусі і ва ўсім сьвеце, ён стаў крыніцай натхненьня і пераменаў. І я ўпэўнены, што дэмакратычная сусьветная супольнасьць будзе працягваць барацьбу за яго вызваленьне і вызваленьне ўсіх беларусаў ад улады дыктатара Лукашэнкі, які зараз сутыкаецца з вялікімі сацыяльна-палітычнымі і міжнароднымі праблемамі.

Павал Дэмеш, старшы навуковы супрацоўнік браціслаўскай філіі міжнароднага German Marshall Fund