Валюты няма і не будзе. Рынак настроіўся на найгоршае
Рынак безнаяўнай валюты застаецца паралізаваны. Даляр на чорным рынку ўсё расце.
Як кажуць у банках, ад аўторка безнаяўныя даляры практычна не прадаюцца і не купляюцца. Выключэнне складаюць аперацыі з некаторымі дзяржаўнымі прадпрыемствамі ў выніку адміністратыўных рашэнняў.
Пасля заяваў Лукашэнкі ў Астане і пачатку антырасійскай кампаніі ў дзяржСМІ ў аналітыкі схіляюцца да таго, што лукашэнкаўцы вырашылі зусім не браць крэдыту ад ЕўрАзЭС нават на 800 мільёнаў даляраў, каб не выконваць выстаўленых умоваў. А гэта азначае, што валюты ў краіне для насельніцтва і імпартных аперацый таксама не з’явіцца аж да таго моманту, пакуль Нацбанк не адновіць свой валютны рэзерв да мінімальнага ўзроўню.
У абменніках валюта так і не з’явілася. У выніку наяўны даляр на чорным рынку працягвае расці.
Калі ў панядзелак даляр можна было купіць-прадаць за 5000—5800 рублёў, то ў пятніцу вілка курсаў дасягнула 5200—6400 рублёў.
Прычым яе павелічэнне сведчыць пра няпэўнасць.
На рынак наяўнай валюты моцна цісне безнаяўны голад. Малы і сярэдні бізнэс масава выводзіць рублі ў даляры і закупляе таксама наяўныя даляры для забеспячэння імпарту. У сітуацыі, калі безнаяўных даляраў не купіць, у бізнэсоўцаў няма іншага выбару.