Віктар Івашкевіч называе планы ўрада – шокам

Палітык Віктар Івашкевіч назваў план дзеянняў беларускага ўрада па забеспячэнні збалансаванага развіцця эканомікі ва ўмовах змянення афіцыйнага курсу беларускага рубля шокам, а не тэрапіяй.

Паводле плана, прадугледжваецца падвышэнне коштаў на тавары, набліжэнне іх узроўню да ўзроўню суседніх краін, а таксама аплата насельніцтвам кошту камунальных паслугаў у памеры трыццаці адсоткаў і шэраг іншых непапулярных мераў:

– Тут ужо пайшлі такія ацэнкі, што гэта маўляў «шокавая тэрапія», я з гэтым нязгодны, бо ніякае тэрапіі там насамрэч няма. Гэта проста шок – без тэрапіі. Як у тым анекдоце, калі задаюць пытанне: як павялічыць надоі і адначасова скараціць кармы? Адказ: менш карміць, больш даіць. Таксама я думаю улады вырашылі так: навошта нам браць крэдыт калі можна абрабаваць сваё насельніцтва.

Па словах Віктара Івашкевіча, эканамічную праграму беларускага ўрада можна было б назваць шокавай тэрапіяй, калі б разам з падвышэннем расходаў насельніцтва страварыліся б магчымасці для таго, каб зарабляць грошы. Але ж сапраўднай лібералізацыі эканомікі ў чарговы раз не адбылося – кажа палітык.