“У ДАІ папярэдзілі, што можа быць крымінальная адказнасць”

Удзельнікаў акцыі "Стоп-бензін" пачалі выклікаць на допыты ў ДАІ. Еўрарадыё паразмаўляла з адным з іх.

Аднаму з удзельнікаў нядаўняй акцыі “Стоп-бензін” пазванілі з ДАІ ўжо на наступны дзень пасля акцыі, у сераду ўвечары, і выклікалі на гутарку:

“Пазванілі, сказалі, каб я да 6-й вечара прыйшоў у ДАІ. Тэлефанавалі а 5-й гадзіне вечара. Позва была ўжо на руках у бацькі, прынеслі дахаты”, — гаворыць кіроўца аўто Антон.

У ДАІ яму давялося чакаць каля гадзіны, пакуль вырашылі, што рабіць далей. Пасля выклікалі на допыт:

“Я распавёў, што было, што прысутнічаў там. Што ўдзельнікам акцыі не з’яўляўся, апынуўся там выключна выпадкова. Але такая праблема здарылася, як ва ўсіх, паломка здарылася, белая стужачка ў мяне была. Фотаздымкаў і відэзапісаў у іх шмат. Але канкрэтна нейкіх парушэнняў я не здзяйсняў”.

Хлопца папярэдзілі, што калі транспартнікі пададуць на іх у суд, то могуць распачаць нават крымінальную справу:

“За тое што аўтобусы стаялі, “хуткая” не магла праехаць, потым праехала па тратуары. Там ёсць нейкая сума шкоды, калі яна перавысіць нейкі памер, то могуць завесці на нас крымінальную справу”.

Хлопцу паказалі артыкул, у якім пазначана, што калі нейкая група перакрывае рух, то можа быць заведзена справа:

“Акцыя праводзілася, у іх ёсць умовы акцыі. Я і іншыя, хто зафіксаваны на відэа, мы патрапляем у лік удзельнікаў. І доказаў у іх хапае, па іх словах. Зараз усіх выклікаюць складаюць “агульную карціну”. Ім заданне далі. Паказанняў ад мяне і прызнанняў не патрабавалі. Мяне папярэдзілі, што “кепска так рабіць”. Ніякіх пагроз не было. Усе залежыць не ад іх нават, а ад таго, ці пададуць транспартнікі на нас у суд”.

З іншага боку страты транспартнікаў наўрад ці такія вялікія, як тыя страты, якія б яны панеслі ў выпадку не правядзення акцыі і калі б кошт на бензін захаваўся ў памеры 5100 рублёў!