Людзі ў Кобрыне каталі на Плошчы лысае кола

У Кобрыне на плошчу выйшла 28 чалавек. Людзі баяліся, прыглядаліся, а потым далучаліся.

У цэнтры плошчы малады хлопец з дзіцем каталі «лысае» кола. Удзельнікі акцыі не адразу зразумелі што гэта значыць. Потым хлопец паведаміў, што цэлы дзень ездзіў па аўтасервісах, каб яго знайсці спецыяльна для акцыі.

У 19.20 да ўдзельнікаў акцыі падышоў чалавек, які сказаў, што ён спачувае ўдзельнікам і што за жылымі дамамі стаіць аўто з міліцыянтамі. Але іх удзельнікі бачылі яшчэ да яго паведамлення. На плошчы каля крамы стаяў аўтамабіль, з якога за акцыяй назіралі людзі ў цывільным. Каля іх пачалі катаць лысае кола. З другога паверха райвыканкама за акцыяй назірала жанчына. Як толькі яе паспрабавалі сфатаграфаваць, яна адразу ж знікла. У 19.30 на плошчу з-за дамоў, дзе стаяла міліцэйскае аўто, выйшаў патруль, які рухаўся на плошчу, але ўдзельнікі акцыі пачалі разыходзіцца.

Затрыманняў не было. Увесь час праз мабільныя тэлефоны людзі назіралі за падзеямі ў Мінску. Многія былі задаволены, што ў Кобрыне таксама есць людзі, якія не баяцца выйсці. Напрыканцы акцыі, як жарт, паступіла прапанова на наступную сераду зрабіць забег з лысымі коламі. На папярэднім тыдні ў Кобрыне выйшла 9 чалавек, а цяпер ужо 28.