Віншуем з Днём беларускай вайсковай славы!

8 верасня Беларусь адзначае адзін з самых вялікіх і ганаровых святаў - Дзень беларускай вайсковай славы.

Гэтае свята прымеркаванае да гістарычнай даты – перамогі войскаў Вялікага княства Літоўскага над войскам Маскоўскага княства ў бітве 8 верасня 1514 года пад Воршай.

Вялікая бітва стала пераможнай падчас чарговай вайны з Маскоўскім княствам, калі маскоўскія войскі спрабавалі захапіць тэрыторыю Беларусі. Адным з галоўных герояў Аршанскай бітвы быў гетман Канстанцін Астрожскі. Менавіта ён быў на чале 30-тысячнага беларускага войска, якое цалкам разбіла 80-тысячнае маскоўскае войска.

Адзначаць 8 верасня як Дзень беларускай вайсковай славы пачалі толькі ў канцы 80-х. А ў 1992 годзе ў угодкі вялікай бітвы на плошчы Незалежнасці ў Менску беларускія афіцэры ўрачыста прынялі прысягу на вернасць роднай краіне і народу. 8 верасня 1992 года ў Менску былі прыведзеныя да прысягі 12 афіцэраў і 3000 салдат запасу. Тады ўдзельнікі гэтай прысягі падвяргаліся ціску з боку ўладаў, але праз вельмі кароткі час прысягу на вернасць Беларусі прынялі ўсе вайсковыя часткі.

Шчыра віншуем усіх беларусаў з ганаровым днём нашай гісторыі! Жадаем мужнасці, цвёрдасці ў змаганні і веры ў перамогу! Няхай подзвігі продкаў натхняюць вас на барацьбу за свабоду Беларусі!