Лідэры партый працягнуць “хавацца за спінамі”?

Ужо тыдзень на Кастрычніцкай плошчы Менску штодзённа збіраюцца акцыі ў падтрымку палітвязняў, на якія прыходзіць па некалькі дзясяткаў чалавек.

Гэтыя акцыі міліцыя нязменна разганяе, а актыўных удзельнікаў арыштоўвае. Сябра руху салідарнасці “Разам” Алесь Макаеў учора на Кастрычніцкай плошчы заклікаў партыйных лідэраў, “не хавацца за спінамі шараговых беларусаў, а падтрымаць акцыі асабістым прыкладам”.

Лябедзька: Я на Кастрычніцкай не адны боты стаптаў

Старшыня АГП Анатоль Лябедзька кажа, што асабіста ён знайшоў уласную форму падтрымкі палітвязняў — разьмясціў на сваім аўтамабілі фатаграфіі тых, хто знаходзіцца за кратамі з палітычных матываў:

“Трэба шукаць розныя формы. Я за гэтыя гады нахадзіўся на Кастрычніцкую плошчу, не адну пару ботаў стаптаў. Цяпер ёсьць шмат вельмі актуальных пытанняў, якія мусіць вырашаць старшыня АГП. Гэта — першае, а другое — павінна быць усё-такі нейкая каардынацыя. Калі разлічваць на большую масавасць, то трэба скаардынавацца, праявіць ініцыятыву, сабраць арганізацыі, абмеркаваць гэтыя пытаньні і зрабіць акцыю такой, каб там было ня некалькі асоб, якія ідуць на дзот, а была дастатковая масавасць”.

Янукевіч: Лепш радзей, але шматлюдней

Старшыня Партыі БНФ Аляксей Янукевіч кажа, што зь вялікай павагай ставіцца да Алеся Макаева і да тых людзей, якія выходзяць на Кастрычніцкую плошчу, што ён сапраўды захапляецца імі. Спадар Янукевіч пацвярджае, што сябры ягонай партыі прыходзяць на гэтыя акцыі, але нейкай агульнай стратэгіі ў БНФ на гэты конт няма, кожны вырашае сам. Паводле спадара Янукевіча, лепш, каб такія акцыі былі радзейшымі, але шматлюднымі.

“Разам з тым я сапраўды лічу, што для таго, каб пратэст быў эфэктыўным і ў выніку дасягнуў посьпеху, вельмі важна, каб ён быў шматлюдным, каб у грамадзкай свядомасьці барацьбіты за свабоду і дэмакратыю не выглядалі адзіночкамі, каб людзі адчувалі, што за тымі, хто адстойвае дэмакратычныя каштоўнасці, стаіць сіла”.

Дзьмітрыеў: Трэба прыпыніць такія акцыі

Адзін з кіраўнікоў кампаніі “Гавары праўду” Андрэй Дзьмітрыеў увогуле прапануе ўвесьці мараторый на нешматлюдныя акцыі пратэсту, бо нават калі на плошчу выйдуць лідэры партый, то ўдзельнікаў акцыі паболее толькі на 5 чалавек:

“Гэта, канечне, мужныя людзі, аднак нам жа трэба ня толькі дэманстраваць мужнасць, але і дамагацца выніку. А выніку няма. Ён толькі ў тым, што мы паказваем кожны дзень, што ёсьць 20 чалавек, якім цікавы лёс палітзьняволеных; і ёсьць усе астатнія, якія жывуць сваім жыцьцём і ім нецікава. Тое, што выходзіць 20 чалавек — і гэта нашмат менш, чым партыйны актыў, — значыць, што мэты ня вызначаныя і акцыі не арганізаваныя. Я б прапанаваў прыпыніць такія акцыі, распрацаваць, што мы хочам, скласці плян дзеянняў, паставіць ясныя мэты, падзяліцца імі з людзьмі, запрасіць іх дапамагчы ў арганізацыі і пасьля гэтага праводзіць тое, што палічым патрэбным і карысным… Незадаволенасць у грамадзтве ёсьць, але пратэст пакуль што малы, і нам трэба не збіваць гэты пратэст”.

Вольга Бандарэнка: Гэта героі. З іх усё пачынаецца

Жонка палітвязня Змітра Бандарэнкі Вольга ня згодная з пазыцыяй лідэраў апазыцыі:

“Калі акцыі не арганізаваныя, як кажуць лідэры, то хай арганізуюць і штосьці прапануюць узамен, бо я зусім ніякіх прапаноў ня чула, апрача тых акцый, што адбываюцца. У любым выпадку гэтая падтрымка вельмі важная і для тых, хто за кратамі, і для іх родных. Для мяне, напрыклад, яна вельмі важная”.

Вольга Бандарэнка мяркуе, што надыходзіць час, калі ўсім трэба ўздымацца ў абарону палітзьняволеных:

“Любое дзеянне, нават калі хтосьці яго лічыць няправільным, — гэта ўсё ж дзеянне, а не стаянне ўбаку… Па-мойму, гэта вельмі гераічныя ўчынкі. У любым народзе сапраўдных пасіянарыяў ня так шмат. Але з іх усё пачынаецца. З іх прыкладу, з іх гераізму і ахвярнасці. Таму гэта мяне абнадзейвае і натхняе”.