Беларускі Дом у Варшаве дапамагае дзецям-сіротам

Беларускі Дом у Варшаве ініцыяваў дабрачынную акцыю дапамогі дзецям-сіротам з некаторых беларускіх дзіцячых дамоў.

Называецца яна “Падаруй казку дзеткам”. Акцыя прымеркаваная да зімовых святаў Хрыстовага Нараджэння і Новага Году. Яе ініцыятар, адзін з заснавальнікаў Беларускага Дома ў Варшаве, каардынатар грамадзянскай кампаніі “Еўрапейская Беларусь” Зміцер Бародка, распавёў Еўрарадыё як узнікла ідэя дапамогі дзецям-сіротам.

Бародка: “Падчас адной з нашых імпрэзаў мы сустракаліся з некаторымі беларускімі пазаўрадавымі арганізацыямі. Яны распавядалі нам аб сваёй дзейнасці. Між іншым, нам паказалі фотаздымкі сірот з дзіцячых дамоў, якія проста кранулі за сэрца. Нас таксама пазнаёмілі з сітуацыяй ў дзіцячых дамах, распавялі, што ў некаторых дзяцей няма цёплага адзення, абутку, ўжо не кажучы пра цацкі”.

Імпрэзы, падчас якіх грамадскія актывісты сустракаліся з пазаўрадавымі арганізацыямі, адбываліся яшчэ ў тыя часы, калі Зміцер Бародка знаходзіўся ў Беларусі. Тады яны з калегамі і пачалі дапамагаць дзецям-сіротам. На жаль, пасля вядомых палітычных падзеяў, Зміцер быў вымушаны з’ехаць у Варшаву. Як прызнаецца сам Бародка, цяпер дапамагаць дашкольным установам стала цяжэй.

Бародка: “Зразумела, што дапамогу мы будзем аказваць неафіцыйна. Гэта просьба кіраўніцтва гэтых дашкольных установаў. Яны баяцца наўпрост кантактаваць з падобнымі арганізацыямі, як мы. Вядома, гэта абсурдна, бо тут няма аніякай палітыкі, мы проста шчыра хочам дапамагчы беларускім дзецям”.

Сябры Беларускага Дома ў Варшаве размясцілі інфармацыю пра акцыю “Падаруй казку дзеткам” на сваіх старонках у сацыяльных сетках. Па словах Змітра Бародкі, да іх ужо звярнулася нямала тых, хто прапануе сваю дапамогу.

Больш падрабязна пра акцыю напісана на інтэрнэт старонцы Беларускага Дома ў Варшаве belhouse.org. На гэтай жа старонцы знаходзіцца і спіс тых рэчаў, якія неабходныя дзецям. Дадатковую інфармацыю можна атрымаць праз электронную пошту [email protected].

Алесь Яшчанка, Еўрарадыё.