Алесь Вялітчанка, студэнт МДЛУ: “Пагрозы не давучыцца цалкам рэальныя”.

Мінскі дзяржаўны лінгвістычны ўніверсітэт апошнімі днямі на слыху, але, на жаль, не з добрай славай.

Алесь Вялітчанка, студэнт МДЛУ: “Пагрозы не давучыцца цалкам рэальныя”

Мінскі дзяржаўны лінгвістычны ўніверсітэт апошнімі днямі на слыху, але, на жаль, не з добрай славай. На палітычныя рэпрэсіі ва ўніверсітэце звярнуў увагу СМІ студэнт другога курса гішпанскага факультэта Алесь Вялітчанка. 26 кастрычніка Алесь трапіў разам з двума іншымі студэнтамі на 15 сутак на Акрэсціна за ўдзел у акцыі ў падтрмку палітычных вязняў.

“Пасля “адсідкі” на Акрэсціна нас траіх выклікалі ў дэканат – выпісалі вымовы за наведванне. Але, як потым аказалася, у нас не было столькі прагулаў, колькі іх налічылі”, – распавядае Алесь. На гутарцы з рэктарам ўніверсітэту хлопцам параілі задумацца аб тым, ці хочуць яны атрымаць прафесію, бо з такімі поглядамі наўрад ці атрымаецца скончыць увераную ёй установу. У лепшм выпадку – універсітэт проста не дасць юнакам рэкамендацый на працу.

“Таксама да дэкана выклікалі людзей, якія “засвяціліся” на летніх маўклівых акцыях, нават тых, хто проста быў на фотаздымках”, – кажа Алесь Вялітчанка. Усім ім таксама раілі паумаць пра сваю будучыню ды вучобу ва ўніверсітэце. “Пагрозы не давучыцца цалкам рэальныя, – мяркуе юнак, – хоць гэта заўважна не па ўсіх выкладчках. Адны ставяцца да тых, хто адкрыта выказвае сваю нязгоду лаяльна, іншыя ўвогуле кажуць “малайцы”, трэція кажуць, што няма сэнсу тут заставацца. Яшчэ больш рэальная пагроза – не атрмаць рэкамендацый на працу, бо, як сказаў адзін з выкладчыкаў, у нашым універсітэце ўсё завязана на КДБ”. Усім вядома, што шмат выпускнікаў МДЛУ працуе ў КДБ ці з ім звязана, а вось выпускнікам з адрознай ад агульнапрынятай грамадзянскай пазіцыяй знайсці працу цяжка – ва ўніверсітэце яна на “асаблівым рахунку”.

Крайняе абурэнне выклікае тое, што і не звязаная з палітычнай пазіцыяй ініцыятыва маладых людзей ва ўніверсітэце жорстка абрываецца. “Мы выступілі ініцыятарамі збору цацак і рэчаў для дзяцей у дзіцячыя дамы – разклеілі абвесткі ва ўніверсітэце і інтэрнаце”, – кажа Алесь Вялітчанка. На сустрэчу да дэкана быў выкліканы студэнт Мікіта Каваленка: “Нам сказалі – хто мы такія, каб збіраць цацкі для дзяцей – гэта забаронена, і ўвогуле, дэкан папрасіла не “ганьбіць” наш гіспанскі факультэт і лепей у такіх выпадках падпісвацца літаральна “брытагаловыя і адсядзўшыя”. Ад старэйшых студэнтаў ды выпускнікоў “інязу” вядома, што такія акцыі са зборам сродкаў і цацак для інтэрнатаў праводзяцца не першы раз і не першы год, але праходзілі яны звычайна без перашкодаў ды пагроз.

“Але першыя свае вымовы па палітычных матывах мы атрымалі яшчэ раней за тое, што павесілі у сваіх пакоях у інтэрнаце бел-чырвона-белыя сцягі, – кажа Алесь. – Нас выклікалі да рэктара, і размова наша скончылася тым, што наш універсітэт – ідэалагічны і аўтарытарны, а таму ўсё мусіць быць па яе правілах – калі інтэрнат дзяржаўны, у ім не павінна знаходзіцца “забароненая фашысцкая сімволіка”. Па назіраннях Алеся – запужваць студэнтаў атрымліваецца эфектыўна, зараз усе баяцца выключэння ці іншых праблем, ды ўсё меней праяўляюць сваю пазіцыю. “Увогуле, такой студэнцкай салідарнасці ў нас няма, як гэта ёсць у еўрапейскіх краінах, як гэта было раней і ў нас, – кажа Алесь. – Гэта крыўдна, я спрабую стварыць студэнцкую ініцыятыву, а мяне падтрымліваюць ці апазіцыянеры, ці анархісты – іншым студэнтам напляваць”.

Алесь Вялітчанка ўваходзіць у склад адміністратараў суполкі “Студэнцкі супраціў” “Укантакце”, а ў планах мае ідэю стварэння і легалізацыі незалежнага студэнцкага прафсаюза: “Я стварыў суполку, каб хоць неяк аб’яднаць студэнтаў. На пачатку ўсе добра рэагавалі. А калі справа дайшла да стварэння незалежнага прафсаюза, сустрэч і абмеркаванняў – ніхто не прыйшоў. Гэта вельмі крыўдна, калі нават студэнты маўчаць і не спрабуюць адстойваць свае правы. Мы ўзнаўляем працу группы, і нават калі нас ніхто не захоча падтрымліваць – мы працягнем змагацца ўтраіх, учацвярых”.