Актывісты “Еўрапейскай Беларусі” перадалі падарункі ў дзіцячы дом (ФОТА)

На працягу месяца актывісты грамадзянскай кампаніі “Еўрапейская Беларусь” сумесна з Беларускім прафсаюзам працаўнікоў радыёэлектроннай прамысловасці (РЭП) збіралі неабходныя рэчы для аднаго з мінскіх дзіцячых дамоў-інтэрнатаў.

Акцыя адбывалася ў межах дабрачыннай кампаніі “Усмешка дзіцяці”.

Напярэдадні навагодніх святаў, калі кожная сям’я рыхтуецца да святочных мерапрыемстваў, грамадскія актывісты наведалі дзетак, якім бацькоў замяняюць выхавальнікі дзіцячых дамоў.

У інтэрнат былі перададзены неабходны абутак, адзежа і лекі. Таксама для адной з дзіцячых груп былі падрыхтаваны асобныя падарункі. У сваю чаргу, дзеці павіншавалі госцяў вершамі і песнямі, а таксама падарылі паштоўкі зробленыя сваімі рукамі.

“Вельмі важна наведваць гэтых дзетак не толькі ў святочныя дні, таму ў бліжэйшы час мы будзем дамаўляцца, каб разам з імі схадзіць у кінатэатр. Таксама хочацца падзякаваць за падтрымку Беларускі дом у Варшаве, які перадаў нам на падарункі алоўкі, фламастары, фарбы, крэйды і іншыя рэчы, дзеці былі ім вельмі радыя”, – адзначыў Уладзімір Лемеш, прадстаўнік грамадзянскай кампаніі “Еўрапейская Беларусь”.

автор фото – Анна Любакова