Святочнае віншаванне ад Андрэя Саннікава

На свята Божага Нараджэння ў сваіх паштовых скрынках бяразаўчане знайшлі зварот палітзняволенага Андрэя Саннікава пад назвай "Толькі змена ўлады!"

Прыхільніца Саннікава Надзея Пракапчук лічыць, што зварот дасланы своечасова. Яна ўдзячна тым, хто даставіў у яе скрынку віншаванне ад Саннікава:

– Лічу, што на гэты раз апазіцыя спрацавала своечасова, загадзя раскідалі ўлёткі, таму што звычайна гэта робіцца перад самымі выбарамі, калі ўжо няма часу зарыентавацца і ўнікнуць у тое, што прадстаўляюць з сябе гэтыя кандыдаты. Таму лічу, што гэта своечасова, і пазіцыя Андрэя Саннікава мне асабіста падабаецца. Калі рэгулярна і своечасова народу тлумачыць дадзеную пазіцыю, магчыма, у нас што-небудзь і зменіцца. Канешне, выбары будуць складанымі. Я не думаю, што існуючая ўлада так лёгка развітаецца са сваімі пасадамі і крэсламі. Таму трэба прыкладаць усе сілы, каб нечага дасягнуць. Нашых людзей вельмі цяжка зрушыць з месца.

Жанчына не спадзяецца на справядлівы выбар пры цяперашнім выбарчым заканадаўстве, але, на яе думку, апазіцыйным палітыкам трэба звяртацца як найчасцей да правінцыйнага электарата, каб падняць яго з канапаў.

Андрэй Саннікаў ведае, што яго зварот з-за кратаў да беларускіх грамадзян стане для яго працягненнем тэрміну няволі. Тым не менш ён даводзіць да грамадзян, што толькі змена ўлады можа выратаваць Беларусь ад краху.