25 сакавіка – Дзень Волі

Шаноўныя беларусы! 25 сакавіка ў Мінску адбудзецца шэсьце і мітынг. Збор удзельнікаў акцыі у 13.30 на пляцоўцы ля Акадэміі навук. Шэсьце – па ходніках пр. Незалежнасьці і вул. Сурганава да плошчы Бангалор, дзе ў 15.00 распачнецца мітынг. Падчас правядзення мерапрыемства Мінгарвыканкам афіцыйна дазволіў выкарыстоўваць нацыянальную сімволіку – бел-чырвона-белыя сцягі і герб “Пагоня”.

94 гады таму, 25 сакавіка 1918 года, ва ўмовах акупацыі Беларусі заходнімі і ўсходнімі захопнікамі, 77 сябраў Рады БНР знайшлі ў сабе сілы і мужнасьць абвясьціць на ўвесь сьвет: “Беларуская Народная Рэспубліка абвяшчаецца незалежнаю вольнаю дзяржаваю, дзе ўладу мае сам народ”. У адказ на гэты заклік, сотні тысячаў беларускіх патрыётаў падняліся на барацьбу, бо верылі, што беларускі народ, як і іншыя народы Еўропы, варты ўласнай – свабоднай і незалежнай – краіны. І гэтая барацьба дала плён.
У 1991 годзе, дзякуючы сьмеласьці і рашучасьці дэпутатаў ад БНФ у Вярхоўным Савеце і тысячам беларусаў на плошчы, мы атрымалі сваю незалежную дзяржаву з назвай Рэспубліка Беларусь, свабоду, юрыдычныя гарантыі сваіх нацыянальных, сацыяльных і палітычных правоў. Перад Беларусьсю адкрыўся шлях у сям’ю эўрапейскіх краінаў.
Але ў 1994 годзе мы спалохаліся цяжару адказнасьці за сябе, за сваю сям’ю, за лёс сваёй краіны і аддалі ўладу ў рукі папуліста і дэмагога, які паабяцаў, што будзе сам вырашаць усе нашыя праблемы.
Сёньня ў Беларусі заробак ніжэй чым у кіргызаў, сотні тысячаў беларусаў вымушаныя шукаць заробак па-за межамі краю, беларускія прадпрыемствы аддаюцца расейскім алігархам і арабскім шэйхам, у Беларусь хлынула танная працоўная сіла з Кітаю. Хутка беларусу не будзе месца ў саёй краіне!
Беларусы! Сёньня ня час скуголіць і чакаць, што хтосьці вырашыць за нас нашыя праблемы. Калі мы хочам заставацца гаспадарамі на сваёй зямлі, нам самім трэба змагацца за свае правы.
А на пачатку ўсім разам 25 сакавіка ў 13.00 прыйсьці да Акадэміі навук зь бел – чырвона – белымі сьцягамі ў руках і запатрабаваць:

СПЫНІЦЬ ЗДАЧУ НЕЗАЛЕЖНАСЬЦІ КРАІНЫ!
СВАБОДУ ЎСІМ ПАЛІТВЯЗЬНЯМ!
НОВЫЯ СВАБОДНЫЯ ВЫБАРЫ!

ЖЫВЕ БЕЛАРУСЬ!