Алена Талстая: Прыйшоў час выканаць запавет Каліноўскага
Абараніць Беларусь могуць толькі беларусы.
Кандыдат у дэпутаты Алена Талстая выступіла на Беларускім тэлебачанні.
Прапануем тэкст выступу палітыка:
– Шаноўнае спадарства!
Я, Алена Талстая, сустаршыня Руха Салідарнасці “Разам”, хачу скарыстацца сваім выступам толькі дзеля адной тэмы: пагрозы паглынання Беларусі Расеяй у выніку кулуарных дамоваў паміж Пуціным і Лукашэнкам.
Гэта пагроза, пагроза так званай “інтэграцыі” – сапраўды смяротная для беларускай нацыі і беларускай дзяржавы.
Я – маці трох дзяцей. І я не хачу, каб мае два сыны ўдзельнічалі ў маскоўскіх вайсковых авантурах. Незалежнасць ратавала і ратуе нашых дзяцей ад удзелу ў войнах на Каўказе, у Сірыі і Украіне. Беларусь столькі згубіла сваіх сыноў і дачок у выніку 2-х Сусветных войнаў, якія вяліся на нашай тэрыторыі, што сапраўдным злачынствам з’яўляюцца вайсковыя саюзы з Расеяй, якія зноў-такі могуць прынесці вайну на нашую зямлю.
Усе гэтыя маскоўскія крыкі пра іхнюю “веліч” і варожасць да так званай “гейропы” і “піндосаў” тлумачыцца яшчэ тым, што яны адседзеліся за нашымі спінамі падчас папярэдніх сусветных войнаў. Зараз у Маскве любяць казаць “дзяды ваявалі”. Мае родныя дзяды рэальна ваявалі з нацыстамі. Адзін – загінуў на вайне, другі павярнуўся паранены. Ледзь выжылі бабулі.
У Маскве лёгка пракрычаць: “можам паўтарыць”, але Беларусь – не Расея, мы не адседземся за чужымі спінамі, і нам, беларусам, новая вайна, каб бараніць Маскву, не патрэбная.
Нас, беларусаў, і так вельмі мала. Апошнія 20 гадоў з Беларусі масава з’яджаюць людзі. Больш за 130 тысяч беларускіх грамадзянаў атрымалі “карту паляка” за апошнія гады. Чаму з’язджаюць? – Беднасць. Што б не казалі ўлады, менавіта беднасць пануе ў краіне. А 25 гадоў таму мы смяяліся над палякамі, што яны бедныя. Цяпер бедныя мы. А нам яшчэ прапануюць “глыбокую інтэграцыю” з Расеяй, якая знаходзіцца пад санкцыямі Захаду.
Мо хопіць эксперыментаў. Бо будзе ўжо не беднасць, са знакамітай “чаркай і шкваркай”, а сапраўдная галеча. Невыпадкова БНФ у 90-я выносіў лозунг на Менскія вуліцы: “Саюз з Расеяй – вайна і галеча!” Нам не трэба ні вайна, ні галеча. Нам не трэба тут Расея. Мы – незалежная суверэнная краіна.
Я не веру, што сённяшнее кіраўніцтва краіны будзе абараняць Беларусь. Бо апошнія 25 гадоў – час жорсткай русіфікацыі, калі пазачынялі практычна ўсе беларускамоўныя школы, калі няма ніводнага беларускамоўнага ўніверсітэта, калі нам прапануць быць не беларусамі, а іншымі, але “са знакам якасці”. калі адбываецца крыжалом у Курапатах.
Таму – абараніць Беларусь могуць толькі людзі Беларусі. Прыгадаем нашага нацыянальнага Героя – Кастуся Каліноўскага. Беларусы, прыйшоў час выканаць яго запавет, які быў напісаны з-пад шыбеніцы…