Дзве тысячы дваццаць. Прыйшоў год свабоды

Новы верш Алеся Круткіна.

Відэаблогер і актывіст грамадзянскай кампаніі “Еўрапейская Беларусь” правёў за кратамі 45 сутак і напісаў шэраг вершаў, некаторыя з якіх мы пачынаем публікаваць. Першы з іх мае назву “Рэвалюцыя, смеласць, каханне”:

Апошняя зімняя вайна без сняжынак,
Закратаванае вакно глядзіць у Еўропу.
Запляці ў свае косы шыпшыну,
А я чорную скуранку апрану замест робы.

Быў Гары Потэрам – стаў камісарам,
А мятлу на касу замяню для люстрацыі.
Ваеннапалонныя ў гэтай сансары
І зоркі ў добрай цяпер канстэляцыі.

Ты мая Жанна Д’Арк, Эмілія Плятэр і Крупская,
Мы з табою ў адным растрэльным спіску.
Не ўратуе Пампео, ні былы нас мэр Слупску,
Але хутка мы выйдзем на Плошчу ў Мінску!

Паслухай мяне: ужо хутка, так хутка,
Лукашысцкую хунту на лесапавалы.
Прашапчы ў пісьме мне пяшчотна на сутках:
У апошняй зіме канібалаў.

Вясна надыходзіць, пярсцёнак у Фрода,
А нашыя сэрцы Купальскім рубінам.
Дзве тысячы дваццаць. Прыйшоў год свабоды,
Белакрылым ляціць херувімам.

Запляці ў свае косы чырвоную ружу,
Абвянчала нас сёння паўстанне.
Весялушка, на вушка скажы мне ў сцюжу:
Рэвалюцыя, смеласць, каханне.