Зьмітра Паліенку агулам асудзілі на 45 сутак
Такім чынам Зміцер Паліенка зможа выйсці на волю толькі 23 жніўня.
Актывіста анархісцкага руху Зьмітра Паліенку пакаралі арыштам яшчэ на 15 сутак. Такім чынам агулам Зьміцер адбудзе у ізалятары на Акрэсьціна 45 сутак і зможа выйсьці на волю толькі 23 жніўня.
Пра новы тэрмін жонка актывіста Наста Паліенка даведалася ад сукамэрніка яе мужа, які выйшаў на волю і патэлефанаваў ёй.
«Сукамэрнік апавёў, што Зьміцер трымаецца і жадае ўсім на волі перамогі над рэжымам», — сказала Наста Паліенка.
У якім судзе і за што трэці раз пакаралі яе мужа, Наста ня ведае.
«На мінулым тыдні былі зьвесткі пра другі прысуд, але ў судах гэта абвяргалі. А цяпер бачу, што хлусілі. Гэта ў іх такі мэтад — схаваць актыўнага чалавека надоўга, каб на выбарах ня выказаўся сам і каб за ім не пайшлі людзі. Гэта сапраўдныя рэпрэсіі за палітычныя погляды», — сказала Наста Паліенка.
У якіх умовах трымаюць яе мужа, Наста амаль ня ведае, бо адваката да яго не пускаюць.
«Перадачы прымаюць, але лістоў ад яго няма», — паведаміла жонка актывіста.
8 ліпеня ў кватэры, дзе пражывае Зьміцер Паліенка, адбыўся ператрус. Пазьней Першамайскі суд Менску арыштаваў актывіста на 15 сутак за «заклік да флэшмобу». Падчас перапынку ў судзе Паліенка паведаміў праваабаронцам, што ў гэты ж дзень яго вазілі ў Маскоўскае РУУС, дзе апыталі ў межах крымінальнай справы аб абразе супрацоўніка міліцыі.
Зьміцер Паліенка і цяпер адбывае пакараньне па крымінальнай справе. 25 кастрычніка 2019 году суд прызнаў яго вінаватым у «асабліва злосным хуліганстве» (ч. 3 арт. 339 КК) і прысудзіў 3 гады абмежаваньня волі без накіраваньня ў папраўчую ўстанову.