«Працэс закрылі, бо сорамна глядзець у вочы людзям»

Сястра актывіста «Эўрапейскай Беларусі» Максіма Вінярскага пра паездку ў Магілёў.

Алена Церашкова, сястра актывіста «Эўрапейскай Беларусі» Максіма Вінярскага, была 12 траўня каля Магілёўскага абласнога суду. Там у закрытым рэжыме пачаўся працэс над яе братам і яшчэ 6 актывістамі, у тым ліку над сустаршынём БХД Паўлам Севярынцам.

Алена Церашкова кажа «Радыё Свабода», што, як і сваякі іншых падсудных, ведала, што ў суд іх ня пусьцяць.

«Была ўсё ж нейкая прывідная надзея, што краёчкам вока пабачымся ці хоць здаля будзе магчымасьць, калі іх будуць весьці, крыкнуць словы падтрымкі. Але ўлады такую магчымасьць цалкам выключылі. Яны якраз гэтага — нашай падтрымкі — і баяцца», — мяркуе яна.

Паводле Алены, яе ды іншых сваякоў у суд не прапусьцілі міліцыянты ў форме, якія стаялі за турнікетам. Да таго ж іх адразу папярэдзілі, каб адышлі далей ад будынка — «інакш будуць праблемы». Пазьней Алена даведалася, што ў суседнім двары міліцыянты затрымалі двух журналістаў.

Сядзіць у камэры, дзе 18 вязьняў

Брат Алены Максім Вінярскі быў арыштаваны летась у студзені. Паводле Алены, Максім ведаў пра паляваньне на яго і таму ня жыў дома, хаваўся.

«Раней яго часта затрымлівалі прэвэнтыўна напярэдадні важных падзеяў, такіх, як выбары ці чэмпіянаты сьвету, таму быў асьцярожны», — мяркуе сястра актывіста.

Падлічана, што яшчэ да падзеяў жніўня мінулага году актывіст Максім Вінярскі «на адміністрацыйных сутках» адбыў у вязьніцах агулам больш за год, але ў сьледчым ізалятары цяпер аказаўся ўпершыню. Спачатку Максіма Вінярскага трымалі ў менскім СІЗА на Валадарскага, перад судом перавялі ў магілёўскае СІЗА.

«Ад яго даходзяць лісты, хоць ня ўпэўненая, што ён атрымлівае ўсё, што мы пішам. Сядзіць у камэры, дзе разам зь ім 18 вязьняў, прычым усе па крымінальных артыкулах, за палітыку — нікога. Але кажа, што людзі ўсе адэкватныя, канфліктаў няма. Пра ўмовы піша мінімум: што збольшага ўсё нармальна, але ён ніколі ня скардзіцца, нават калі ёсьць на што. Дакладна ведаю, што ў камэры цёпла, бо столькі чалавек дыхаюць, не замерзьнеш. Прадуктовыя перадачы яму перадаю, тут праблем няма. Вось і ўчора ў мяне прынялі перадачу. Бачыла, што іншыя сваякі таксама перадавалі», — расказала Алена Церашкова пра наведваньне СІЗА.

У справе больш за 30 тамоў

Паводле Алены Церашковай, працэс працягнецца сама меней да 28 траўня.

«Ведаю, што на гэты тэрмін расьпісаны расклад паседжаньняў. У справе больш за 30 тамоў, таму лічаць, што часу зойме шмат», — мяркуе Алена Церашкова. Жанчына сказала, што хоць працэс закрыты, яна зьбіраецца яшчэ ня раз прыяжджаць у Магілёў.

«Каб проста пабыць каля суду, каб адвакат мог сумленна сказаць брату, што цябе прыехалі падтрымаць. Гэтак зьбіраюцца рабіць і іншыя сваякі ды сябры падсудных».

Разам з Максімам Вінярскім судзяць сустаршыню БХД Паўла Севярынца, грамадзкую актывістку Ірыну Шчасную, актывістаў «Эўрапейскай Беларусі» Яўгена Афнагеля, Паўла Юхневіча, Зьмітра Казлова і Андрэя Войніча.