Максіму Вінярскаму не дазваляюць размоваў праз скайп за «схільнасьць да экстрэмізму»

Палітвязень і актывіст «Эўрапейскай Беларусі» распавёў пра жыцьцё ў паказальнай калёніі.

«Віцьбу-3», дзе адбывае пакараньне Максім Вінярскі, адной зь лепшых у краіне называюць у Дэпартамэнце выкананьня пакараньняў МУС. Так там ацанілі бытавыя ўмовы, створаныя для вязьняў. Максім Вінярскі расказвае, як жыцьцё ў калёніі выглядае вачыма вязьняў, піша «Радыё Свабода».

Размова пад наглядам ахоўніка

Днямі Максіму Вінярскаму дазволілі кароткатэрміновае спатканьне са сваякамі. Сустрэча з маці і сястрой адбылася ў будынку калёніі, у спэцыяльным пакоі. Праз шкло, пры дапамозе тэлефона, у прысутнасьці міліцыянта-ахоўніка.

«На кароткае спатканьне даюць 4 гадзіны. Размаўлялі па тэлефоне праз шкло. Слухаўка адна і даводзіцца браць яе па чарзе, што ня вельмі зручна. Але гэтак праходзяць кароткія спатканьні ва ўсіх калёніях, іншага чакаць не даводзіцца», — расказала сястра Максіма Вінярскага Алена.

Лінзы перадаваць яшчэ не дазволілі

Паводле сваякоў актывіста, ён трохі схуднеў, ужо лячыўся ў мэдчастцы ад прастуды, прышчапіўся тамсама ад ковіду, цяпер на здароўе збольшага ня скардзіцца. Наракае толькі на праблему з вачыма.

«Пакуль ён, на жаль, ня можа насіць кантактныя лінзы замест акуляраў, бо яго за час знаходжаньня не агледзеў спэцыяліст у зроку (афтальмоляга пэрыядычна запрашаюць у калёнію, як і іншых „вузкіх“ спэцыялістаў), а толькі ён можа даць заключэньне, што вязьню паказана нашэньне лінзаў. Лінзы шмат чым зручнейшыя. Акуляры нязручныя самі па сабе, а ў калёніі яны яшчэ і крыніца дадатковых праблемаў. Іх даводзіцца здымаць і пакідаць на ноч. Пад падушку не пакладзеш — ляжак у выглядзе сеткі, а калі пакінеш не ў належным месцы, прыкладам на тумбачцы, то за гэта могуць даць спагнаньне.

У Макса адразу па пераводзе з карантыну ўжо было спагнаньне за нейкае дробнае парушэньне. Добра, што пагасіў дадатковым дзяжурствам. Але ўвесь час даводзіцца трымацца зь перасьцярогай: ня ўсе правілы існаваньня відавочныя, некаторыя даводзіцца высьвятляць шляхам спробаў ды хібаў. Ілюзіяў наконт гэтага ў Макса няма. Разумее, што за некалькі спагнаньняў могуць адправіць у карцар, і тады ня толькі са здароўем пачнуцца большыя праблемы, але зьнікнуць і рэдкія прыемнасьці — лісты, пасылкі, перадачы, спатканьні», — расказала сястра актывіста.

Па яе словах, да арыштанта ў «Віцьбе-3» могуць паставіцца і з разуменьнем, калі для міжвольнага парушэньня былі аб’ектыўныя прычыны.

Без даплаты за шкодную вытворчасьць

З канца кастрычніка Максім Вінярскі працуе на вытворчасьці. У калёніі «Віцьба-3» асуджаныя працуюць на некалькіх розных пасадах: нехта шые вопратку, нехта на драўнянай вытворчасьці, на пілараме, а ёсьць здабыча каляровых мэталаў з прамысловых адходаў. У апошнім выпадку вязьні ачышчаюць медны або алюмініевы дрот ад гумавай або плястыкавай кабэльнай ізаляцыі.

Нягледзячы на тое, што палітвязьню даводзіцца працаваць на шкоднай для здароўя вытворчасьці, гаворкі пра дадатковую аплату не вядзецца.

«Пра даплату не казаў і ўвогуле, колькі зарабіў, ня кажа, хаця працуе больш за месяц. Раней чулі з аповедаў вязьняў, што ў калёніях заработная плата дужа сымбалічная. Ня думаю, што тут інакш, бо праца для асуджаных — абавязак, які мае садзейнічаць выпраўленьню, а ня спосаб зарабіць на жыцьцё», — мяркуе сястра Максіма Вінярскага.

Глядзець БТ няма калі

Брыгады ачысткі кабэляў ад ізаляцыі працуюць па чарзе ці то ў дзённую, ці то ў вячэрнюю зьмены. З гэтай прычыны рытм жыцьця вязьня пастаянна мяняецца.

«Максім, прыкладам, ня можа рэгулярна наведваць бібліятэку з прычыны частага несупадзеньня зьменаў. Гэта яму ня вельмі падабаецца, бо ён бяз кніг не ўяўляе жыцьця. А ў іншым — на пабытовыя праблемы ці на харчаваньне — не наракае. Ставіцца да ўсіх выпрабаваньняў мудра: значыць, трэба запасьціся цярпеньнем і перачакаць», — кажа сястра палітвязьня.

Таксама жанчына падзялілася зьвесткамі ад брата пра побыт у ягоным атрадзе. Па яе словах, у атрадзе ёсьць лядоўня, дзе можна захоўваць частку прадуктаў, і камора, дзе захоўваюцца асабістыя рэчы і тое, што доўга не псуецца. У тумбачцы дазваляецца трымаць толькі мінімум рэчаў — пачак цыгарэт, шакалядку, 2-3 асадкі, сшытак, мінімум гігіенічных сродкаў. Кожную рэч — у вызначаным для яе месцы.

«Што да пэрспэктываў… Вядома, яму хацелася б выйсьці на волю раней, але пакуль ён ня бачыць прычынаў на гэта спадзявацца. БТ глядзіць нячаста, бо няма калі, але ведае апошнія падзеі ды ацэньвае іх цьвяроза. Аб прапановах пісаць прашэньне пра памілаваньне нічога не казаў. Думаем, ён бы і не пагадзіўся», — гавораць блізкія Максіма Вінярскага.

Стадыён адкрыты для наведваньня, але ў пэўны час

Паводле Вінярскага, усім асуджаным у калёніі «Віцьба-3» дасяжныя спартовыя практыкаваньні на стадыёне. Але пры адной умове — калі вызначаны раскладам для атраду час супадае з вольным часам арыштанта. Падчас заняткаў спортам можна насіць адмысловую спартовую вопратку — чорны касьцюм без эмблемаў ды малюнкаў і чорныя красоўкі.

Спрабуючы даведацца пра калёнію болей, сваякі Максіма Вінярскага шукалі інфармацыю ў сеціве. Такім чынам даведаліся, што ў калёніі могуць рабіць «дзень адчыненых дзьвярэй» на ўзор тых, што бываюць у дзіцячых летніках. Але толькі для атраду, які ня мае парушэньняў дысцыпліны. Тады сваякоў запрашаюць паглядзець тэрыторыю калёніі, паслухаць канцэрт.

«Пабачыцца зь вязьнямі не праз шкло, а ў залі — таксама радасьць, мы пра яе марым, і Максім таксама. Але ці атрымае ягоны атрад такую магчымасьць, пакуль ня ведаем. Нас папярэдзілі, што гэта залежыць ад вялікай колькасьці абставінаў і ад рашэньня адміністрацыі», — кажуць сваякі Максіма Вінярскага.

Зьбіраецца парадаваць калядныя падарункі пляменьнікам

У мінулыя гады актывіст «Эўрапейскай Беларусі» Максім Вінярскі некалькі разоў сустракаў Каляды і Новы год за кратамі. Але гэта было ў ізалятары на Акрэсьціна, у калёніі ж яму давядзецца сустракаць навагоднія сьвяты ўпершыню. Ці ёсьць розьніца? Сваякі палітвязьня адзначылі як мінімум адну — з Акрэсьціна можна даслаць родным толькі віншавальную паштоўку ці ліст, а ў калёніі «Віцьба-3» у вязьняў ёсьць магчымасьць таксама адправіць дзецям як калядны падарунак цукеркі.

«У Максім Вінярскага чацьвёра пляменьнікаў, і ён настроены парадаваць дзятву», — дзеляцца сваякі актывіста. Вязьні калёніі, у якіх у сям’і няма дзяцей, могуць паслаць падарункі ў дзіцячы дом.

Дзьве жоўтыя адзнакі: на грудзёх і на рукаве

Як і іншыя вязьні, асуджаныя за ўдзел у пратэстах, Максім Вінярскі мае статус «схільнага да экстрэмісцкіх дзеяньняў», што пазначана на ягонай турэмнай вопратцы. Падчас спатканьня Алена заўважыла на вопратцы брата ажно дзьве адзнакі жоўтага колеру. Гэта бірка на грудзёх, на якой пазначаны артыкул і дата меркаванага вызваленьня, і яшчэ жоўты трыкутнік на рукаве.

Паводле Алены, апроч штодзённай ранішняй і вячэрняй праверак, ейнага брата і іншых «схільных да экстрэмізму» дадаткова правяраюць на тэрыторыі калёніі ці ня тры разы.

«Казаў, аднойчы ўсіх такіх вязьняў, як ён, вадзілі на дадатковыя работы, але што дакладна рабілі, не паведаміў», — дадала сястра Максіма Вінярскага.

Скайп не для ўсіх

Як адбываецца камунікацыя палітвязьня са сваякамі? Сваякі гавораць, што ліставаньне з Максімам фактычна часткова абмежаванае. «Маміны лісты даходзяць добра, мае ды іншыя часта не даходзяць. Ліст зь Менску ідзе ў Віцебск 8-10 дзён», — падзялілася сястра палітвязьня.

Таксама жанчына згадала, што брат ужо атрымаў дазвол на тры тэлефонныя размовы штомесяц па 10 хвілін — гэта звычайная норма для вязьняў калёніі. «А вось размоваў праз скайп яму пакуль не дазвалялі, магчыма, якраз за „схільнасьць да экстрэмізму“. Іншым катэгорыям вязьняў у гэтай калёніі даюць званіць праз скайп (тады можна бачыць суразмоўцу), але не такім, як наш Максім», — шкадуе сястра актывіста «Эўрапейскай Беларусі». — Ды, спадзяёмся, зь цягам часу нешта можа зьмяніцца«.

Актывіста «Эўрапейскай Беларусі» Максіма Вінярскага сёлета ў канцы студзеня на здымнай кватэры затрымалі супрацоўнікі ГУБАЗіК. У кватэры актывіста, як паведамляла міліцыя, знайшлі бел-чырвона-белыя налепкі ды іншую сымболіку, балёнчыкі з аэразольнай фарбай. У траўні Магілёўскі абласны суд асудзіў Максіма Вінярскага на 5 гадоў зьняволеньня за падрыхтоўку да ўдзелу ў масавых беспарадках. У той самай справе асудзілі лідэра БХД Паўла Севярынца, актывістаў Ірыну Шчасную, Яўгена Афнагеля, Паўла Юхневіча, Андрэя Войніча, блогера Дзьмітрыя Казлова. Усіх іх на той момант праваабаронцы залічылі да палітвязьняў. Ніхто зь фігурантаў справы не прызнаў віны, а спроба абскардзіць вырак у Вярхоўным судзе аказалася марнай.

Leave a Reply

Your email address will not be published. Required fields are marked *