«Хто робіць свет лепшым? Ідэалісты»

Размова пра Нобелеўскую прэмію Алеся Бяляцкага.

Алесь Бяляцкі, беларускі праваабаронца, лаўрэат Нобэлеўскай прэміі міру, больш за год знаходзіцца ў зняволенні, як і яго калегі з праваабарончага цэнтру «Вясна». Для родных палітвязняў гэта таксама вялікае выпрабаванне. «БАЖ» паразмаўляў з Наталляй Пінчук, жонкай Алеся Бяляцкага, пра цану высокай міжнароднай адзнакі, вернасць ідэалам і месца сілы нобелеўскага лаўрэата.

«Ён проста жыве, як разумее»

— У 2021 годзе было відавочна, што агульная сітуацыя пагаршаецца. Ці размаўлялі вы з Алесем пра гэта, пра магчымыя варыянты яго дзеянняў?

— Ці чакалі арыштаў? Зразумела, Алесь ведаў пра магчымае развіццё падзей. Ды і не толькі ён. Усе гэта разумелі. І размовы былі пра гэта, і не толькі са мной. Сітуацыя вымушала яго прыняць рашэнне. Алесь ад самага пачатку сказаў, што нікуды не з’едзе. На той момант ужо былі арыштаваныя яго калегі-праваабаронцы. Немагчыма было з’ехаць, кінуць людзей. Ён адчуваў адказнасць, маральную адказнасць за людзей, таму заставаўся ў Беларусі, па сутнасці ў чаканні арышту.

Праваабарончы цэнтр «Вясна» паўстаў у 1996 годзе. Алесь Бяляцкі стварыў яго ў тым ліку з людзьмі, якія да гэтага працавалі з ім і пад яго кіраўніцтвам у музеі Максіма Багдановіча. То бок з некаторымі калегамі яго звязвае больш за дваццаць гадоў сумеснай працы.

Вось як Алесь Бяляцкі пісаў у эсэ пра гісторыю стварэння праваабарончага цэнтру «Вясна» ў 1996 годзе:

«Напалоханыя грамадскай актыўнасцю ўлады пачалі перашкаджаць нават у правядзенні чыста культурніцкіх акцыяў. Так, 25 траўня ў дзень памяці Максіма Багдановіча каля ягонага помніка, дзе традыцыйна збіраліся людзі і музей Максіма Багдановіча праводзіў імпрэзу з выступамі і музычнай часткаю, былі затрыманыя некалькі чалавек, а на мяне, на той час яшчэ дырэктара музею Максіма Багдановіча, як на арганізатара «несанкцыянаванай акцыі» склалі пратакол і спрабавалі асудзіць. Такі быў пачатак дзейнасці праваабарончага цэнтра «Вясна».

Канчаткова рашэнне пра стварэнне самастойнай праваабарончай арганізацыі наспела неўзабаве, калі на адным з мітынгаў я падышоў да кіраўнічкі Беларускага Хельсінкскага камітэта Таццяны Процька і спытаўся, чаму яны не дапамагаюць матэрыяльна Славаміру Адамовічу, які на той час сядзеў ужо ў віцебскім СІЗА. Хельсінкскі камітэт быў яшчэ зусім малады. Ён стварыўся ўвосень 1995 года. У Славаміра была адна толькі маці, якая жыла на вёсцы і не мела істотных матэрыяльных даходаў. Натуральна было, што яго трэба было падтрымліваць перадачамі. Таццяна адказала, што Хельсінкскі камітэт ставіць больш шырокія задачы і не займаецца індывідуальнай дапамогай сядзельцам.

На гэтым жа мітынгу я пахадзіў сярод удзельнікаў і пазбіраў грошы на дапамогу Славаміру. Там жа знаходзілася і ягоная маці. Усе сабраныя грошы былі перададзеныя ёй. А я вырашыў, што калі Хельсінкскі камітэт не лічыць патрэбным гэтым займацца, значыць, гэтым будзем займацца мы. Таксама ад самага пачатку я пачаў ствараць хроніку рэпрэсаваных, першы варыянт якой з’явіўся ў кніжцы «Мінская Вясна — 96», а затым яна рэгулярна папаўнялася ў «Беларускіх ведамасцях », якія на эміграцыі пачаў выдаваць Зянон Пазьняк.

Фіксацыя парушэнняў правоў чалавека стала адной з галоўных задачаў ПЦ «Вясна». Пасля некалькіх месяцаў працы Таццяна Процька прапанавала мне ачоліць Мінскую гарадскую арганізацыю БХК. Але, параіўшыся з Вінцуком Вячоркам, я вырашыў не кідаць спробы стварэння самастойнай праваабарончай арганізацыі. Як паказваюць апошнія пятнаццаць гадоў нашай дзейнасці, гэта быў правільны шлях».

— Сітуацыя ў нас не тая, каб быць проста функцыянерам, адпрацоўваць рабочы дзень з 9 да 18 і на тым сканчаць сваю працу, — каментуе стаўленне да справы жыцця Алеся Наталля Пінчук. — Тое, чым займаўся Алесь, канешне, вымагала вялікіх сілаў, гэта заўсёды быў ненармаваны дзень, а часам і ноч. Таму ён ствараў калектывы не проста аднадумцаў, а людзей, якія гэтак жа глядзелі на працу, на агульную справу і гэтак жа сама былі ей аддадзеныя. Мне здаецца, што толькі з такім падыходам і можна было нешта рабіць.

— Наталля, вы — жонка Нобелеўскага лаўрэата. Якая цана гэтай прэміі?

— Цана гэтай прэміі? Я б не казала пра цану прэміі, бо прэмію не зарабляюць, гэта хутчэй ацэнка дзейнасці Алеся і ўсіх праваабаронцаў. За гэтым стаяць адсідкі, турэмныя зняволенні. Журналісты падлічылі, што Алеся затрымлівалі больш за дваццаць разоў. Сумная статыстыка. Гэта цяжкая праца, гэта і ёсць яго жыццё.

Алесь Бяляцкі ўжо быў палітычным зняволеным. 4 жніўня 2011 года яго арыштавалі пасля таго, як Літва і Польшча перадалі ўладам Беларусі звесткі пра банкаўскія рахункі на сваёй тэрыторыі. Бяляцкага абвінавацілі ва ўтойванні прыбыткаў у асабліва буйным памеры. 24 лістапада 2011 года асуджаны Першамайскім раённым судом Мінска на 4,5 года калоніі ўзмоцненага рэжыму з канфіскацыяй маёмасці. Сваёй віны не прызнаў, заявіўшы, што ўсе грошы з рахункаў ішлі на праваабарончую дзейнасць. Краіны Еўрасаюзу, ЗША і міжнародныя праваабарончыя арганізацыі прызналі палітвязнем, а прысуд — палітычна матываваным. Адбываў пакаранне ў жодзінскай турме і бабруйскай калоніі. Вызвалены праз амністыю.

«Ён (Алесь. — Рэд.) ведаў, што можа трапіць за краты, яшчэ з 1983 года, калі пачаў прымаць удзел у дзейнасці маладзёжных суполак, якія ставілі сабе за мэту незалежнасць Беларусі. «Мне сказалі: «Хочаш змагацца за Беларусь? Мусіш тады вызначыцца, — узгадваў падзеі 80-х гадоў праваабаронца. — Ёсць хлопцы, і мы хочам змагацца за Незалежнасць Беларусі, але гэта небяспечна. У нас падпольная структура, і мы ўсё будзем рабіць патаемна. І змагацца за Незалежнасць», — згадвае ў эсэ да 20-годдзя «Вясны» пісьменніца, праваабаронца Паліна Сцепаненка.

«І ў мяне было адчуванне, што я не павінен згубіць»

З будучай жонкай, сваёй спадарожніцай Алесь Бяляцкі пазнаёміўся на вяселлі, куды студэнцкі гурт, у якім ён граў, запрасілі выступаць. Вось як Алесь Бяляцкі апісвае знаёмства з Наталляй Пінчук у кнізе «Бой з сабой»:

«Падчас танцаў пад магнітафон я пазнаёміўся з адной дзяўчынай у крэмавай сукенцы з кароткім рукавом, з коратка падстрыжанымі кучаравымі чорнымі валасамі. Мы таньчылі некалькі разоў пад павольную музыку. Як толькі гучаў павольны танец, я шукаў вачамі яе ў натоўпе, падыходзіў і запрашаў. Яна ўсьмешліва пагаджалася, і цяпер ужо пад нашымі нагамі мякка калывалася зямля.

Позна ўвечары, калі госьці паступова пачалі разыходзіцца, я павёў праводзіць яе дахаты. Яе клікалі Наталя, ёй было 18 гадоў, яна была стрыечнай сястрой маладога, таму і прыйшла на вясельле. Яна вучылася ў лоеўскай педвучэльні на настаўніцу малодшых класаў. Мы прагулялі па ціхіх цёмных лоеўскіх вулічках і працалаваліся ўсю ноч. Наталя была ціхай і маўклівай, усё больш пасьміхалася, гаварыў пераважна я і пра штосьці ў яе распытваў. Тады яна адказвала на мае пытаньні.

…Праз шыбу я махаў дзяўчыне, зь якой пазнаёміўся, таньчыў і цалаваўся ўсю ноч. Яна пасьміхалася мне ў адказ. І ў мяне было адчуваньне, што я губляю штосьці такое, што я не павінен згубіць».

Наталля і Алесь ажаніліся праз пяць год.

У ранейшых інтэрв’ю Наталля Пінчук распавядала, што яе бацька, партыйны работнік, постфактум даведаўшыся пра шлюб і выбар дачкі папярэдзіў пра небяспеку саюзу з Алесем. Чаму ж не паслухала, бо словы былі ў нечым прарочымі?

— Сама пра гэта думала, спрабавала даць адказ. Ёсць ідэалізм юначы, разуменне, што ўсё можа выправіцца і скласціся найлепшым чынам. У юнацтве ёсць вера, што можна нешта змяніць вакол сябе.

— Алесь застаўся верны сваім юнацкімі ідэаламі?

— Думаю, так. А хто робіць свет лепшым? Ідэалісты. Не? Калі падлічваць цяжкасці, то яны ёсць. Гэта плата за свае імкненні, ідэі. Але ў Алеся гэта ўсё натуральна. Як дыхаць. Ён не ўяўляе сваё жыццё без Беларусі, без мовы, свабоды, без тых каштоўнасцяў, якія ёсць для яго арыенціры, і якім ён ніколі не здраджваў. Гэта ўсё неад’емна ад яго асобы, яго самасць.

Вытрымка з кнігі «Наша Вясна», 2012 г.: «Я ж сваю грамадскую дзейнасць пачаў яшчэ ў часы Савецкага Саюзу, калі мы стваралі так званыя не фармальныя абʼ яднанні студэнцкай моладзі. Я маю на ўвазе першую і другую палову 80-х. У незалежніцкім падпольным руху я з 82-га года, фактычна з 20 гадоў. Калі праглядаеш нашы праграмныя дакументы, то бачна, што ставілася задача — дабіцца дэмакратычнай незалежнай Беларусі, у якой бы паважаліся правы чалавека. Для мяне вельмі важным ужо тады было разуменне: не можа быць Беларусі без дэмакратыі і не можа быць правоў чалавека без незалежнай Беларусі. Гэта для нас мо на звязана гістарычна, таму што на працягу апошніх некалькіх сотняў гадоў любыя папярэднія ўлады мэтанакіравана знішчалі беларусаў як народ, знішчалі беларускую культуру».

— Наталля, што вас трымае цяпер, у змрочныя час?

— Трымаюць людзі. Блізкія сябры, сяброўкі, якія маюць досвед падобных цяжкасцяў. Мы пазнаёміліся і сышліся падчас першага зняволення Алеся, родных гэтых людзей. Разам праз гэта прайшлі, разам радаваліся вызваленням. І вось цяпер мы зноў разам. Бяда зноў напаткала нашых блізкіх. Трымаем адзін аднаго. Без блізкіх людзей перажыць гэта было б цяжка.

— Алесь Віктаравіч любіць сваё лецешча, у яго вялікая калекцыя кветак, нехта даглядае цяпер гэтую гаспадарку?

— Так, як Алесь даглядаў зямлю і вырошчваў кветкі, ніхто не зможа! Ен у вязненні, а яго кветкі, нягледзячы ні на што, прабіваюцца і квітнеюць.

— Можаце распавесці, пра ваша «месца сілы», можа быць, гэта недзе ў Мінску?

— Не, гэта зноў-такі лецішча. Асабліва для Алеся. Гэта тое, месца, дзе ён мог пераключыцца, набрацца сілаў. Зямля яму давала гэтыя сілы. Я не так гэта адчуваю, але што зробіш (смяецца). Я там бывала, бо гэта месца Алеся. Разам нам там добра. Але гэта ўсё яго. Увесь гарод, зямля перабраная яго рукамі. Усё, што там расце і квітнее, — гэта толькі заслуга Алеся.

Дарэчы пра зямлю. У юнацтве мы захапляліся раскопкамі, ездзілі на іх асобна і разам. Са сваім археалагічным досведам Алесь уважліва перабіраў грунт, знайшоў шмат аскепкаў глінянага посуду, нават пячатку, якая пазначала жыхарства гэтага мястэчка і знак памежнай аховы. Пазней ён зрабіў невялікую экспазіцыю на сцяне са знойдзенага. Зямля яго радавала шмат у чым.

Leave a Reply

Your email address will not be published. Required fields are marked *