Генадзь Коршунаў: Беларусы гатовыя паўтарыць пратэсты, але больш рашуча

Рэвалюцыя 2020 году не толькі запомнілася як нешта велічнае.

Выданне «Салідарнасць» абмеркавала са старшым даследчыкам Цэнтра новых ідэй Генадзем Коршунавым, як змяніліся за 2022 год беларусы і краіна.

Значная частка беларускага грамадства ўнутры краіны, зазначае Генадзь Коршунаў, вымушана перайшла на «партызанскі» рэжым:

— Чымьсці гэта нагадвае дысідэнцкі рух, які быў у Савецкім Саюзе, калі ты мусіш прыхоўваць тое, што ты думаеш, што ствараеш і пішаш. Тым не менш, гэты рух, кропкай адліку якога застаецца 2020 год, даволі магутны.

Мы рабілі даследаванне па калектыўнай траўме грамадства, і адзін з яго вынікаў — тое, што 2020-ы застаецца жывым у эмоцыях і ў памяці людзей.

Для мяне было здзіўленнем, што 2020 год не толькі запомніўся як нешта велічнае, але і што ў ім няма расчараванняў. Людзі кажуць: паўтарылі б тое, што было, і нават былі б больш актыўныя; бачаць гераічныя сэнсы тых падзей. Гэта вельмі моцная штука, якая захоўвае патэнцыял нацыянальнага самавызначэння.

У гэтым сэнсе, думаю, старонка не перагорнутая і наўрад ці перавернецца, прынамсі для тых, хто прымаў удзел у пратэстах ці ім спачуваў.

Праявы гэтага мы бачым дасюль, асабліва ў партызанскім супраціве — згадаем «рэйкавых партызан», якія супраціўляліся прыходу расейскіх войскаў. Дый зараз, якімі б ні былі рэпрэсіі і які б невымерны ціск не рабілі ўлады, інфармацыя аб тым, што робяць расейцы, паступае прынамсі ў маніторынгавыя групы.

Таму хацелася б вельмі падзякаваць тым, хто застаецца ў Беларусі, хто захоўвае сябе і знаходзіць сілы супраціўляцца рэжыму.

Leave a Reply

Your email address will not be published. Required fields are marked *