Паліна Шарэнда-Панасюк даслала з-за кратаў казку для сыноў

Кранальная гісторыя.

Два тыдні таму разам з паштоўкай-віншаваннем старэйшаму сыну на волю прабіўся і падарунак для яго — невялікае апавяданне, піша муж палітзняволенай Паліны Шарэнды-Панасюк Андрэй Шарэнда. Перадрукоўваем апавяданне цалкам.

Майму сыну Славаміру Вітаўту ў дзень яго 14-годдзя. Не маючы як падарыць падарунак фізічна, я дару яго табе Словам.


Чаму кіты выкідваюцца на бераг?

Ты, пэўна, чуў аб гэтых велічных насельніках акіянскіх глыбінь. Усё жыццё яны праводзяць пад вадою, там нараджаюцца, жывуць, кормяцца, пераадольваючы тысячы і тысячы кіламетраў.

Мільёны год кіты жывуць у вадзе, але раз-пораз Зямлю аббягае навіна, што кіт або кітовы статак выкінуўся на бераг. Чаму гэта так, дакладна ніхто не ведае. Навукоўцы маюць шмат тэорый, ды ніводная з іх не дае вычарпальнага адказу. А можа, таму кіты выкідваюццца на бераг, што…

У цёплай глыбіні акіяну плыў кітовы статак. Велічна і нетаропка калыхаліся хвасты-ветразі. Вёў статак стары амаль трыццаціметровы гігант.

Ён плыў і сніў сон. У яго не цела рыбы, а чатыры лапы і кудлаты хвост, вострыя вушы, прыціснутыя да галавы, доўгая пыса з вострымі зубамі, каб ямчэй хапаць рыбу.

Ён хутка перабірае лапамі — трэба спяшацца. Паляванне было ўдалае, ягонае цела прыстасаванае паляваць на рыбу, і таму бруха поўнае. Трэба спяшацца дахаты, да нары. Нара ў лесе, пад каранямі вялікага дрэва, цёплая, сухая, утульная. Гэтую нару яны з самкай вырылі ўдваіх у лясной глебе летась, а цяпер яна чакае яго там разам з чатырма іхнімі шчанюкамі.

Звер з чатырма лапамі востра адчувае пах роднага лесу, смалісты, духмяны. Ён прывядзе яго да нары, а там такі родны пах самкі і шчанюкоў. Яны яшчэ смокчуць малако, але патроху пачынаюць есці рыбу. Трэба спяшацца накарміць іх. Яны галодныя! Яны так даўно чакаюць на яго, так даўно!

Ён пачынае хутчэй перабіраць лапамі ў вадзе. Зараз, хутка! Ужо чуваць шоргат і плёск хваль аб знаёмы бераг. Вось зараз ён выскачыць на прыбярэжны пясок, які зарыпіць і запружыніць пад падушачкамі лап. Абтрасецца, пачынаючы з галавы і заканчваючы кудлатым хвастом.

Амаль сухі! Скачок, другі, і ён цалкам хаваецца ў густой высокай траве. Трава пяшчотна пагладжвае ягоную поўсць, казыча бруха. Зараз, зараз, яшчэ пару скачкоў — і пачнецца знаёмы лес, дрэвы. Ён імчыць да нары па лясным подсціле, сонца зноў грэе ягонае цела і пяшчотна зіхаціць у вочы. Як добра зноў бегчы па зямлі! Так і будзе! Спевы птушак, валтузня кузурак, шум лістоты ды ігліцы, ласкавыя шчанюкі.

Дамоў, дамоў, на зямлю, на бераг! Вялізны кіт, які забыўся, што мільёны гадоў таму страціў свае лапы і хвост, імчыць да ўтульнага берагу. Вось зараз, скачок!

На наступны дзень ізноў з’явілася навіна, што статак кітоў выкінуўся на бераг.

Leave a Reply

Your email address will not be published. Required fields are marked *