Міністр Марыюш Камінскі правёў прэс-канферэнцую каля плоту на польска-беларускай мяжы

Шэф Міністэрства ўнутраных спраў Польшчы звярнуўся таксама да беларусаў Падляшша.

Пад плотам, які падзяляе польска-беларускую мяжу, прайшла прэс-канферэнцыя, у час якой Марыюш Камінскі падкрэсліў, што прадстаўнікі пагранічнай службы, войска і паліцыі вельмі добра падрыхтаваныя, паведамляе «Радыё Рацыя».

Міністр таксама спаслаўся на правакацыі, звязаныя з групай «Вагнер», запэўніўшы, што Польшчы з іх боку нічога не пагражае.

Шэф Міністэрства ўнутраных спраў і адміністрацыі, якая займаецца справамі нацыянальных меншасцяў, звярнуўся таксама да беларусаў Падляшша.

– Акурат так склалася, што наша беларуская меншасць, каля 50 тысяч нашых грамадзянаў, пражываюць на Падляшшы. Хачу ім пераказаць вельмі сардэчнае прывітанне. Хачу каб памяталі, што яны з’яўляюцца такімі ж грамадзянамі, як іншыя. Вельмі хочацца, каб павялічаную колькасць службовых асобаў і вайскоўцаў, якія зараз тут знаходзяцца, мясцовыя жыхары трактавалі як сваіх вайскоўцаў. А калі ў жыхароў Падляшша ёсць нейкія праблемы, то нашыя службовыя асобы і вайскоўцы могуць ім дапамагчы ў самых складаных сітуацыях.

У прэс-канферэнцыі прынялі таксама ўдзел Галоўны камандуючы Пагранічнай службай генерал-маёр Томаш Прага і Камендант аддзела Падляшскай памежнай аховы генерал Анджэй Якубашэк.

Leave a Reply

Your email address will not be published. Required fields are marked *