Андрэй Саннікаў і Януш Гаўрылюк пра фільм «Такога кшталту надзея»

Дакументальная стужка датычыць найноўшай гісторыі Беларусі.

У польскай Гайнаўцы паказалі стужку «Такога кшталту надзея» Паўла Січэка ў межах фестывалю Bulvbamovie. У гасцях Радыё «Рацыя» пабывалі герой гэтага фільму Андрэй Саннікаў, каардынатар грамадзянскай кампаніі «Еўрапейская Беларусь», былы намеснік міністра замежных спраў Беларусі, а таксама дырэктар кінафестывалю Bulvbamovie Януш Гаўрылюк.

РР: Гэта толькі пачатак, наперадзе іншыя гарады, іншыя фільмы. Чаму цяпер, напрыканцы сакавіка?

Януш Гаўрылюк: Гэта невыпадковы тэрмін, бо ў панядзелак беларускае свята Дзень Волі 25 сакавіка. Атрымалася добрая нагода, каб паказаць на Падляшшы менавіта гэты фільм. Адзін са стваральнікаў гэтага фільму – гэта Ірэк Пракапюк, які жыве на Падляшшы. Гэта першая рэч. Другая рэч, гэта тое, што фільм датычыць найноўшай гісторыі Беларусі. Павел Січэк паказаў гісторыю Беларусі праз Андрэя Саннікава. Таму мы вырашылі паказаць гэты фільм на Падляшшы.

РР: Фільм прэзентавалі ў Гайнаўцы, але вы там былі не першы раз?

Андрэй Саннікаў: Не, не першы раз. Першы раз я быў на пачатку 1990-х, калі ў нас яшчэ не было паўнавартасных адносін з Польшчай. Але мы ўжо рыхтавалі базавыя дакументы гэтых адносін з Польшчай. Я якраз быў з дэлегацыяй, каб даведацца, што турбуе беларускую меншасць. Потым мы выказвалі гэтыя пытанні польскаму боку, каб яны былі адлюстраваныя ў нашых двухбаковых дакументах.

РР: Калі вы ехалі на Падляшша першы раз, што ведалі тады пра наш рэгіён?

Андрэй Саннікаў: Я настойваў, не толькі ў адносінах да Польшчы, але і ў адносінах да Літвы, каб меншасць называць аўтахтонамі, а не меншасцямі. Людзі тут жывуць ад веку.

РР: Мяне калісьці спыталі ў Менску: “А калі ты пераехаў у Польшчу? Ці бацькі твае?”.

Андрэй Саннікаў: Безумоўна я ведаю Сакрата Яновіча і іншых. Тады знаёміўся і з Латышонкам. Не думаю, што ён памятае, бо тады я быў маладым дыпламатам, які выконваў “чарнавую” працу.

РР: На гэтым тыдні фільм прэзентаваўся ў Лондане і Эдынбургу. Як яго ўспрынялі?

Андрэй Саннікаў: Вельмі добра ўспрынялі. Былі не толькі ангельцы і шатландцы, але і беларусы. Напрыклад, наш славуты рэжысёр Уладзімір Шчэрбань, якому вельмі спадабаўся фільм. Алег Сідорчык, іншыя людзі. Гэта было ў Ландане. У Эдынбурзе вельмі ўсцешаныя тым, што пасля паказу гэтага фільма і абмеркавання, адзін з рухавікоў эдынбурскага фестывалю Рычард Дэмарка, які ведае Беларусь, падтрымлівае Беларусь, які шмат чаго робіць для Беларусі, сказаў што ў гэтым годзе мы павінны засяродзіцца на Беларусі. Каб Беларусь была прадстаўлена на фестывалі ў Эдынбургу больш значна. Я лічу, што гэта цудоўны вынік аднаго паказу.

РР: Такія прэзентацыі, такія сустрэчы яны напэўна падымаюць беларускае пытанне?

Андрэй Саннікаў: Безумоўна. Мяне непакоіла і дагэтуль непакоіць, што добра ведаюць пра тое, што адбывалася ў нас падчас рэвалюцыі ў 2020 годзе, добра ведаюць, што такое Лукашэнка. Але ж няма разумення, наколькі важная Беларусь для міжнароднай бяспекі. Вось гэта я спрабую зараз даносіць.

РР: Чаго не хапіла?

Андрэй Саннікаў: У іх не хапіла палітычнай волі. Яны верылі, што Лукашэнку можна неяк перавыхаваць, можна з ім неяк дамовіцца, спрабавалі дамаўляцца, нават грошы прапаноўвалі. Ён не памяняўся з 1996 года, да 2020 года ніякіх зменаў не было. Мы гэта бачылі, яны – не.

Поўную гутарку слухайце ў далучаным гукавым файле:

Leave a Reply

Your email address will not be published. Required fields are marked *